Піт Паўлаў: “Вольскі нікому не дае сьпяваць”

Піт Паўлаў — адзін з самых харызматычных беларускіх рок-музыкаў. Сваім калярытам ён не саступае калегу Вольскаму, разам зь якім утварае на сцэне пярэдні край Незалежнай Рэспублікі Мроя. Адзін мой сябрук параўнаў яго неяк з Эджам — гітарыстам “U2”, які таксама на канцэртах працуе ў пары з Бона, адціскаючы ў цень басіста й бубнача. Зрэшты, на гэтым падабенства сканчаецца: музычныя густы ў Піта з Эджам дастаткова розныя і, самае галоўнае, не чуваць, каб апошні граў у нейкіх іншых праектах, апроч “U2”. Тым часам, Піт ужо пакінуў за плячыма “Крыві”, гурт Аляксея Шадзька, “Народны альбом”, “Я нарадзіўся тут”... Цяпер ён, паралельна з працай у “NRM”, робіць два ўласныя сольныя праекты. Такой прадукцыі на беларускім музычным рынку пакуль бракуе. На ўскідку згадваюцца хіба альбом “Жывем” Аляксандра Кацікава на вершы Ларысы Геніюш, выдадзены пад шыльдай “Песьняроў”, ды “Цацачная крама” Вайцюшкевіча. Адзін зь Пітавых праектаў — “Гарацкія” — ужо заяўлены сынглам з шасьцю песьнямі. На хвалях Беларускай службы радыё “Свабода” зь Пітам Паўлавым гутарыў Зьміцер Падбярэскі.

Піт Паўлаў: “Гарадзкія” — гэта слова, якім людзі карыстаюцца, яно існуе ў побыце, ёсьць нават такая фраза: “Пагналі нашы гарадзкіх”. Вось такі сэнс мы ўкладалі ў назву праекту, толькі што само слова напісанае адмыслова з памылкай. Бо часам мы ўяўляем сябе занадта гарадзкімі, забываемся нават, адкуль мы паходзім. А кожны гарадзкі мусіць разумець, што горад — вельмі ўмоўная рэч, асабліва сёньня, калі ў вёсцы можна мець кампутар і, падлучыўшыся да Інтэрнэту, не адчуваць ніякіх праблемаў з камунікацыяй. Горад — гэта проста месца, дзе ты тусуешся, жывеш, і болей нічога!

— Назва праекту ўплывае на музыку?

П.П.: Так! Мы робім такую ўрбаністычную музыку, яна прызначаная для выкананьня ў маленькіх клюбах, у канцэртных залях, можа выконвацца і на пленэрах. У ёй гарадзкая энэргія, асацыяцыі: асфальт, ліхтары, трамваі — гэта ўсё горад.

— І што, ніякае прывязкі да “роднага карэньня”?

П.П.: Як гэта? Хіба я мог ня выканаць у новым праекце народны твор? Усё сваё музычнае жыцьцё імкнуся спалучаць рокавую традыцыю зь нейкай аўтэнтычнай беларускай. Гэта чуваць яшчэ на першых альбомах “NRM”, дзе менавіта з майго пасылу былі зробленыя апрацоўкі народнай “Мела мамка тры сыночкі” ды іншых песень. Я ўвесь час імкнуўся ўкладаць у рокавыя песьні такія цытаты з фальклёру — імітаваць на гітары гучаньне дуды ці яшчэ нейкіх інструмэнтаў.

Цяпер мне ўжо больш цікава выкарыстоўваць сапраўдныя народныя інструмэнты: дарбуку (на ёй у “Гарацкіх” грае Масуд Талібані, наш беларускі курд), домру, мандаліну — на іх ужо я рэжу. Ліра ў праекце таксама будзе, магчыма, нават дуда, але ў мяне няма пакуль дуды. Цяпер вось нечакана зьявіўся ў нас такі інструмэнт, ён не традыцыйны беларускі, але акустычны — туба.

— Гэта замест бас-гітары?

П.П.: У “Гарацкіх” яны гучаць разам. У тубы вельмі аўтэнтычнае гучаньне, яно мне вельмі падабаецца.

— А тое, што Піт Паўлаў, які раней ня надта быў заўважны ў вакальным майстэрстве, тут сьпявае — гэта таксама частка агульнай задумы?

П.П.: Адна з галоўных! Я ўвесь час хацеў сьпяваць…

— А Вольскі не даваў…

П.П.: Вольскі нікому не дае побач з сабой сьпяваць. Трэ было неяк выйсьці з гэтай сытуацыі.

— Чаму сольны праект рабіўся бяз звыклых калегаў?

П.П.: Гэта таксама частка агульнай задумы. У мяне багата вучняў, багата інтарэсаў па-за традыцыйнай рок-тусоўкай… Часам мне гэтая тусоўка вельмі падабаецца, аднак яна дужа вузкая. Адны й тыя самыя твары, музыкі... Таму я наагул ня ўдзельнічаў у апошніх праектах Алеся Сушы — мне стала дзіка нецікава. Я вырашыў знайсьці новых людзей. Толькі адзін чалавек са старога атачэньня — Алезіс Дземідовіч — грае на бубнах у “Гарацкіх”, бо мне вельмі лёгка працаваць зь ім у творчым пляне. У яго ёсьць досьвед, якога няма ў мяне.

Наш басіст Лёша — зусім малады. Тыя, хто ходзіць у клюбы, могуць ведаць яго па гурце “Папэнкінз Бэнд”. Гэта зусім маладая кроў. Чацьверты музыка — гітарыст, як мы сьмяёмся — лідэр-гітарыст, — Дзяніс Савік.

— Ён што, самога Піта Паўлава адсунуў?

П.П.: Я б хацеў, каб ён мяне адсунуў. Каб я рабіў нейкі моцны гітарны рыф, а ўжо фарбы ўсе дадаваў бы лідэр-гітарыст…

— Ці ёсьць у Беларусі патэнцыйныя магчымасьці для стварэньня менавіта сольных праектаў і чаго можна наагул чакаць у гэтым напрамку?

П.П.: Глеба нераспрацаваная. Добрыя прыклады — гэта Вольскі, я. Сольна працуе Шадзько: ён стварае песьні сам ад пачатку да канца.

— Але аўтарства пазначанае “Аляксей Шадзько і гурт “Сястра”.

П.П.: Калі зьявілася “Сястра”, я і пайшоў ад Шадзька. Я не хацеў граць у тым гурце. Гэта халодныя прафэсіяналы найвышэйшага гатунку, якія толькі ўвасабляюць сольныя ідэі Аляксея Шадзька.

— Хто зь беларускіх музыкаў здольны нечакана стрэліць “сольнікам”?

П.П.: Памідораў робіць свой доўгачаканы сольны праект. У мяне вось робяцца два. Яны ідуць паралельна, але перавагу я аддаю “Гарацкім”…

— А які другі?

П.П.: Мы завём яго “Піт-Паф”. Граем канцэрцікі вельмі маленькім складам, фолькавыя песенькі ці зробленыя пад фольк, з акустычным гучаньнем і ў зусім іншым кірунку.

І хто там з табой?

П.П.: Таксама новыя ўсё твары. Ёсьць такі Андрэй Сапоненка, мы зь ім супрацоўнічаем вельмі даўно, яшчэ з часоў “Флэту”, я граў там амэрыканскі блюз і рок-н-рол. У мяне ён грае на дарбуцы. У маіх праектах гэты інструмэнт — галоўны, ён стварае груў музычны, само тло. І таму агульнае гучаньне атрымліваецца крыху ўсходняе. Можна, вядома, было рабіць, як кажуць, кансэрвы музычныя: кансэрваваць беларускую традыцыю. Найлепшы сярод калектываў, якія такімі рэчамі займаюцца, — “Ліцьвіны”. Але я так не магу і не хачу. Я на беларускую музычную этнатрадыцыю гляджу празь нейкія сучасныя сусьветныя тэндэнцыі. Гэта галоўная нашая задача — “Гарацкіх”, “Крыві”, “Тройцы”, “Піт-Пафу”, “Палацу”, “Юр’і” — абвесьціць на ўвесь сьвет ня толькі пра тое, што беларуская музычная традыцыя існуе, але й што гэта адна з самых цікавых на сёньня традыцыяў — бо не да канца распрацаваная і пакідае магчымасьць для творчасьці.

— Цікавейшая за ірляндзкую?

П.П.: Што там ірляндзкая! Яна ўжо выглядае як застольныя сьпевы, хоць напачатку гэта быў дастаткова арыгінальны музычны напрамак. А нашая музыка яшчэ існуе ў першабытным выглядзе, і любыя яе апрацоўкі выглядаюць так цікава, яны такія дзікія... Зрэшты, пераважная іх бальшыня рабілася ў межах саўдэпаўскай традыцыі… Самая ж старажытная хваля фальклёру наагул яшчэ не распрацоўвалася. А менавіта гэты фальклёр самы цікавы.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0