Вайсковыя лісты

ЭСЭ

Я ўспамінаю яго кожнага разу, калі хачу зразумець, як і адкуль зьявілася ў нас цікавасьць да беларушчыны, якая стала ўрэшце зьместам нашых заняткаў, а ў выніку — і жыцьця. Відаць, сталася гэта ў той дзень, калі мы разам апынуліся за дзьвярыма стацыянару факультэту журналістыкі. На экзаменах не дабралі балаў і разам пайшлі на вечаровае аддзяленьне.

На журфак мы зь Ігарам Герменчуком паступілі ў 1977-м. Яшчэ жывы Караткевіч, яшчэ Быкаў не напісаў свайго “Знаку бяды”, яшчэ не настала пяцігодка палітычных хаўтураў і Брэжнеў трымаецца без “батарэек”. На вечаровым журфаку зьбіраецца цёплая кампанія. Мы з Герменчуком пасьля працы нудзімся на лекцыях, пачынаем пісаць. Ён радок, я радок, ён радок, я радок. Спачатку апавяданьні, пасьля п’есы і нават раманы. У працэсе да гэтае справы далучаецца Віталь Шхіньян. Гермянчук працуе на паліграфкамбінаце імя Коласа, езьдзіць на аўтакары, Шхіньян — на тэлевізіі, я — у газэце “На страже Октября”. Апроч таго, знаходзіцца час сустракацца на кватэры. Найчасьцей у Віталя Тараса. Музыку паслухаць, пагаварыць, пабыць разам...

Паездка ў Мір і ўражаньне ад тамтэйшага замку прыводзяць нас зь Ігарам у Ленінку — так тады называлі Нацыянальную бібліятэку.

А яшчэ ў той самы час зьяўляецца ідэя што-небудзь выдаваць. Пасьля мы ўсё жыцьцё будзем друкаваць газэты, часопісы, кнігі. А тады ідэя выданьня зводзілася да стварэньня падпольнай друкарні.

Каб ня войска, тая эпоха не была б так падрабязна і дэталёва зафіксаваная на паперы — у нашых лістах.

“Во, — пісаў мне Ігар, — прачытаў у “Маладосьці” нейкага Каханоўскага — дасылаю, — каб жа нам так пісаць”.

Мы тады яшчэ ня ведалі нікога з старэйшых і з тых, хто мог бы паспрыяць нам у беларусізацыі. Мы — вельмі вузкае кола: Вінцук Вячорка з сваёй яшчэ ня жонкай Арынай, Гермянчук і я. Мяне забіраюць у войска. Пачынаецца перапіска.

Ігар на паліграфкамбінаце сочыць за ўсім, што там друкуецца. Пра ўсё падрабязна піша мне. Ён таксама сядзіць у бібліятэцы — вышуквае рарытэты, якія пераздымае фотаапаратам. Да прыкладу, паэму “На куцьцю” Янкі Купалы, якая ў той момант лічылася забароненым творам і ў выданьні паэта не ўваходзіла.

Зь ліста ад 30 сьнежня 1978 году, Менск:

“...Яшчэ ў хуткім часе пойдзе цікавая рэч. “Драўлянае дойлідзтва беларускага Палесься”. Даволі тоўстая будзе. Бачыў пакуль толькі вокладку. Намаляваны такі магутны вятрак, потым цэркавак некалькі і яшчэ іншае. Будзе выдавацца кароткая энцыкляпэдыя беларуская, пакуль першы том. Напішы, ці браць табе.

Зараз займаюся ўвесь свабодны час у Ленінцы, зь Вінцуком часам. Знайшлі “На куцьцю”. Гэта такая рэч! Пайду ў нядзелю пераздыму апаратам, потым як-небудзь прывязу, пачытаеш. І “Геаграфію Эўропы” таксама буду пераздымаць. Ня я буду, калі не дастану ўсе творы Караткевіча.

Увесь час рыхтаваўся да заліку па “Гісторыі друку Беларусі”. Вось сёньня здаў. І ведаеш, як брыдка. Адзіны я толькі адказваў на мове. Што гэта такое, колькі ж гэта цягнуцца будзе? А гэтай Гусевай я так і ня здаў залік. Але ну навошта мне, чалавеку, што ня мае нічога агульнага з “великим народом”, ведаць, з чаго пачынаецца “Недоросль” Фанвізіна? Навошта мне Радзішчаў? Тады ўжо давайце будзем і армянскую, грузінскую і іншыя літаратуры вывучаць. Дык не ж. Па нашай літаратуры дык невялічкі курс. А тут і XVIII, і XIX, і XX ст.”

Ігар паведамляў пра ўсе навінкі свайго “паліграфа”, робячы таксама далёкасяжныя назіраньні.

Зь ліста ад 1 лютага 1979:

У хуткім часе ў нас будзе выходзіць Быкаў. Там яго апошняя аповесьць “Пайсьці і не вярнуцца” і шчэ штосьці. Барадулін будзе таксама. Шамякіна штосьці. Калі што-небудзь цікава, я прывязу. Але Быкава трэ будзе пачытаць абавязкова. Бо піша ён нядрэнна. Вайна — гэта таксама гісторыя. Для нас яна мо не такая ўсё ж далёкая, але ж нашчадкам патрэбны будзе Быкаў, як зараз нам Караткевіч”.

А ў гэтым лісьце гаворка ідзе пра “капэрты” — так мы называлі заплянаванае нелегальнае выданьне. Ігар выносіў з камбінату літаркі, якіх не ставала для падпольнай друкарні. Запуск выданьня, якое мусіла зьмяшчаць маніхвэст, мы называлі ў лістах “адпраўкай капэрты на конкурс”. Гэты запуск адкладаўся. Спрэчкі вяліся вакол спосабу распаўсюду.

Зь ліста ад 5 сакавіка 1979 г., Менск:

Ты зноў трымаешся сваёй пазыцыі па распаўсюджваньню капэрт. Вельмі ты ўжо наіўна глядзіш на адпаведныя ўстановы, на іх магчымасьці. Адмаўляеш іх выхад на нас. Штосьці і ты, і мой Вінцук мне не падабаецеся гэтымі сваімі прапановамі. Але зразумейце, што праз гэтыя вашыя шляхі распаўсюду мы вельмі хутка будзем там, дзе камусьці гэта патрэбна. Патрэбны трэці шлях. Трэці! Прамежны! Я ўжо рабіў некалькі сынтэзаў, але вынікі незадавальняючыя. Зразумей, што для сучаснай крыміналістыкі нават папера пахне целам яе ўладальніка. Тут яшчэ думаць, думаць і думаць...”

Мы не былі антысаветчыкамі. Скажы нам тады пра “вяртаньне да ленінскіх нормаў”, мы б пагадзіліся і, бадай, спрычыніліся да яго. Іншая рэч, што мы ў тое вяртаньне ня верылі і гэта змушала нас усё глыбей спазнаваць прыроду ладу, у якім мы існавалі. А гэта ўжо вяло і да перагляду поглядаў на Леніна.

Зь ліста ад 10 траўня 1979 г.:

Слухай, Сяргей, у партыю табе трэ ўступіць абавязкова, і мне таксама. Таму што першым пакараньнем нашым у якім-небудзь выпадку будзе выключэньне з партыі. Strata nievialikaja”.

У нашай перапісцы мы ўвесь час згадвалі Мір. Гэта была прыдуманая намі на двух навуковая праца, таксама яшчэ наіўная, але тая, што “заводзіла” і прымушала гадзінамі сядзець у бібліятэцы, перагортваючы сотні кніг па-беларуску, расейску і польску, што мы рабілі, нібы цаліньнікі, унікаючы ў загадкі Сярэднявечча. Чаму, скажам, уладальнік Міру — малады і дужы князь Юры Ільлініч у 20 сваіх гадоў адпісвае Мір у спадчыну хвораму аднагодку князю Радзівілу Сіротку, які ледзьве трымаецца на гэтым сьвеце? Неўзабаве Ільлініч памірае. Каб дазнацца, як гэта ўсё адбылося, трэ было пераворваць горы крыніцаў. Здавалася, што пра гэтую фантастычную руіну — Мірскі замак — ня ведае ніхто ў сьвеце і што нікому яна не патрэбная. А значыць, трэба дашуквацца зьвестак і імкнуцца ўсім пра іх расказаць.

Так мы пазнаёміліся з рэстаўратарам Валянцінам Калніным, аўтарам праекту аднаўленьня Мірскага замку. Калі Ігар застаўся адзін, ён працягваў нашы супольныя пошукі:

Ты ня думай, што мы толькі адныя працуем над гэтым. А Калнін? Памятаеш, ён паказваў нейкія пераздымкі архіўных справаў? Дык вось што, я да яго хутка буду зьвяртацца наконт пасяджэньняў па Міру і разам папрашу ў яго ўсе гэтыя дакумэнты. І шчэ што трэ зрабіць, дык гэта схадзіць у выдавецтва “Навука і тэхніка” і паразмаўляць, як яны глядзяць на падрыхтоўку нашай манаграфіі (так, так, манаграфіі). Што? У цябе адразу зьяўляюцца з гэтым словам уяўленьні пра штосьці такое вузканавуковае? Ты памыляесься. Памятаеш манаграфію, такую зялёненькую, Кісялёва, “Пошукі імя”? Дык яна чытаецца як найцікавейшы дэтэктыў”.

Гэта быў яшчэ адзін важны мэтадалягічны пошук — куды прыкласьці сілы, у якім жанры і ў якой галіне рэалізаваць сябе — пісаць раманы ці вершы (зрэшты, мы ўжо пладзілі і першае, і другое) ці сур’ёзна займацца гісторыяй ці мовазнаўствам. Нібы Мірскі замак, уся агромністая Беларушчына бачылася нам закінутай і нікому непатрэбнай. І толькі грунтаўней унікаючы ў яе, мы раптам сустракалі людзей, якія даўно і ўпарта займаюцца беларушчынай. На журфаку быў такі выкладчык мовы Мікола Каваленка.

Ігар пісаў лісты на занятках, проста з натуры. Да прыкладу, 11 красавіка 1979 г.:

У Барадуліна ёсьць цікавыя радкі:

Менск.

Продак струны ціха кратаў.

Менск.

Правяраў лязо мяча.

І ўсё ў такім стылі. Гэта Мікола Каваленка прыводзіў такія прыклады па назыўным сказе. Дарэчы, на апошнім занятку гэты ж Мікола вось што сказаў: “Во да якога фіналу дайшлі. Нават цяжка знайсьці чалавека сярод журналістаў, які б валодаў жывой мовай народу”. Гэта ён расказваў пра Бураўкіна, які наведаў студэнтаў-выпускнікоў журфаку. І, цікавячыся, як яны адносяцца да мовы і ўвогуле да Беларусі, на якія тэмы пішуць, адбіраў сабе людзей. Выходзіць, чалавек зацікаўлены, калі сам падбірае сабе кадры”.

Крыху раней пра тое, што Генадзь Бураўкін узначаліў дзяржаўны камітэт радыё і тэлебачаньня, мне пісаў Віталь Шхіньян. З прыходам Бураўкіна зьвязваліся вялікія перамены. Зрэшты, і цяпер ягонае кіраўніцтва асацыюецца з пэрыядам беларусізацыі беларускага радыё і тэлебачаньня.

...Праз паўгода пасьля мяне “загрымеў” у войска і Ігар. Трапіў ён у Архангельск, на вайсковым жаргоне “Архару” — своеасаблівую расейскую цьмутаракань, пра што Ігар пісаў у кожным сваім лісьце. Тое, што яго забралі на службу, павялічыла аб’ёмы нашае перапіскі. Вось ягоны першы вайсковы ліст.

Дзень добры, браце. Вось ужо з 14 траўня я сапраўды твой калега. Але самае горшае, што лёс закінуў мяне за цэльных дзьве тысячы кілямэтраў ад родных мясьцін. Як тут кажуць, у “город трески, город тоски”. Зараз стаю днявальным. Тры гадзіны ночы. А на вуліцы сапраўдны дзень”.

Нашмат цікавей чытаць пра згадваных у перапісцы людзей, якія ўпершыню зьяўляліся на небасхіле нашага лёсу, асабліва тых, якія на гэтым небасхіле і застануцца на ўсё жыцьцё.

Зь ліста ад 8 сьнежня 1979 г., Архангельск:

Спытай у Вінцука, ці ведае ён такога Юры Цыбіна, здаецца, таксама член джаз-клуба. Вольны паэт. Асоба даволі цікавая, патрэбная. Гадоў 22—23-х. Зь ім не знаёмы. Ведаю толькі па гаворках, якія пачуў тут”.

Альбо яшчэ адзін прыклад.

Зь ліста ад 27 верасьня 1980 г., Архангельск:

Прывітаньне, братка.

Зь месяц таму ў мяне была адна з самых прыемных сустрэч за апошнія паўтара гады. Неяк зайшоў павячэраць у сталовую. Стаю ў чарзе. Уперадзе невялічкая група. З выгляду турысты. І тут пачуў, што барадаты, які стаіць наперадзе мяне, павёў гаворку на мове, з прыемнейшым беларускім вымаўленьнем. Я да яго. Сапраўды, зь Менску. Яго і астатніх зьдзівіла, што на мове размаўляю. У іх было дужа мала часу. Сьпяшаліся ў аэрапорт. Ужо дамоў ляцелі. З хвілін дзесяць-пятнаццаць (пакуль стаялі ў чарзе і елі) гаварыў зь імі. У асноўным з гэтым барадатым. Назваўся Садоўскім, навуковы супрацоўнік з інстытуту мовазнаўства. Да халеры знаёмае прозьвішча, думаю. Толькі адкуль, не магу ўспомніць. А неяк, перачытваючы “ЛіМы”, якія ў апошні раз даслаў Вінцук, зноў праглядзеў артыкул аднаго з чэрвеньскіх нумароў, у якім ідзе гаворка аб мове і вымаўленьні дыктараў бел. радыё, TV, артыстаў тэатра і г.д. Аўтар — гэты ж Садоўскі. Яшчэ больш стаў паважаць яго.

За гэты час напісаў апавяданьне і даслаў у “Маладосьць”. Вось зараз чакаю... пахаронку”.

Яна сапраўды прыйшла. Фармулёўка была для 79-га забаўная: “У апавяданьні не раскрыты канфлікт”. І гэта ў часы самага росквіту сацрэалістычнай бесканфліктнасьці!

Калі пісаліся апошнія лісты з Архангельску, у Менску ўжо дзейнічала Майстроўня. Мы абмяркоўвалі “хісткую атмасфэру”, што панавала ў ёй, ды ўсе свае ранейшыя клопаты і заняткі.

Выснова пра тое, чым і як займацца, была такая:

Зь ліста ад 1 красавіка 1981 г., Архангельск:

“...Шмат пытаньняў, вырашэньне якіх спрыяла б руху нашай справы наперад, можна падняць у друку. Дык чаму нам не займацца гэтым?! І менавіта так ты прынясеш больш карысьці справе. Калі мы жадаем дабіцца посьпеху, нам трэба дамагацца канкрэтных рашэньняў адпаведных органаў”.

Далей згадваецца адна з нашых акцыяў — патрабаваць у газэтных шапіках беларускі варыянт “Вячэрняга Мінску”:

Што датычыць формаў і мэтадаў, то, наколькі я інфармаваны, яны за апошнія паўтара-два гады зьмяніліся ў нас не нашмат. Мы, мо, як і раней, купляем “Вячорку”, абражаючы кіяскёраў?”

А яшчэ празь месяц Гермянчук вярнуўся, і патрэба ў перапісцы адпала. Наперадзе было шмат новых людзей, шмат усяго-ўсяго рознага, словам, цэлае вялікае жыцьцё, скажы нам пра якое тады, мы ні за што б не паверылі.

Ігар вярнуўся і аднавіўся на журфаку, але ў іншай групе, на дзённым аддзяленьні, бо вечаровае за гэты час зьліквідавалі. Мы зноў былі разам. І яшчэ ня ведалі, што новая група, куды патрапілі, стане абсалютна ўнікальнай з усіх груп, усіх факультэтаў і ўсіх ВНУ. Яна дасьць ня толькі цэлую плойму вядомых сёньня журналістаў, але й некалькіх прафэсійных паэтаў. Праўда, двух расейскамоўных, адным зь якіх апекаваўся Рыгор Барадулін і ў якога нядаўна ў Амэрыцы згарэў дом, а другі ўзначаліць пісьменьніцкую арганізацыю Сахаліну. З нашай групы выйдуць такія празаікі, як Астравец і Пятровіч. Два палітыкі ўсебеларускага маштабу — Гермянчук і Навумчык, дэпутаты Вярхоўнага Савету. Людзі з нашага курсу робяць калыханкі на БТ і рэпартажы для РТР...

Цікавасьць да беларушчыны пачне нарастаць у геамэтрычнай прагрэсіі. Масавыя беларускія арганізацыі, шматтысячныя мітынгі пад бела-чырвона-белымі сьцягамі, распад Савецкага Саюзу, нашы газэты, сапраўднае грамадзкае і сваё асабістае шчасьце, і натуральна — цэлае мора расчараваньняў і перашкодаў, якія мы ўпарта штурмавалі да самага апошняга моманту, пакуль на тое хапала ў нас сілаў.

А шчырае юнацкае памкненьне заўсёды гучыць актуальна — што дваццацігадовае даўніны, што стогадовае, што з часоў Антычнасьці. Заўсёды актуальнае першае сур’ёзнае пачуцьцё.

Сяргей Дубавец


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0