Навіны за тыдзень
Помнік Гусоўскаму
У Магілёве на Першамайскай вуліцы паставяць помнік дзеячу Адраджэньня Міколу Гусоўскаму, аўтару “Песьні пра зубра”. У вуліцу Гусоўскага пераназавуюць вул. Леніна. Пра гэта заявіў старшыня гарвыканкаму Віктар Шорыкаў. Помнік паставяць каля былога Дому юстыцыі, куды да 10 ліпеня павінны пераехаць усе службы гарвыканкаму. Абласны і гаспадарчы суды, якія да гэтага месьціліся ў Доме юстыцыі, пераселяцца ў будынак адміністрацыі Ленінскага раёну, а работнікі адміністрацыі, у сваю чаргу, зоймуць правае крыло Дому саветаў, якое вызваліць гарвыканкам. Дагэтуль Магілёў быў адзіным абласным цэнтрам, адміністрацыя якога ня мела свайго будынку. Апроч таго, Шорыкаў кажа, што трэба скасаваць у горадзе Кастрычніцкі, Ленінскі і Цэнтральны раёны і стварыць на іх месцы толькі два — Левабярэжны і Правабярэжны.
Мажарытарная сыстэма — учарашні дзень?
Паводле якой сыстэмы будуць адбывацца выбары ў парлямэнт саюзнай дзяржавы, калі яны ўсё-такі будуць абвешчаны? Раней часьцей за ўсё называлася мажарытарная. Але дырэктар Інстытуту дзяржавы і права НАН Беларусі ў часе “круглага стала” “Актуальныя пытаньні саюзнага парлямэнтарызму”, якое прайшло 10 чэрвеня ў Менску, выказаўся на карысьць мяшанай мажарытарна-прапарцыянальнай сыстэмы. На яго думку, “гэта паспрыяе больш поўнаму ўліку інтарэсаў усіх слаёў насельніцтва падчас выбараў”.
Вайтовіч: інтэграцыя Беларусі ў Эўропу непазьбежная
На думку Аляксандра Вайтовіча, Беларусь непазьбежна будзе інтэгравацца ў Эўропу. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з дэлегацыяй Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Старшыня савету рэспублікі таксама даў зразумець, што дыялёг нацыянальнага сходу з эўрапейскімі парлямэнцкімі структурамі быў бы больш эфэктыўным, калі б Беларусь займала сваё месца ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.
Прыватнікі больш сумленныя
97,5% запазычанасьцяў па падатках прыпадае на дзяржаўныя прадпрыемствы і толькі 2,5% — на прыватныя. За студзень-красавік найбольш завінаваціліся бюджэту Клімавіцкі лікёра-гарэлачны завод (16,3 млрд. рублёў), Менскі маторны (13,6 млрд.) і трактарны (12,2 млрд.) заводы.
Б.Т.