А хто там ідзе?

Ад прыватызацыі Магілёўскага заводу штучнага валакна патыхае афёрай

У прэсе прайшла інфармацыя: Магілёўскі завод штучнага валакна, буйны вытворца віскозных валокнаў, поліпрапіленавай і поліэтыленавай плёнкі, можа стаць першым прадпрыемствам беларускай нафтахіміі, якое купіць нерасейскі капітал. Заводам зацікавілася фірма “United Technology Corporation” (UTC). Апроч уласнай вытворчасьці, яна мае вялізныя сувязі з найбуйнейшымі ягонымі трэйдэрамі. Доля UTC на сусьветным рынку віскозных валокнаў складае 8%, а сама гэтая фірма швайцарская — так пісалі газэты. Крыніцаю гэтых зьвестак стала Міністэрства эканомікі. А яно атрымала іх ад самой кампаніі.

Прыватызацыйная актыўнасьць у Магілёве супала з прызначэньнем новага мэра — В.Шорыкава. Рашэньне пра вылучэньне МЗШВ са складу магілёўскага аб’яднаньня “Хімвалакно” прыняў асабіста А.Лукашэнка падчас свайго візыту ў Магілёў у сакавіку гэтага году. Да красавіка бакі падрыхтавалі рамкавы праект інвэстыцыйнага пагадненьня. Як ні дзіўна, швайцарцы аказаліся больш згаворлівымі, чым якая-небудзь “Балтыка”: у адпаведнасьці з праектам інвэстар выказаў гатоўнасьць і сацыяльную сфэру падтрымліваць, і павялічыць колькасьць занятых на вытворчасьці.

Па вытворчасьці штучных валокнаў і нітак на душу насельніцтва ў сярэдзіне 90-х Беларусь была на 4-м месцы ў сьвеце, у паўтара разу перавысіўшы паказьнікі ЗША і Японіі. Мы вырабляем у 500 разоў больш гэтай прадукцыі, чым Расея.

Пры гэтым МЗШВ — стратнае прадпрыемства. Прадпрыемства завінавацілася пад 20 млн. даляраў, і сплаціць гэтыя даўгі сёньня няма чым. Сытуацыя ўскладняецца штогод. У заводу няма грошай, каб замяніць састарэлае абсталяваньне і вырабляць канкурэнтаздольную прадукцыю.

Асноўная прадукцыя заводу, віскозныя ніткі, толькі на 10% спажываецца ўнутраным рынкам. Рэшта ідзе на экспарт. З розных прычынаў у краінах былога Саюзу рынак для беларускіх штучных нітак адсутнічае.

Спробу мадэрнізаваць вытворчасьць поліэтылену зрабілі ў 1997 г., закупіўшы новую лінію для вытворчасьці поліпрапіленавай плёнкі ў нямецкай фірмы “Брукнэр”. Крэдыт на закупку — 24,8 млн. дойчмарак — выдаў нямецкі банк “Гермэс”. Меркавалася, што з улікам бурнага разьвіцьця харчовай прамысловасьці праект акупіцца недзе за чатыры-пяць гадоў, а надалей прадпрыемства будзе мець па 5 млн. даляраў прыбытку. Але пакупнікоў на плёнку для пакаваньня харчовых прадуктаў знайшлося мала, і праект праваліўся. Шмат хто перакананы, што сапраўднай прычынай гэтага сталася кепская праца маркетынгавых службаў. За мінулы год нерэалізаванымі засталіся 66% прадукцыі.

Цяперашнія патрэбы заводу ў інвэстыцыях на абнаўленьне вытворчасьці складаюць мінімум 14 млн. даляраў. Іх і прапанавала швайцарская фірма UTC, якая дэкляравала таксама гатоўнасьць узяць на сябе пазыкі па крэдыце перад банкам “Гермэс”.

Пра пэрспэктывы прыватызацыі гаварыць зарана, бо яшчэ невядома, якім будзе ейны мэханізм. Разглядаліся два варыянты. Згодна з адным, завод павінны былі здаць у бязвыплатную канцэсію на 7—10 гадоў. Другі шлях больш традыцыйны — акцыянаваньне і продаж кантрольнага пакету акцый. Аднак абодва варыянты павісьлі ў паветры. Урад прапануе UTC цягам 3—5 гадоў укладаць сродкі ў прадпрыемства, садзейнічаць продажу ягонай прадукцыі і толькі потым вярнуцца да тэмы ўласнасьці.

Затое выяўляюцца іншыя — проста таямнічыя рэчы. Аўтары гэтых радкоў паспрабавалі адшукаць інтэрнэт-сайт кампаніі, якая нібыта “кантралюе 8% сусьветнага рынку”. Такога не аказалася. Тады мы паспрабавалі адшукаць гэтую швайцарскую фірму ў бізнэс-каталёгах гэтае краіны. У даступных праз Інтэрнэт не адшукалі. Няма яе і ў тэлефонных даведніках Швайцарыі.

Прадстаўнікі фірмы UTC ад кантактаў з журналістамі “НН” адмовіліся. Але прызналі, што сайту кампаніі ў Інтэрнэце сапраўды няма. На самім МЗШВ журналістаў проста палохаюцца.

Дарадца прэзыдэнта канцэрну “Белнафтахім” па сувязях з грамадзкасьцю Віктар Азараў паведаміў, што ў канцэрне зьвесткі пра кампанію маюць, але па просьбе кампаніі інфармацыі не даюць у прэсу.

Супрацоўнікі МЗШВ, якія ня хочуць, каб іх імёны называліся, паведамілі нам: на заводзе ходзяць чуткі, што фірма на самой справе не швайцарская, а ўкраінска-швайцарская. Калі так, дык было б ясна, чаму мы так і не знайшлі яе сьлядоў у Швайцарыі. “Гэта так?” — спыталіся мы В.Азарава. Не, — адказаў ён. — У кампаніі UTC ёсьць акцыі на адным з прадпрыемстваў Украіны, адсюль, магчыма, і чуткі.

Што ж за сакрэтная такая транснацыянальная карпарацыя, якая займаецца “вытворчасьцю і рэалізацыяй віскозных нітак”? Што хаваецца за ўсім гэтым?

На прадпрыемства ідзе ўкраінскі, а не заходні капітал? За кампаніяй UTC стаіць нейкі расейскі дзерыпаска? Ці мы маем справу проста зь вялікім круцяльством? Чаму дзяржаўныя структуры распаўсюджваюць інфармацыю пра кампанію, якая, мякка кажучы, не да канца адпавядае рэчаіснасьці? Проста непрафэсійнасьць? Ці наўмыснае жаданьне стварыць выгляд, што да нас ідзе ня толькі расейскі, але і заходні капітал?

Мясцовыя магілёўскія газэты напісалі пра пляны ператварэньняў на прадпрыемстве ня больш, чым цэнтральныя. Тым часам па Магілёве паўзуць чуткі пра адваротнае — што прадпрыемства чакаюць вялікія, да траціны работнікаў, скарачэньні. А маўчаньне газэтаў журналісты недзяржаўных выданьняў тлумачаць па-свойму: у горадзе ходзяць чуткі, што ў кантролі над збытам прадукцыі “Хімвалакна” зацікаўленыя чачэнскія крымінальныя структуры. І ім, маўляў, была б недаспадобы зьмена цяперашняга становішча. Таму рэдактары лічаць за лепшае ніяк не рэагаваць на падзеі. Не таму, што нехта зьвязаны з чачэнцамі. Проста мясцовыя журналісты добра навучыліся зусім не закранаць тэмаў, “на якіх можна нарвацца не на тых”.

Негалосная, незразумелая прыватызацыя, выведзеная з-пад грамадзкага кантролю, абяцае нам яшчэ нямала падобных сюрпрызаў.

Сяргей Іваноўскі, Мікола Бугай

 

Завод штучнага валакна пачаў працаваць у 1930 г. як шаўковая фабрыка і набыў сваю цяперашнюю спэцыялізацыю пасьля вайны. Завод, які насіў тады імя Куйбышава, стаў асновай гарадзкой інфраструктуры Магілёва. Пасьля вайны аднаўленьне разбуранага гораду пачалося менавіта зь яго.

У 1950—70-я прадпрыемства было перапрафіляванае на вытворчасьць віскознага тэкстылю ды поліэтылену. Завод увайшоў у склад самага буйнога ў вобласьці аб’яднаньня “Хімвалакно”.

Незадаволеныя гэтым гігантам, асновай абласнога бюджэту, былі хіба эколягі, бо з-за выкідаў заводам у паветра серавадароду і серавугляроду Магілёў стаў самым нездаровым горадам Беларусі. Але “Хімвалакном” ганарыліся: трэці па велічыні завод такога кшталту ў Эўропе. Нават сёньня, пасьля скарачэньняў 90-х, там працуе 20 тыс. чалавек.

Пэўнасьць скончылася на пачатку 90-х. “Раптам” высьветлілася, што постсавецкія краіны аддаюць перавагу таньнейшай і больш трывалай штучнай “плёнцы для сасісак” заходняй вытворчасьці. На заводзе скарачалі аб‘ёмы вытворчасьці, звольнілі паўтары тысячы працаўнікоў — і ўсё ж год за годам канчаўся мільённымі стратамі.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0