Пустэча замест гімну

17 чэрвеня будзе зацьверджаны Дзяржаўны гімн Беларусі. Паўгадавыя пошукі галоўнай песьні скончыліся “тэлефонным плебісцытам”. У ім узялі ўдзел больш за 118 тыс. чалавек. Зь іх, паводле сьцьвярджэньня кіраўніцтва дзяржаўнае камісіі, 37437 аддалі перавагу варыянту В.Раінчыка—Л.Пранчака “Красуй, Беларусь”, 26279 галасоў атрымала песьня “Радзіма мая дарагая” (У.Алоўнікаў—А.Бачыла). Сярод трох тэкстаў, напісаных на музыку Н.Сакалоўскага, слухачы найбольш упадабалі Карызнаў (ён атрымаў 25636 галасоў). Варыянты З.Марозава й І.Карэнды падтрымалі адпаведна 15947 і 8688 чалавек. У цэлым 50271 чалавек (42%) аддалі перавагу музыцы Несьцера Сакалоўскага. Каля 5 тыс. чалавек прагаласавалі супраць усіх варыянтаў. Хоць большасьць апытаных выказалася за новыя гімны, “на зацьвярджэньне прэзыдэнту” быў перададзены варыянт Карызны-Клімковіча на музыку Сакалоўскага, які заняў у “індывідуальным заліку” толькі трэцяе месца.

Выбар гімну быў перадвызначаным папярэднім расейскім прыкладам (цікава, што было б, каб там узялі іншы?). Выбар дакладна адлюстроўвае пераходны пэрыяд у станаўленьні нацыі. Пераважыла жаданьне пакінуць стары гімн, “удасканаліўшы” словы. Але якраз дасканаласьць словаў выклікае найбольшыя сумневы. Тэкст перанасычаны заклікамі “слаўся”, “квітней”, “сьвяціся”, “жыві”. Ад гэтага верш робіцца патасным і аднастайным, бясконцыя прызнаньні ў любові да роднай зямлі толькі нівэлююць гэты панятак.

БССРаўскія “бітвы за волю”, “бітвы за долю” і “сьцяг перамог” згадваюцца . А вось “працоўных” з тэксту вычысьцілі. “К шчасьцю працоўных сонечны шлях” заменены на “Наш запаветны сонечны шлях”. Прыбралі з гімну і “братнюю Русь”, якая фігуравала некалі ў Міхася Клімковіча, а на першапачатковым этапе — і ў тэксьце Карызны. Нехта цьвёрдаю рукой замяніў яе на “Мы — беларусы — мірныя людзі”, заадно памяняўшы і пунктуацыю радка. Застаўся толькі каньюнктурны “народаў братэрскі саюз”.

У варыянце У.Карызны ўвогуле ня ўсё добра з пунктуацыяй, граматыкай і націскам. А радкі “Горда сьвяціся ў яснае высі” і “Наш запаветны сонечны шлях” разам зь іншымі надуманымі вобразамі надаюць тэксту псыхадэлічнае адценьне.

Хваласьпеў народу (“Слава табе, наш свабодны народ!”) замененае на праслаўленьне бацькаўшчыны (“Вечна жыві і квітней, Беларусь!”). Гэта і ёсьць галоўная зьмена ў новым старым гімне.

Мікола Бугай

Музыка Аляксей Фралоў: “У Беларусі ёсьць два гістарычныя гімны — “Мы выйдзем шчыльнымі радамі” (музыка Ўладзімера Тэраўскага, словы Макара Краўцова) і “Магутны Божа” (музыка Міколы Равенскага, словы Натальлі Арсеньневай), якія вызначаюць змагарную і духоўную сутнасьць беларускага народу. Ухвалены тэкст нагадвае афіцыйны заказ”.

Паэт Леанід Дранько-Майсюк: “Будзе гучаць музыка Несьцера Сакалоўскага, але слоў Міхася Клімковіча і Ўладзімера Карызны ніхто сьпяваць ня будзе”.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0