Вярнулася на Бацькаўшчыну

Натальля Арсеньнева. Выбраныя творы. — Менск: “Беларускі кнігазбор”, 2002.

 

Палітыканы савецкае гадоўлі могуць пырскаць сьлінаю ў бок “калябаранткі” Арсеньневай, але ейная “Малітва”, напісаная ў самы разгар другое сусьветнае вайны, будзе сьведчаньнем хрысьціянства й патрыятызму паэткі. Мусіць, дзіўнавата Ёй было чуць “Малітву”, сьпяваную на царкоўным сьвяце ці на грамадзкай імпрэзе. Мусіць, шчасьліва Ёй было, калі гэты гімн засьпявалі, бадай, ва ўсіх рыма- і грэка-каталіцкіх парафіях Бацькаўшчыны, калі першымі ягонымі словамі быў названы міжнародны фэстываль духоўнае музыкі ў Магілёве... Яна вярнулася на Бацькаўшчыну і ўжо ніколі ня будзе змушанаю пакінуць яе.

Беручы новы зборнік у рукі, людзі зьдзіўляюцца: Арсеньнева — наркамаўкаю? А чаму б і не? Пісала ж паэтка — у гурце зь іншымі творцамі — ад імя заходніх беларусаў ліст “найлепшаму сябру беларускага народу” (быў і такі тытул у Сталіна). Друкавалі ж яе творы наркамаўкаю ў зборніку “Туга па Радзіме. Паэзія беларускай эміграцыі” (Менск, 1992) і — непрацяглы час — у кніжках для школьнікаў.

Доўга чакалі мы такога — самага поўнага — зборніка. І за гэта падзякуем укладальніцы Лідзіі Савік. Ці хутка дачакаемся Збору твораў? З усімі вядомымі нам вершамі, перакладамі, зь лістамі, якія захоўваюцца ў публічных ды собскіх архівах.

Зборнік дае магчымасьць зрабіць пэўныя высновы што да гісторыі нашае літаратуры ХХ ст. У 30-х яе гонар ратавалі Максім Танк, Натальля Арсеньнева ды іншыя заходнебеларускія паэты, у першае паваеннае дзесяцігодзьдзе — паэты-эмігранты (тая ж Арсеньнева, Салавей, Сяднёў ды інш.), а таксама ўнутраная эмігрантка Ларыса Геніюш. Арсеньнева, якая, паводле Максіма Гарэцкага, была першаю сярод паэтаў Заходняе Беларусі, і Ўладзімер Жылка глядзяцца як роўныя з найлепшымі ўсходнебеларускімі раўналеткамі 20-х. А падчас другое сусьветнае вайны паэзія паднямецкай Беларусі аніяк не прайграе, а мо нават і выйграе ў паэзіі, паўсталай за лініяй фронту (чытайма зноў жа Арсеньневу, Геніюш, Салаўя, Тодара Лебяду ды інш.).

У гэтай кнізе надрукаваныя гутаркі з паэткаю і ейныя ўспаміны. Зь іх можна даведацца, як Арсеньнева ставілася да сваіх калегаў — Жылкі, Танка, Салаўя, Дубоўкі, Пушчы, узвышаўцаў наагул... Менавіта ў іхным шэрагу зьзяе яе імя.

Рэдкі выпадак: паэтка з сымпатыяй апавядае пра сваіх крытыкаў. Натальлі Арсеньневай на іх шанцавала зь першага кроку. Імёны якія: Максім Гарэцкі, Антон Луцкевіч, Антон Адамовіч! (Дарэчы, на месцы аўтаркі прадмовы, якая піша, што Луцкевіч не прымаў і не ўспрымаў творчасьці сваёй вучаніцы, я парупіўся б давесьці гэта цытатаю. Дый асьцярогся б ставіць у адзін шэраг зь ім Уладзімера Калесьніка.)

“І гэта ўсе заўвагі?” — папытаецца чытач. Ёсьць і іншыя. Датычаць яны й датаваньня твораў (так, верш “На матыў хаўтурнага маршу”, надрукаваны ў “Нашай Ніве” ў 1920 г., датаваны годам 1921-м), і камэнтароў (Хелмна, што ля Торуні, у кнізе атаясамляецца з Хелмам (Холмам) і падвышаецца да рангу ваяводзкага цэнтру). Але больш істотнае тое, што чаканая кніга выйшла, што яна можа дапамагчы ўкладальніку й камэнтатару Збору твораў выдатнае паэткі.

Анатоль Сідарэвіч

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0