Непаўторная музычная хімія

Гутарка з Роджэрам Уотэрзам

На cтадыёне Гвардыі ў Варшаве 7 чэрвеня адбудзецца канцэрт Роджэра Ўотэрза, аднаго з заснавальнікаў “Пінк флойд”. Ён напісаў бальшыню песьняў для такіх альбомаў гурту, як “Atom Heart Mother”, “Wish You Were Here”, “The Wall” ці “Dark Side of the Moon”. Апошні дыск, хоць з часу ягонае прэм’еры мінула 30 гадоў, штогод прадаецца ў колькасьці 2—3 млн. асобнікаў. У Варшаве Ўотэрз выканае таксама кампазыцыі з сваіх сольных альбомаў, кшталту “Radio K.A.O.S.” ці “Amused to Death”. Гэты музыка шмат гадоў не канцэртаваў у Эўропе. З нагоды сёлетняга туру выйшаў ягоны новы альбом “Flickering Flame” зь невядомымі вэрсіямі ранейшых кампазыцыяў, а таксама “Анталёгія тэкстаў і перакладаў” Уотэрза.

— Вы ня любіце выступаць на стадыёнах: падчас прэзэнтацыі “Dark Side of the Moon”, ня вытрываўшы тлуму й гвалту, нават плюнулі ў твар аднаму з найбольш агрэсіўных фанаў. Але ў Варшаве Вы абралі стадыён…

— Мая нехаць да канцэртаў на стадыёнах зьявілася ў 70-х ад агульнай стомленасьці жыцьцём у гурце, ад прадчуваньня ягонага распаду, а не таму, што я не люблю шматтысячных аўдыторыяў. Так, у Паўднёвай Амэрыцы я мусіў граць на стадыёнах, бо ладзіць імпрэзы для меншай колькасьці публікі там ня мае сэнсу. Шоў у Сан-Дыега сабрала 42 тысячы фанаў — гэта была найбольшая аўдыторыя ў маёй сольнай кар’еры. Але на канцэрце мы здолелі стварыць атмасфэру інтымнасьці, блізкага кантакту.

— Ці праўда, што Вы нядаўна сустракаліся з колішнім калегам па “Пінк флойд” Нікам Мэйсанам, зь якім пасьля выхаду з гурта кантактавалі толькі празь юрыстаў?

— Мы ня бачыліся 15 гадоў. Я падумаў, што гэта нонсэнс. На адным пікніку падышоў да Ніка ззаду і, як стары сябар, ляпнуў яго па плячы. Калі ён азірнуўся, дык ад зьдзіўленьня мала ня грымнуўся вобзем. Калі ачомаўся, запрасіў мяне на вячэру. Мы прыемна пагаварылі пра супольных знаёмых.

— Але пра “Пінк флойд” не гаварылі?

— Тэма ўсплыла сама сабой, пагатоў Нік піша кнігу пра “Пінк флойд”. Ён зьвяртаўся да мяне па дапамогу, за што я яму вельмі ўдзячны. Бо, пачаўшы ўспамінаць, мы высьветлілі, колькі ўсяго кожны з нас ня памятаў. Нік спадзяецца, што ў ягонай кнізе ня будзе ніводнай суб’ектыўнай пэрспэктывы, — ён правярае факт за фактам, даючы кожнаму магчымасьць выказацца. Працуе як салідны журналіст. Спадзяюся, і кніга атрымаецца салідная й вычарпальная.

— А як складаюцца Вашыя стасункі зь іншым калегам па “Пінк флойд” — Рыкі Райтам?

— Ён прыходзіў на адзін з маіх канцэртаў у Злучаных Штатах. Яму спадабалася, пасьля выступу ён знайшоў мяне ў грымёрцы, мы пагаманілі, выпілі. Было прыемна.

— А з Дэйвідам Гілмарам вы не падтрымліваеце сувязяў?

— Мы ня бачыліся колькі гадоў. Але да мяне ўвесь час даходзяць зьвесткі пра тое, што ён робіць. Нядаўна я чуў, што ад манумэнтальных канцэртаў ён перайшоў да больш камэрных. Адзін раз іграў у Лёндане, другі — у Парыжы. Прасіў згоды надрукаваць мае тэксты на DVD-дыску. Менавіта дзеля яго выданьня Дэйвід ладзіў тыя канцэрты. Ясная рэч, я даў згоду. Чаму не?

— Скажыце шчыра, Вы шанавалі таленты сваіх калегаў ці лічылі, што “Пінк флойд” — гурт аднаго музыкі, Роджэра Ўотэрза?

— Я заўжды падкрэсьліваў, што тую непаўторную музычную хімію мы стваралі разам. Ну, можа, унёсак мой і Дэйвіда Гілмара быў крыху большы, але бяз таленту Рыка і Ніка мы не стварылі б гурта, які даў людзям столькі музычнай радасьці.

— У ЗША разышлося больш за тры мільёны асобнікаў Вашага супольнага дыску “Echoes”. Але многім слухачам не спадабалася задума зьмешваць кампазыцыі з розных альбомаў гурта. Яны б аддалі перавагу храналягічнаму парадку.

— Я пратэставаў супраць такога складаньня альбому, але ня змог пераканаць. Не хацелася сварыцца, бо гаворка ішла пра кампазыцыі з двух альбомаў “Пінк флойд”, выдадзеных ужо безь мяне.

— Што Вы думаеце пра тыя альбомы?

— “Momentary Lapse of Reason” я слухаў толькі раз, мне спадабаліся дзьве кампазыцыі. Я ведаю гісторыю стварэньня альбому: хлопцам давялося паўтараць музычную сэсію, бо першы запіс наагул не нагадваў “Пінк флойд”. Сумна гэта. Другі альбом, “Division Bell”, не магу назваць іначай як “ужытковы”. Яго запісалі, бо трэба было мець нагоду для чарговага сусьветнага канцэртнага турнэ. Гэты альбом — сапраўднае музычнае сьмецьце. Дэйвід выдатны гітарыст, ён файна сьпявае, але я не лічу яго добрым кампазытарам. Няхай піша музыку для сваёй жонкі.

— Посьпех “Echoes” сьведчыць, што слухачы прагнуць новых кампазыцыяў “Пінк флойд”. Ці ня хочаце Вы аднавіць гурт?

— Усё мінае, людзкія повязі распадаюцца. Калі мы пісалі апошні супольны альбом “Final Cut”, нашыя музычныя і палітычныя прыхільнасьці розьніліся настолькі, што цяжка было казаць пра далейшае суіснаваньне.

— Ці слухаеце вы свае старыя альбомы?

— Я граю доўгія, па дзьве з паловай гадзіны канцэрты і таму шторазу мушу падбіраць рэпэртуар, каб прапанаваць фанам самае цікавае. Перад папярэднім турнэ 1999 г. я пераслухаў усе альбомы.

— Ня верыцца, што Вы ня памятаеце свайго найслыньнейшага альбому “Dark Side of the Moon”

— Вядома, памятаю, але вельмі люблю яго слухаць. Я ганаруся гучаньнем, якога мы здолелі дасягнуць. Шмат нашых альбомаў цікавыя ў музычным сэнсе, але гучаць жудасна. “Dark Side of the Moon” гэта ня тычыцца. Гэта насамрэч добры альбом!

Паводле “Rzeczpospolitej”


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0