Севярынец — Саранчукоў

У нядзелю, 16 чэрвеня, адбудзецца IV Сойм “Маладога фронту”. На пасаду кіраўніка арганізацыі прэтэндуюць дзейны старшыня Павал Севярынец і кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі Вадзім Саранчукоў. Прэтэндэнты адказваюць на пытаньні “НН”.

“НН”: Якім каштоўнасьцям мусіць аддаваць перавагу “Малады фронт” – дэмакратычным, хрысьціянскім ці нацыянальным?

Павал Севярынец:

“Малады фронт” — гэта дэмакратычны рух, які грунтуецца на нацыянальнай ідэі й хрысьціянскіх прынцыпах. Уся заходняя цывілізацыя, у якую мы імкнёмся, жыве ў гэтай непадзельнай, узаемазьвязанай і гарманічнай сыстэме каардынатаў: нацыянальная дзяржава, хрысьціянскія каштоўнасьці, дэмакратычны лад. Менавіта іх сукупнасьць і ёсьць сутнасьцю палітыкі “Маладога фронту”.

 

Вадзім Саранчукоў:

Я — беларускі нацыяналіст. Нацыянальная культура перадае мне хрысьціянскую мараль, а нацыянальная гісторыя вучыць свабодзе. Бог! Гонар! Айчына! — няма чаго аддзяліць.

 

“НН”: Хто зьяўляецца для Вас аўтарытэтам у палітыцы і жыцьці?

Я веру ў Бога, і таму для мяне Аўтарытэт і Ідэал як у жыцьці, так і ў палітыцы — Ісус Хрыстос. У асобных прафэсійных сфэрах я зважаю на аўтарытэт шмат якіх людзей: бацькоў, сяброў, знаёмых, вядомых. Вядома, на Васіля Быкава ў прозе, на Зянона Пазьняка ў ідэалёгіі, на Вячаслава Сіўчыка як арганізатара, Вінцука Вячорку як філёляга і г.д. Сярод гістарычных асобаў для мяне ўзоры — апостал Павал і Марцін Лютэр, Абрагам Лінкальн і Шарль дэ Голь, Францішак Скарына й Мікалай Радзівіл Чорны. Сярод сучасьнікаў — Ян Павал ІІ, Рональд Рэйган, Маргарэт Тэтчар, айцец Аляксандар Мень, Алесь Адамовіч — людзі веры й дзеяньня, сапраўдныя духовыя, грамадзкія й палітычныя лідэры.

Ня варта, напэўна, называць прозьвішчы палітыкаў. Галоўнае для палітыка — маральнасьць. На маё маральнае і нацыянальнае выхаваньне вялікі ўплыў зрабілі творы Караткевіча, я захапляюся гэтым геніем Беларусі. Што ж да жыцьцёвага прыкладу, дык гэта, безумоўна, мае бацькі! Такой сіле волі, якая ёсьць у маёй маці, і ўпартасьці ў дасягненьні мэты (гэта пра бацьку) мог бы пазайздросьціць кожны.

 

“НН”: Па якой акрузе Вы зьбіраецеся балятавацца на мясцовых выбарах?

Я ня маю намераў балятавацца на мясцовых выбарах. Па-першае, у мяне віцебская прапіска, а кіраваць “Маладым фронтам” трэба зь Менску. Па-другое, рэальных выбараў ня будзе. Максымум — будзе магчымасьць адносна легальна сустракацца зь людзьмі. Вось працаваць зь людзьмі зьбіраюся — і не ў якойсьці адной акрузе, а ў дзясятках гарадоў і мястэчак, куды пляную зьезьдзіць да вясны. Па-трэцяе, замест “выбараў” цалкам верагодны лукашэнкаўскі рэфэрэндум або нейкі “інтэграцыйны акт” — трэба быць гатовым да нечаканага развароту падзеяў. МФ будзе ладзіць сярод моладзі адмысловую кампанію пад мясцовыя выбары.

Я буду балятавацца ў Горадні — горадзе, дзе прайшлі 22 гады майго жыцьця, дзе я ведаю кожны завулак, дзе ўсе знаёмыя. Я буду балятавацца як сябар Партыі БНФ. Цяпер болей ніякіх падрабязнасьцяў...

 

“НН”: Якую музыку Вы слухаеце?

 

Мне падабаецца мэлядычная й рытмовая музыка — арт-рок, хэві-мэтал, рок-апрацоўкі клясыкі, баляды, бардаўскія сьпевы. Люблю моцныя ўдарныя, электрагітары й клявішы са скрыпкамі, опэрнае сола й харавыя падпеўкі, усялякія навароты, кшталту запілаў, эфэктаў ці партыі аргану. Зь беларускага гэта “Мясцовы час” пачатку 90-х, натуральна, “NRM”, “Уліс”, “Новае неба”, найлепшыя хіты “Песьняроў”, “Я нарадзіўся тут”, “Народнага альбому” й “Сьвятога вечару”, сёе-тое зь Мельнікава й Шалкевіча. З замежнага — Бон Джові, “Metallica”, “Queen”, “Scorpions”, “Offspring”, “Океан Эльзи”, “Kally Family”.

Мне падабаецца “Бонда”, “Стары Ольса”, “Новае неба”, супольныя праекты (“Народны альбом”, “Легенды Вялікага Княства”), з задавальненьнем слухаю гурты “Metallica”, “The Cranberries”.

  “НН”: Якія газэты чытаеце, якое радыё слухаеце, якія тэлепраграмы гледзіце?

 

Праглядаю асноўныя незалежныя газэты — ад “Народнай волі” й “БДГ” да “Камсамолкі”. Натуральна, “Наша Ніва”. Час ад часу купляю “Советскую Белоруссию”, “Звязду”, “Известия”, “Belarus Today”. Калі бываю ў рэгіёнах — гарадзкія газэты й раёнкі. За радыё сачу ў асноўным праз Інтэрнэт (“Свабода”, “Рацыя”) плюс сайт БелаПАНу. У Віцебску лаўлю этэр, дарэчы, прыймач выйграў калісьці на конкурсе лістоў Польскага радыё. Гляджу навіны — НТВ, ОРТ, “Вести”. БТ без Азаронка, Зімоўскага й Казіяткі ўжо нецікавае. Часам, каб адпачыць, — “Першы музычны”, хітовае кіно, КВК ці інтэлектуальныя тэлегульні.

Праглядаць імкнуся ўсю прэсу, але чытаць... хіба “Пагоня”, з рэдакцыяй якой у мяне добрыя адносіны, і “Наша Ніва”. Цяпер вось да “Пагоні” толькі на сайт ды на суд. З радыё ды ТБ складаней: бракуе часу, атрымліваецца паглядзець ды паслухаць выключна праграмы навінаў.

  “НН”: За якую зборную Вы хварэеце на чэмпіянаце сьвету па футболе?

  Пахварэеш тут з нашым БТ… Мне найбольш падабаецца футбол клясных эўрапейскіх камандаў — зборных Вялікай Брытаніі, Гішпаніі, Партугаліі, Нямеччыны. Але ангельцам заўжды не шанцуе, гішпанцам усё бракуе добрага трэнэра, партугальцы гуляюць надта прыгожа, каб стаць чэмпіёнамі, а немцы… На жаль, немцы павінныя прайграць, каб да восеньскіх фэдэральных выбараў упалі шанцы сацыял-дэмакрата Шродэра. Таму буду хварэць супраць зборнай Расеі — такая ўжо нашая нацыянальная хвароба. Пакуль зборная Беларусі ня ўдзельнічае ў чэмпіянаце, я хварэю проста за добры, прыгожы футбол.

 


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0