індыйска-пакістанскі канфлікт

Амэрыканскія войскі — у Кашмір

Найлепшы спосаб пазьбегнуць вайны паміж Індыяй і Пакістанам — увод амэрыканскіх войскаў у Кашмір. Было б добра, каб менавіта такую прапанову прывёз у Дэлі міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд.

Роўна паўгоду — ад нападу на парлямэнт у Дэлі 13 сьнежня — Індыя і Пакістан рыхтуюцца да вайны. І хоць апошнім часам сытуацыя там крыху стабілізавалася, супакойвацца рана: кожны чарговы тэракт, любая правакацыя можа падняць у паветра індыйскія бамбавікі.

Стратэгі з Дэлі вераць, што гэта была б хуткая двух-трохтыднёвая вайна, у часе якой індыйскія сілы зьнішчылі б базы маджахедаў і занялі б ключавыя памежныя тэрыторыі. Заходнія экспэрты, аднак, пабойваюцца, што перад абліччам паразы Ісламабад ужыве свой “галоўны аргумэнт” — атамныя бомбы. Самі пакістанцы гатовыя зрабіць гэта, калі ядзерная атака будзе адзіным сродкам перашкодзіць “зьнішчэньню дзяржавы”. У выніку гэтага загінуць ня меней за 12 млн. чалавек толькі з індыйскага боку. Наступствы атамнага канфлікту будуць мець глябальны характар: Генры Кісынджэр перасьцерагае, што нават аднаразовае ўжываньне атамнай зброі зьнішчыць табу на яе, а ўсе высілкі, скіраваныя на яе непашырэньне, выявяцца марнымі.

Філіпінскі прэцэдэнт

Мяркуючы па нядаўняй актыўнасьці дыпляматаў, міжнародная грамадзкасьць на чале з ЗША ўсьведамляе небясьпеку. Але адных зваротаў да пакістанскіх уладаў, каб утрымалі маджахедаў ад паходаў на Індыю, і да індыйскіх уладаў, каб былі разважлівыя, недастаткова. Найлепшым спосабам прадухіліць буйнамаштабны канфлікт было б пашырэньне сфэры міжнароднай вайны з тэрарызмам на Кашмір — і было б добра, калі б менавіта такую прапанову міністар абароны ЗША Дональд Рамсфэльд прывёз гэтымі днямі ў Дэлі.

Гэтаму ўжо ёсьць прэцэдэнт: на Філіпінах 650 амэрыканскіх салдатаў змагаюцца плячо ў плячо зь філіпінцамі супраць групоўкі “Абу Саяф”, якая дзейнічае пад палітычнымі й ісламскімі лёзунгамі. Імкнучыся зьменшыць палітычную цану гэтага рашэньня, урад у Маніле фармальна выдаў амэрыканцам дазвол толькі на навучаньне сваіх вайскоўцаў. Падобна, што індыйская армія, як ніякая іншая, мае патрэбу ў такім “навучаньні”, якое дапамагло б ёй ушчыльніць дэмаркацыйную лінію з Пакістанам і эфэктыўней выяўляць пакістанскіх партызанаў.

Рэалізацыя гэтага праекту патрабуе сьмелых рашэньняў аж ад трох урадаў.

Перш за ўсё — ад амэрыканскага. Адкрываючы на Філіпінах другі (пасьля аўганскага) фронт вайны з тэрорам, Вашынгтон ішоў па шляху найменшага супраціўленьня: добразычліва настроены ўрад, слабы (як здавалася) праціўнік… Тым часам, апэрацыя ў Кашміры можа выявіцца цяжэйшай і даўжэйшай, чым змаганьне з талібамі ў Аўганістане. Але, зь іншага боку, індыйска-пакістанская вайна паставіла б пад пагрозу вынікі антытэрарыстычнай кампаніі. У нестабільным Пакістане, уцягнутым у канфлікт з Індыяй, зрабілася б немагчымым супрацоўніцтва амэрыканскіх камандас з пакістанцамі дзеля высочваньня недабітых талібаў і чальцоў “Аль-Каіды”. Умяшаньне ў кашмірскую праблему бачыцца ЗША меншым злом.

Як пераканаць Індыю?

Цяжэй за ўсё будзе дабіцца згоды на прысутнасьць амэрыканскіх войскаў ад Індыі. Яна наагул супраціўляецца ўцягваньню ў канфлікт з Пакістанам трэціх бакоў. Аднак бясконцыя пратэсты індыйскага боку супраць умяшаньня — непасьлядоўныя, бо адначасова Індыя ўвесь час просіць ЗША націснуць на Пакістан. Таму яна змушаная будзе “праглынуць” прыбыцьцё амэрыканскіх дэсантнікаў у Кашмір. Тым больш што амэрыкана-індыйскае вайсковае супрацоўніцтва апошнім часам актывізавалася і Дэлі зацікаўлена ў ім. А калі магчымыя супольныя вучэньні на Алясцы, чаму б не зладзіць такія ж у даліне Кашміру? Нядаўна Індыя прапанавала арганізаваць сумеснае індыйска-пакістанскае патруляваньне кашмірскай “лініі кантролю”. Пакістан тады адмовіўся, патрабуючы сьпярша перамоваў. Трохбаковага патруляваньня — з удзелам амэрыканцаў — ад Ісламабаду будзе дабіцца прасьцей.

Індыя зацікаўленая ў стабільнасьці Пакістану. Індыйскія “ястрабы” мусяць пазбыцца ілюзіяў, нібы перамога над суседам у нейкім мітычным “бліцкрыгу” і ўсталяваньне ў Кашміры марыянэтачнага ўраду дазволіць Дэлі рэалізаваць сваю галоўную геапалітычную мэту — узмацніць пазыцыі ў басэйне Індыйскага акіяну ды пашырыць свой уплыў на прасторы ад Віетнаму да Емэну. Ваенны канфлікт якраз можа зрабіць гэтую мэту недасяжнай, бо радыкальная частка мусульманскага сьвету палічыць напад на Пакістан абвяшчэньнем вайны ісламу. А тады Індыя апынецца ў сытуацыі Ізраілю, які заграз у канфлікце зь незьлічонай колькасьцю ворагаў. Ня варта забывацца і пра 130-мільённую мусульманскую меншасьць у самой Індыі.

Згоду на амэрыканскую апэрацыю ў Кашміры мусіць даць і Пакістан. Прэзыдэнт Пэрвэз Мушараф шматразова дэкляраваў змаганьне з узброенымі групоўкамі ісламскіх фанатыкаў і адмяжоўваўся ад тэрарыстычных актаў у Індыі. Але балянсаваньне паміж удзелам у антытэрарыстычнай кампаніі і тайнай падтрымкай маджахедаў толькі аслабляе пазыцыі генэрала Мушарафа. Выйсьцем можа зрабіцца крок наперад — згода на амэрыканскую акцыю ў індыйскім Кашміры, на сумеснае патруляваньне і нават на аналягічныя антытэрарыстычныя “вучэньні” для пакістанскіх салдатаў. Шмат што сьведчыць пра тое, што ўрад у Ісламабадзе ня столькі ня хоча, колькі ня здольны перашкодіць пераходу маджахедаў з пакістанскай у індыйскую частку Кашміру. Ранейшая неадназначная Мушарафава палітыка была скіраваная на прадухіленьне бунту часткі арміі ды антыўрадавых выступаў узброеных груповак. Але тая самая небясьпека існавала і летась увосень, калі генэрал, робячы разварот на 180 градусаў, перастаў падтрымліваць аўганскіх талібаў: ужо тады ісламскія фундамэнталісты яго праклялі, аднак ён здолеў гэта неяк перажыць. Сёньня Мушарафавай уладзе найбольш пагражае пэрспэктыва вайны з Індыяй, якая найбольш усьцешыла б пакістанскіх паплечнікаў “Аль-Каіды”. Вайну слабейшы Пакістан адназначна прайграе, а тады ўладу ў Ісламабадзе можа ўзяць у свае рукі нейкі новы мула Амар.

Гэта выпрабаваньне і для пакістанскай сьвецкай апазыцыі, якая дамагаецца сыходу Мушарафа і вяртаньня дэмакратыі. Амэрыканская інтэрвэнцыя — шанец дасягнуць кампрамісу, у выніку якога было б добра ўсім: прэзыдэнт Мушараф застаўся б на чале дзяржавы, а ў краіне адбыліся б сумленныя, кантраляваныя міжнароднымі наглядальнікамі парлямэнцкія выбары.

Карысьць для кашмірцаў

Амэрыканская прысутнасьць павінна парадаваць і саміх кашмірцаў, якія наракаюць на жорсткасьць індыйскіх сілаў бясьпекі. Міжнародная апэрацыя дала б ім надзею на перамены ў іхнім цяперашнім нязручным становішчы паміж пакістанскім молатам ды індыйскім кавадлам. Увод амэрыканскіх войскаў у Кашмір прадухіліць вайну, але ня вырашыць самой праблемы, якая палягае ў спрэчным статусе гэтай індыйскай правінцыі з мусульманскай большасьцю. Значных бюджэтных сродкаў, пра якія кажуць улады ў Дэлі, недастаткова. Гэта праблема палітычная, а не эканамічная.

Тут трэба ваенныя захады ў спалучэньні з сур’ёзнымі дыпляматычнымі намаганьнямі. Ідэальным вырашэньнем сталася б мірная канфэрэнцыя з удзелам ЗША, Вялікай Брытаніі, Расеі, Кітаю, у выніку якой Кашмір атрымаў бы шырокую аўтаномію, зацьверджаную на кантраляваным замежнымі наглядальнікамі рэфэрэндуме.

На восень у індыйскім Кашміры заплянаваныя мясцовыя парлямэнцкія выбары, але ў сытуацыі, калі ўладу маюць сілы бясьпекі і замаскаваныя баевікі, галасаваньне мае мала сэнсу.

Замірыць Паўднёвую Азію можна. Але гэта запатрабуе ад усіх зацікаўленых бакоў вялікай рашучасьці, цярплівасьці і добрай волі. Тэрарысты любяць каламутную ваду, таму ня спыняць нападаў як у Індыі, так і ў Пакістане, імкнучыся змарнаваць мірныя намаганьні. Вайна пойдзе на карысьць толькі аднаму боку — Асаму бэн Ладэну і ягоным прыхільнікам. У міры зацікаўленыя ўсе астатнія.

Gazetа Wyborczа


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0