Прэзыдэнтура — апазыцыя 4:2

Дзейнасьць прэзыдэнцкай адміністрацыі аднолькава высока ацэньваюць лукашысты і незалежнікі, ніжэй — лібэралы

Мінула дзевяць месяцаў ад прэзыдэнцкіх выбараў — цэлы палітычны сэзон. Які расклад “турнірнай табліцы” атрымаўся ў выніку? Мы прапанавалі палітолягам і журналістам ацаніць дзейнасьць палітычных сілаў ад верасьня 2001 г. да траўня 2002 г. Экспэртамі выступілі рэдактар аналітычнага бюлетэню інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Аляксандар Класкоўскі, кіраўнік незарэгістраванага Цэнтру палітычнай адукацыі Андрэй Ляховіч, аглядальніца “Советской Белоруссии” Людміла Масьлюкова, палітоляг Уладзімер Мацкевіч, аглядальнік БТ Юры Пракопаў, аглядальнік радыё “Балтыйскія хвалі” Сяргей Харэўскі й прэзыдэнт грамадзкага аб’яднаньня “Сацыяльныя тэхналёгіі” Аляксандар Фядута. На нашу просьбу экспэрты пракамэнтавалі свае адзнакі.

 

Найбольшую колькасьць балаў набрала прэзыдэнцкая адміністрацыя. Прычым яе дзейнасьць аднолькава высока ацанілі як лукашысты (Ю.Пракопаў, Л.Масьлюкова), так і правацэнтрысты-незалежнікі (А.Ляховіч, С.Харэўскі). Гэта ў пэўным сэнсе сэнсацыя. Ніжэйшыя балы дасталіся адміністрацыі ад лібэралаў. Ю.Пракопаў ацаніў яе дзейнасьць у 4 з плюсам балы, паставіўшы ў заслугу “адзіныя тарыфы на энэрганосьбіты і чыгунку, новы дагавор па калектыўнай бясьпецы”. А Л.Масьлюкова паставіла адзіную ў апытаньні “пяцёрку”, за тое, што “разам з А.Лукашэнкам структура і пэрсона перамаглі на выбарах”. “Чацьвёрку” адміністрацыі “як інструмэнту аўтарытарнай дзяржавы” паставіў А.Ляховіч. А.Фядута ацаніў дзейнасьць адміністрацыі прэзыдэнта зь верасьня да лістападу 2001 г. на 4 балы, а ад сьнежня 2001 г. да траўня 2002 г. — на 1 бал. На яго думку, пры канцы 2001-га ня спраўдзіліся спадзяваньні на перамены ў палітыцы ўладаў. “Не адбылося сур’ёзных пераменаў ні ў эканоміцы, ні ў замежнай, ні ва ўнутранай палітыцы… Латыпаў і Князеў зрабіліся падобнымі да Замяталіна і ў нечым пераплюнулі яго: да “акасьцяненьня” беларускіх часопісаў нават Замяталін не дадумаўся б”, — мяркуе Фядута. С.Харэўскі сваю высокую ацэнку дзейнасьці прэзыдэнтуры тлумачыць так: “Жыць горш ня сталі. Палітычных вязьняў няма. Гарады пачысьцелі, падсабраліся. Зьдзяйсьняюцца маштабныя сацыяльныя праграмы. Крымінагенная сытуацыя пад кантролем. Менш сталі акцэнтаваць на ідэалёгіі (пасьля выбараў). У выніку сэлекцыі ўсё больш застаецца дзейных прафэсіяналаў, якія пасьпяваюць лявіраваць за думкаю “старшыні” і разам з тым штосьці рабіць”.

Другое месца палаты прадстаўнікоў па выніках апытаньня, мякка кажучы, зьдзіўляе. Бязвольны і нелегітымны орган, непрызнаны Захадам, які не прыняў за 9 месяцаў ніводнага прынцыповага рашэньня, якое б хоць на каліва супярэчыла ўстаноўкам выканаўчае ўлады. Які не прапанаваў сам, лічы, ніводнага закону, млява парафуючы акты, прысыланыя ад прэзыдэнта. Уся “апазыцыйнасьць” малалікае групы “кіраваных апазыцыянэраў” у ім разьлічаная на Захад. Гэтае другое месца — перамога прапагандысцкага апарату ўлады. Дарэчы, аглядальнікі ўрадавых СМІ самі прызнаюцца, што роля палаты прадстаўнікоў “абмежавана Канстытуцыяй”, як мякка пракамэнтавала свой бал Масьлюкова. Саўмін, дарэчы, атрымаў ад Масьлюковай “двойку”, бо “пры ім за квартал “лягла” эканоміка”, нуль балаў атрымаў савет рэспублікі, бо “візуе тое, што дала палата прадстаўнікоў” (палату, якая дае тое, што савет візуе, спн.Масьлюкова ацаніла на “4”). Нуль балаў ад Масьлюковай атрымалі, апроч установы Вайтовіча, толькі партыі Пазьняка і Шушкевіча. У чым жа прычыны няласкі аглядальніцы прэзыдэнцкае газэты да савету рэспублікі? Магчыма, прычына ў тым, што Вайтовіч іншы раз не баяўся супярэчыць прэзыдэнцкаму курсу — у справе адносінаў з Эўропай, рэформы Акадэміі навук. Таму й патрапіў у лік “апазыцыянэраў”.

Ю.Пракопаў паставіў палаце чатыры зь мінусам за “станоўчае варушэньне на “заходнім фронце”. А.Ляховіч называе палату “сымбалем парлямэнту, які па сутнасьці зьяўляецца квазіпарлямэнтам”. А.Фядута адзначае, што “калі такія радыкальныя прыхільнікі байкоту выбараў, як прафэсар Хадыка, пачалі цікавіцца тым, што адбываецца ў гэтым органе, і запамінаць асобных дэпутатаў па імёнах і прозьвішчах, калі выканаўчая ўлада супрацівіцца міжнароднаму прызнаньню ёю ж самой сфармаванага парлямэнту; нарэшце, калі запалохваць дэпутатаў прыходзяць старшыня КДБ і кіраўнік МЗС, значыць, гэты орган заслугоўвае пэўнай увагі”.

Сярод левых партый найбольшую колькасьць балаў набрала Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Народная грамада). Ю.Пракопаў адзначае яе актыўнасьць, ініцыятыўнасьць, “мірны Дзень Канстытуцыі”. А вось А.Ляховіч бачыць у яе дзейнасьці адно “пагоню за зьнешнімі эфэктамі пры адсутнасьці рэальнай працы на месцах”, а таксама адзначае “амбіцыі лідэра, якія некалькі разоў ужо ставілі пад пытаньне магчымасьць існаваньня кааліцыі дэмакратычных сілаў”. А.Фядута ж не шкадуе камплімэнтаў Статкевічу: “Ён здолеў адмежавацца ад карупцыі ў апазыцыйным асяродзьдзі; перайграў Караля і захаваў цэласнасьць партыі; выйшаў на міжнародную арэну з рэпутацыяй сур’ёзнага палітыка, вартага прымаць у сябе дзейнага прэм’ер-міністра NATOўскай краіны. Ягоных актывістаў ня білі і не саджалі: за ўсіх у чарговы раз адсядзеў ён сам, павышаючы ўласны рэйтынг”.

Партыя Міколы Статкевіча зьяўляецца ці не адзінай арганізацыяй, якая належыць да апазыцыі і адначасова гатовая да супрацоўніцтва з уладамі. Прадстаўнікі дзяржаўных СМІ адзначылі яе “канструктыўнасьць”, незалежныя экспэрты найперш бачаць станоўчы момант у пісьменным спалучэньні дзейнасьці партыі на “вуліцы” і ў міжнародных кантактах.

Аб’яднаная грамадзянская партыя, у адрозьненьне ад іншых беларускіх палітычных партый, умела спалучае працу на заходнім і ўсходнім кірунках. Менавіта гэтым АГП заслужыла папулярнасьць сярод незалежных экспэртаў і павагу з боку прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ. Акрамя таго, партыя на працягу палітычнага сэзону працягвала праводзіць і свае традыцыйныя вулічныя акцыі, якія хоць не адрозьніваліся шматлікасьцю ўдзельнікаў, але былі рэгулярнымі. На мінулым зьезьдзе АГП паставіла перад сваімі сябрамі канкрэтныя задачы і цяпер імкнецца разбудоўваць рэгіянальныя структуры. Таму ейнае чацьвертае месца па выніках апытаньня не зьдзіўляе. У АГП сярод правацэнтрысцкіх партый у гэтым сэзоне не было дастойных канкурэнтаў.

Нягледзячы на высокія адзнакі, Лібэральна-дэмакратычная партыя Беларусі застаецца загадкавай структурай, што і выявілася ў камэнтарах экспэртаў. А.Ляховіч закідае партыі “сувязь зь беларускімі спэцслужбамі”. Тады як Л.Масьлюкова бачыць галоўны вынік яе дзейнасьці ў тым, што ЛДПБ выставіла свайго лідэра кандыдатам у прэзыдэнты. Ю.Пракопаў адзначыў, што яе дзейнасьць “малапрыкметная”, а Ў.Мацкевіч кажа, што “галоўны вынік яе дзейнасьці — блеф”. С.Харэўскі лічыць, што, разам са станоўчымі момантамі, “непразрыстасьць даходаў і цьмянасьць біяграфіяў робяць гэтую партыю небясьпечнай: яе ўплыў (фэнамэнальны ў сьвятле прэзыдэнцкіх выбараў) можа быць скарыстаны ў любым кірунку”.

Правыя партыі палітычны сэзон прайгралі. На думку Л.Масьлюковай, БНФ “Адраджэньне” “пайшоў у маргіналы”, а КХП-БНФ “папросту не існуе”. Ю.Пракопаў зазначыў, што першы “ня быў заўважаны”, а пра другі “амаль не чуваць”. “У кіраўніцтва БНФ не хапіла сілаў нават на такое “касмэтычнае”, непрынцыповае прызнаньне ўласных памылак, на якое пайшла АГП”, — зазначае А.Фядута. А.Ляховіч лічыць, што хібай БНФ была “неэфэктыўная камунікацыя з насельніцтвам, няўлік спэцыфікі электарату”. Варта адзначыць роўна нізкія ацэнкі дзейнасьці БНФ “Адраджэньне” і КХП-БНФ з боку ўсіх экспэртаў.

Затое моладзевыя радыкальныя арганізацыі набралі даволі высокі бал. “Малады фронт” мае рэйтынг большы, чым БНФ “Адраджэньне”, а “Зубр” абышоў “Хартыю’97”. Нізкія ацэнкі атрымала актыўная напярэдадні леташніх прэзыдэнцкіх выбараў нацыяналістычная арганізацыя “Край”. Л.Масьлюкова такой арганізацыі наагул ня ведае, а Ю.Пракопаў зазначае, што апошнім часам “нават надпісы зьніклі”. Фядута ня бачыць розьніцы паміж “Краем” і “Зубром”, а Масьлюкова — паміж “Зубром” і “Маладым фронтам”. Харэўскі “Зубру” дае такую характарыстыку: “Ананімны, інсьпіраваны звонку суб’ект. Чужая зьява, не ўгрунтаваная на нашай глебе. Нацыяналісты? Не. Лібэралы? Не. Маладзёвая тусоўка? Хіба так, але вельмі прадказальная, кіраваная. Ніякіх уласных думак ці парываньняў. Крывое люстэрка БПСМ”. Аляксандар Фядута ў заслугу “Маладому фронту” ставіць фармуляваньне нацыянальнае ідэі: “Люблю Беларусь!”

Высокі рэйтынг Беларускай партыі жанчын “Надзея” абумоўлены прыхільнасьцю прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ да яе памяркоўнасьці, “жаноцкасьці”. Ю.Пракопаў адзначыў, што яна была “дастаткова заўважнай”, тады як У.Мацкевіч “нічога, акрамя згадак пра яе старшыню, ня чуў”, а на думку Аляксандра Фядуты, “партыя канчаткова зьвялася да спн.Палевіковай і яе некалькіх баявых намесьніц”.

У ацэнцы дзейнасьці дзьвюх экалягічных партый экспэрты былі практычна адной думкі. Ю.Пракопаў адзначыў, што яны “не рэалізаваліся ў публічнай палітыцы”, а Л.Масьлюкова піша, што гэтыя партыі разам зь Беларускай партыяй працы “варацца ва ўласным саку”. С.Харэўскі ацаніў экалягічныя партыі так: “Па ўсёй краіне дрэвы рэжуць, рыбу нішчаць, сьмеціць кожны як хоча проста ў сябе пад носам. Каб я пабачыў (хоць дзе) надпіс “Ня сьмеціць! Мы тут жывём!” за подпісам “БЭЗ”, паціснуў бы ім руку. Альбо каб сталі жывым ланцугом супраць высечкі лесу. Альбо каб стварылі добраахвотныя дружыны дапамогі лесьнікам і рыбнагляду (поле для дзейнасьці неабмежаванае). Хіба “вэртыкаль” ці “апазыцыя” былі б супраць? А так... Клюб па інтарэсах”.

Крызыс правага флянгу беларускай апазыцыі зацягнуўся. “Правыя” па-ранейшаму ня маюць ня толькі харызматычнага і папулярнага лідэра, але і новых ідэяў, новай стратэгіі. Рэй у беларускай апазыцыі ўжо вядзе не БНФ, а АГП. “Левыя” на чале з БСДП (НГ) М.Статкевіча пасьпяхова працуюць на “заходнім фронце”. Лібэралы з АГП імкнуцца спалучаць міжнародную дзейнасьць, канцэнтрацыю ў шэрагах партыі інтэлектуалаў ды вядомых людзей і працу з насельніцтвам. Але наколькі такое элітнае дзейнасьці дастаткова для перамогі на мясцовых выбарах?

Органы ўлады і кіраваньня атрымлівалі ацэнкі найперш як прыдаткі “палітычнага гульца №1”, а таксама аб’екты ягонай крытыкі. У такой сытуацыі самыя высокія балы, зразумела, дасталіся самым ляяльным, а самыя нізкія — патэнцыйным крыніцам апазыцыі.

Цікава, што экспэрты зь дзяржаўных СМІ, як і прадстаўнікі незалежных інстытуцый, ня маюць аднолькавай пазыцыі між сабой у дачыненьні да ўсіх апазыцыйных сілаў. Гэта сьведчыць пра тое, што працэс перагрупоўкі сілаў у беларускай палітыцы яшчэ не завершаны. Да жалю прадказальнымі заставаліся толькі ацэнкі прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ, якія высока ацэньвалі дзяржаўныя органы і вельмі нізка — нацыянал-дэмакратаў.

Апазыцыйныя структуры застылі на раздарожжы. У іх шэрагах адбываецца пэўны перагляд ранейшага жорсткага стаўленьня да рэжыму і ягоных органаў. У жорсткай апазыцыі да ўлады хутка могуць застацца толькі правыя і некаторыя палітычныя моладзевыя арганізацыі. А пазыцыі ўладаў пакуль вельмі моцныя. Настолькі моцныя, што курс на рэфэрэндум ня выключаны. Апазыцыя тым часам зьбіраецца на вакацыі, якіх, відавочна, не заслужыла.

 

Алег Тачоны


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0