Правы чалавека
Дык будзе кляса ці не?
Кастусь Кашэль, жыхар менскага мікрараёну Малінаўка, зьвярнуўся з адкрытым лістом да міністра адукацыі Пятра Брыгадзіна. Cп.Кашэль хоча, каб ягонае дзіця вучылася ў беларускай клясе. Ён сабраў заявы бацькоў 16 будучых першаклясьнікаў, каб стварыць яе ў школе №218. Але на бацькоўскім сходзе завуч малодшых клясаў Ларыса Новікава адгаварыла палову бацькоў.
Кастусь Кашэль ужо ня першы раз зьвяртаецца ў структуры адукацыі ў справе стварэньня беларускай клясы. Аднак адказы з гэтых структураў яго крайне дзівяць: раённы аддзел адукацыі адказаў, што беларуская школа ў раёне будзе абавязкова, а гарадзкі — што гэта магчыма толькі пры наяўнасьці 25 вучняў у клясе. Але ўпарты бацька не зьбіраецца здавацца. Копію свайго ліста ён зьбіраецца накіраваць у сядзібу ЮНЭСКА ў Парыжы.
За алімэнтшчыка адкажаш!
Актывіст руху “Зубр” Аляксей Шыдлоўскі падаў у суд на газэту “Советская Белоруссия” і ейнага рэдактара Паўла Якубовіча. Прычына — артыкул апошняга “Умом тронутое лицо” (“СБ” ад 8 траўня), у якім было напісана, што Шыдлоўскі трапіў у турму, бо не плаціў алімэнтаў.
Шыдлоўскі сабраў матэрыялы таго працэсу, даведкі пра адсутнасьць дзяцей і жонкі ды аднёс у суд Савецкага раёну. У сваім пазове ён патрабуе публікацыі абвяржэньня, а таксама матэрыяльнай кампэнсацыі за маральны ўрон: па 6 млн. рублёў ад Паўла Якубовіча асабіста і ад “Советской Белоруссии”. Шыдлоўскі спадзяецца выйграць працэс. “Раз я ня быў жанаты, дык Якубовічу тут ніяк не адкруціцца”, — мяркуе ён. Юрыст Уладзь Лабковіч таксама ацэньвае ягоныя шанцы ў 99%. Адзінае, што можа чакаць “зубра”, — зьмяншэньне памераў матэрыяльнай кампэнсацыі.
А.В.