надвор’е

То пячэ, то студзіць

Апошнія 5—6 гадоў штотравень Белгідрамэт паведамляе пра магчымыя прымаразкі. Прычым лічбы зь мінусам гучаць досыць сур’ёзныя. Вось і сёлета ў апошняй дэкадзе траўня некалькі дзён чакалі –5—6 0С на ўшчэнт асушаных палескіх балатах і трохі меней — на астатняй тэрыторыі краіны.

Замаразкі, праўда, аказаліся не такія моцныя. Яны пашкодзілі ў паўднёвых і цэнтральных раёнах бульбу ды агуркі, але нічога незвычайнага не адбылося. А пару гадоў таму чыноўнік ад сельскай гаспадаркі недзе пасьля “травеньскіх сьвятаў” кляўся, што ў краіне было да -14 0С, таму, маўляў, ураджаю не чакайце. Хоць такога марозу не бывае ня толькі ў траўні, але і ў другой палове красавіка. Відаць, мэтэаслужба час ад часу дае карт-блянш Мінсельгасхарчу.

Сёлета марозам асабліва не прыкрыешся, але ёсьць іншая, сапраўды сур’ёзная праблема — травеньскія ападкі. На Берасьцейшчыне і паўночнай Віцебшчыне людзкага дажджу не было цэлы месяц. І калі дадаць, што сьнег на поўдні сышоў яшчэ ў лютым, сытуацыя складалася ня лепшым чынам. Але цяпер, дзякуй богу, дажджы прайшлі. Суша 1963 і 1975 г. не паўтарылася. Ды бяда ўжо з дажджом: пры канцы мінулага месяца на Менскім узвышшы колькасьць ападкаў за суткі месцамі перакрывала месячную норму, якая вагаецца ад 45 да 65 мм. Такія ліўні на сухой дагэтуль глебе могуць выклікаць эрозію.

Юры Фралоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0