“Сьвежая кроў” апазыцыі

Сканчэньне палітычнага сэзону, падчас якога палітычная апазыцыя нічым асаблівым ня вызначылася, прымушае ў чарговы раз задумацца пра яе будучыню. Адкуль у шэрагі апазыцыі магла б уліцца “сьвежая кроў”? З такімі пытаньнямі “НН” зьвярнулася да экспэртаў — палітолягаў, былых і дзейных палітыкаў, журналістаў.

 

У чаканьні сэнсу

Апазыцыі сёньня патрэбны ня толькі новыя людзі, але і сьвежыя ідэі. Але дзе іх трэба шукаць і што яны павінны ўяўляць сабой? Пра гэта запыталіся мы ў экспэртаў.

Дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня Ўладзімер Новік лічыць, што апазыцыі трэба зацікавіць сур’ёзных людзей, кожная партыя мусіць прадстаўляць пэўную сацыяльную праслойку грамадзтва, зь якой могуць зьявіцца новыя людзі. Але толькі калі ўзьнікне “новая палітычная сытуацыя”. “А пакуль мы бачым ужо дзесяць гадоў адных і тых жа палітыкаў, “апазыцыянэраў паводле прафэсіі”. Ці зьявіцца новы лідэр, ня ведаю. Магу толькі сказаць, што гэты лідэр павінен прыцягваць, а не адштурхоўваць”, — кажа У.Новік.

Палітоляг Уладзімер Мацкевіч на сёньняшні момант ня бачыць ніякай крыніцы “сьвежай крыві”: “Гэта ж не бур’ян, каб само вырастала. Ня трэба чакаць, трэба рабіць, выхоўваць”.

Рэдактар Сяргей Дубавец выказвае меркаваньне, што “гаворка ідзе не пра “кроў”, а пра “харызматычную ідэю і тых, хто яе сфармулюе. І гэта будуць людзі маладыя, ня сёньня, а гадоў праз тры-пяць”.

Са словаў У.Мацкевіча, ”сьвежай крывёю” апазыцыі могуць стаць людзі бізнэсу альбо тыя нашыя землякі, якія зьехалі за мяжу на вучобу, “здабылі пэўны досьвед і сацыяльны статус”. С.Дубавец таксама лічыць гэтую групу пэрспэктыўнай, але адзначае, што “яе час прыйдзе гадоў празь пяць”. “Больш слушна шукаць, выхоўваць і падтрымліваць тых, хто сёньня ў другім, трэцім эшалёнах апазыцыйных партый і рухаў”, — кажа У.Мацкевіч.

Валянцін Голубеў, гісторык, сябар фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце ХІІ скліканьня, кажа, што ў сёньняшняй сытуацыі трэба, каб барацьба супраць рэжыму ў людзей “асацыявалася з асобаю”. Асоба ж гэтая павінна ўспрымацца большасьцю людзей, “нашых” і “ня нашых”, лічыць В.Голубеў.

Адкуль могуць зьявіцца ў апазыцыі новыя лідэры са сьвежымі ідэямі?

З шэрагаў тых, хто раней адышоў ад палітыкі, “можна мабілізаваць пэўныя сілы, — мяркуе Ў.Мацкевіч. — Але патрэбны новыя ідэі і патрэбны давер да лідэра. Цяпер гэтыя людзі расчараваныя. Але наўрад ці яны самі здольныя выступіць лідэрамі”, — кажа палітоляг. Пра стомленасьць “былых” гаворыць і С.Дубавец, адзначаючы, што іх “ня любяць у народзе”.

 

Асабісты прыклад мужнасьці

Мы пацікавіліся ў экспэртаў, ці бачаць яны сярод былых беларускіх палітыкаў кагосьці, хто мог бы вярнуцца да актыўнай дзейнасьці і выйсьці на першыя ролі? Найперш называліся два прозьвішчы — былых дэпутатаў Вярхоўнага Савету Беларусі XII скліканьня Міколы Маркевіча і Сяргея Навумчыка.

С.Навумчык ужо сёмы год знаходзіцца ў эміграцыі, працуе на радыё “Свабода”. На думку С.Дубаўца, “рэальна гатовы да цяперашняй палітыкі Навумчык, які мог бы прыйсьці кіраўніком руху, партыі ці блёку, калі б у тых была сапраўдная сацыяльная база і рэальны стратэг Пазьняк”.

М.Маркевіч, рэдактар забароненай уладамі газэты “Пагоня”, дапускае, што калі ўлады будуць і надалей перашкаджаць ягонай прафэсійнай дзейнасьці, то яму, магчыма, давядзецца займацца “чыстай палітыкай”. Сёньня імя Маркевіча не сыходзіць са старонак беларускай незалежнай і замежнай прэсы, яго ведаюць людзі. Судовы працэс над ім і Мажэйкам можа толькі павысіць рэйтынг Маркевіча.

“Апазыцыя ня ў стане выкарыстаць увесь пратэстны патэнцыял грамадзтва, — кажа Маркевіч. — Сёньня большасьць нашага грамадзтва супраць Лукашэнкі, але яно не аб’яднанае. Праблема ня толькі ў тым, што Лукашэнка і яго рэжым зробяць усё дзеля таго, каб прасоўваньне гэтых аб’яднаўчых ідэй зьвесьці на нішто, але і ў тым, што па-сапраўднаму ніхто з апазыцыі не займаўся контрапрапагандай, контрагітацыяй, хаджэньнем у народ.

Я думаю, што новы лідэр павінен абавязкова зьявіцца, але ня зь ліку сёньняшняй беларускай апазыцыі, якая стрымлівае зьяўленьне новых лідэраў. Найперш кідаецца ў вочы адсутнасьць у цяперашніх кіраўнікоў апазыцыі валявых якасьцяў, асабістай мужнасьці, адданасьці, энэргіі. Лідэр апазыцыі, акрамя розуму і інтэлекту, у сёньняшняй сытуацыі мусіць дэманстраваць асабісты прыклад мужнасьці”.

Бізнэсоўцы

Прадпрымальнікі ня першы год пасьпяхова змагаюцца з рэжымам і па-свойму яго перамагаюць. ”Бізнэсоўцы маюць унікальны досьвед існаваньня ва ўмовах беларускай эканамічнай рэальнасьці, і тэарэтычна гэта можна было б скарыстаць і ў палітычных плоскасьцях”, — лічыць Валеры Булгакаў, галоўны рэдактар часопісу “Arche”. Аднак ці здолее сёньняшняя апазыцыя прыцягнуць у свае шэрагі гэтых людзей? Цяперашнія апазыцыйныя структуры ня маюць моцнай сацыяльнай базы, у іх няма зваротнай сувязі з большасьцю грамадзтва. Пакуль нельга чакаць палітычнай ініцыятывы і з боку саміх бізнэсоўцаў, пераважна запалоханых і падкантрольных рэжыму. Усё, аднак, можа зьмяніцца падчас нейкіх сацыяльных выбухаў у краіне альбо моцнага пагаршэньня эканамічнай сытуацыі. І было б добра, каб гэта быў сьвядомы выбар людзей, а ня вымушаны крок загнаных у кут прадпрымальнікаў.

Творчая інтэлігенцыя

Як сказаў украінскі паэт Яўген Маланюк, “калі ж у нацыі няма правадыроў, тады яе правадыры — паэты”. Пісьменьнік Уладзімер Арлоў лічыць, што сярод творчай інтэлігенцыі ёсьць людзі, якія маглі б стаць “сьвежай крывёю” для беларускай апазыцыі. “Да такіх асобаў я найперш аднёс бы Ўладзімера Някляева, які сам недвухсэнсоўна заявіў пра гэта сваёй пазыцыяй ужо ў часе леташняй прэзыдэнцкай кампаніі”, — кажа Арлоў.

Паэт, былы рэдактар “Крыніцы” У.Някляеў ужо тры гады пераважна жыве за мяжой. Ён сапраўды мае і сувязі, і імпэт палітыка. Размовы пра ягоную палітычную кар’еру пачаліся ўвосень 2001-га, калі У.Някляеў прыехаў у Менск для ўдзелу ў перадвыбарнай кампаніі “адзінага кандыдата”. Ён “засьвяціўся” эмацыйнымі выступамі на мітынгах, але нічым ня змог паўплываць на хаду падзеяў, казаў пра “адсутнасьць энэргетыкі” ў апазыцыі. Зноў зьехаў за мяжу. У красавіку 2002 г. У.Някляеў зрабіўся старшынём праўленьня зарэгістраванага ў Маскве беларуска-расейскага фонду “За новую Беларусь”, у кіраўніцтве якога апынуліся “былыя”: Васіль Лявонаў, Міхаіл Чыгір, Станіслаў Багданкевіч ды інш. Магчыма, для У.Някляева падрыхтаваны добры трамплін у “вялікую палітыку”. Аднак В.Булгакаў скептычна ставіцца да пэрспэктываў У.Някляева, адзначаючы, што за тры гады за мяжой ён ня выявіў прыхільнасьці да нейкай пасьлядоўнай палітычнай праграмы і застаецца сымбалічнай постацьцю.

Кампанію У.Някляеву мог бы скласьці і паэт Сяргей Законьнікаў, ужо былы рэдактар часопісу “Полымя”. Вымушаны сыход з пасады паставіў Законьнікава перад выбарам: або спрабаваць заснаваць сваё прыватнае выданьне, што зрабіць ня проста, або пайсьці ў палітыку, або проста выехаць некуды за мяжу сьледам за братамі па пяры. Сяргей Законьнікаў пакуль займаецца першым. Неблагую вядомасьць мае ў краіне пісьменьнік Уладзімер Арлоў. Аднак, паводле нашай інфармацыі, займацца палітыкай ён не плянуе, аддаючы перавагу творчасьці.

С.Дубавец уважае, што варта чакаць у будучыні зьяўленьня ў палітыцы маладой творчай інтэлігенцыі — тых людзей, якім цяпер па 14—22 гады. “Гэта будзе новае пакаленьне гадаванцаў “Нашай Нівы”, — уважае Дубавец.

“Бязвольныя апазыцыянэры”

Месцам, дзе гартуюцца палітыкі, па азначэньні зьяўляецца парлямэнт. Калі ўспомнім няпросты шлях да апазыцыйнасьці Вярхоўнага Савету ХІІІ скліканьня, зьяўляецца думка, што лідэраў магла б гадаваць і палата прадстаўнікоў. Яна не прызнаная Захадам і беларускім незалежным грамадзтвам, аднак паступова вылучае з сваіх шэрагаў асобаў, якія маюць прынамсі амбіцыі, а часам дэманструюць і сваю самастойнасьць.

Можам згадаць такіх дэпутатаў, як Генадзь Дылеўскі, алімпійскі чэмпіён Уладзімер Парфіяновіч ды інш.

Сярод “палатачнікаў” вылучаецца і генэрал Валеры Фралоў. Ён камандаваў 28-м механізаваным корпусам са штабам у Горадні (цяпер — Заходняе апэратыўнае камандаваньне). Фралоў — сябар камісіі па нацыянальнай бясьпецы палаты прадстаўнікоў, а нядаўна ён стварыў дэпутацкую групу “Рэспубліка”, якая, сярод іншага, мяркуе каардынаваць дзейнасьць дэпутатаў ад рэгіёнаў. Актыўнасьць генэрала В.Фралова заўважная. Пасьля зьнікненьня Юр’я Захаранкі ў беларускай апазыцыі ня стала баявітага генэрала. Але такі генэрал мусіць зьявіцца.

Праўда, В.Булгакаў мяркуе, што да гэтых людзей і іх “апазыцыйнасьці” варта ставіцца скептычна, бо яны “гуляюць па правілах, вызначаных адміністрацыяй Лукашэнкі” ці прымальных для яе. Тым больш, ці можна верыць “перабежчыкам”, якія “ішлі на калябарацыю з лукашэнкаўскім рэжымам, а пасьля адхрышчваліся ад яго”, лічыць Булгакаў.

Ня верыць у магчымасьць зьяўленьня апазыцыянэраў з шэрагаў дэпутатаў палаты і С.Дубавец. На яго думку, ”яны ўсе бязвольныя, нават калі імітуюць вольнасьць выказваньняў”.

Былыя “людзі ўлады”

Зь дзяржаўных пасадаў перайшлі ў шэрагі апазыцыі такія людзі, як Міхаіл Чыгір, Юры Захаранка, Віктар Ганчар, Анатоль Лябедзька, Павал Казлоўскі, Васіль Лявонаў ды інш. Можна прагназаваць, што і надалей апазыцыйныя структуры будуць узмацняцца за кошт былых “людзей улады”. Мае шанцы стаць такім чалавекам былы прэм’ер Уладзімер Ярмошын. Праўда, магчыма, у складзе нейкай новай структуры, накшталт фонду “За новую Беларусь”, бо многія апазыцыянэры ня змогуць яму дараваць жорсткага задушэньня страйку менскіх мэтрапалітэнаўцаў у 1995 г. Ярмошын мае рэпутацыю “моцнага гаспадарніка”, вялікі досьвед працы на дзяржаўных пасадах, але цяпер ён беспрацоўны. Чуткі пра ягонае прызначэньне на нейкую ўплывовую пасаду ў кіраўніцтве “саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі” пакуль не пацьвердзіліся.

Чыноўнікі сёньня знаходзяцца пад яшчэ большым прэсынгам спэцслужбаў рэжыму, чым на пачатку праўленьня Лукашэнкі. Акцыі застрашэньня ў выглядзе арыштаў хабарнікаў вельмі эфэктыўныя. Таму гэтая група для апазыцыі непэрспэктыўная, калі, вядома, сваіх людзей на ўзмацненьне апазыцыйных структураў не накіруе сам рэжым.

Эмігранты

Мы ўжо згадвалі сярод пэрспэктыўных групаў, здольных узмацніць беларускую апазыцыю, беларускіх эмігрантаў, найперш тых, хто выехаў на Захад на вучобу і працу.

Ужо шэсьць гадоў жыве за мяжой і Зянон Пазьняк. Ягонае вяртаньне магло б выклікаць ажыўленьне ў шэрагах апазыцыі. Пазьняк сёньня аптымістычна настроены, бачыць сваю нішу на палітычнай сцэне. Праўда, ягонае вяртаньне, на думку С.Дубаўца, можа адбыцца “толькі нейкім рамантычным шляхам”, але сам Пазьняк пад планку “сьвежай крыві” не падыходзіць. Дый сам ён, здаецца, не хацеў бы сваім вяртаньнем сымбалічна прызнаваць “дэмакратызацыю рэжыму”.

Такім чынам, нашы аналітыкі ўжо сёньня шукаюць, адкуль прыйдуць тыя “новыя” людзі. Іншае пытаньне, ці знойдуцца сярод іх здольныя арганізатары, таленавітыя стратэгі, людзі, якія змогуць прыцягнуць пад сваю дзейнасьць беларускія фінансавыя рэсурсы. Многія экспэрты ўпэўнены, што шмат патэнцыйных пэрспэктыўных апазыцыйных палітыкаў цяпер вагаюцца і чакаюць. Яны ня хочуць “стрэліць” раней часу і прыцягнуць да сябе пільную ўвагу спэцслужбаў рэжыму, як ужо не аднойчы было падчас праўленьня А.Лукашэнкі.

Алег Тачоны


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0