Кушлянскае сена

 

Лістуючыся з унукам Мацея Бурачка — Зыгмунтам Абрамовічам, я, натуральна, ня мог не пацікавіцца ягонымі стасункамі з Багушэвічамі. І Абрамовіч з ахвотаю распавёў мне пра сустрэчу з Мацеем Бурачком у Кушлянах, куды малы Зыгмусь прыяжджаў з сваім бацькам, вайсковым лекарам, з Масквы.

От як яму запомніліся Кушляны тае пары і сам пясьняр…

“…Багушэвічавы Кушляны — гэта невялічкі фальварак безь ніякага нахілу да “панскасьці”.

“Стары Францішак”, як яго называла сьледам за маёй маткай большасьць сваякоў — польская частка сям’і, хадзіў па бальконе і ахвотна гутарыў з кожным, хто ўваходзіў у кушлянскую браму. Першы раз я прайшоў праз гэтую браму, калі мне было чатыры, мо пяць гадоў, — і зразумела, што ўсё гэта цяпер далёкае і заснаванае туманамі даўнасьці — быццам сон.

Трэба сказаць, што песьняра наагул лічылі за чалавека больш маўклівага, маўклівага не “па-адвакацку”.

Бацькі мае жылі зіму ў Маскве, а летам заўсёды бывалі ў Беларусі, якую мой бацька лічыў сваёй бацькаўшчынай — і ўсё тое, што я цяпер апісваю, было ў 1898—1899 г. Мой бацька з “прысяжным павераным” (так называлі адвакатаў) гутарылі “па-простаму”.

Можна толькі шкадаваць, што я быў пяцігадовым хлопчыкам і яшчэ ня мог шмат чаго ўсьведамляць: беларускі пясьняр чытаў свае творы — я быў толькі бязвольным сьведкам часткі творчага працэсу.

Аднойчы мы ўсе пайшлі ў поле, адкуль вазілі сена, і Багушэвіч пасадзіў мяне на высачэзны воз, кажучы: “Вось на гэтым паедзеш дадому!”

Я надта ўцешыўся, учапіўся за шнур — і мяне павезьлі.

Усё было б у парадку, калі б кушлянскі “грунт” быў гладкі. Праз усё жыцьцё я ня бачыў такога ліку камянёў у адным месцы, як там. І вось у пэўным моманце я лячу з гэтага возу і падаю на велізарны камень.

Трэба было бачыць, як зьлякаўся Багушэвіч, як схапіў мяне на рукі і сам панёс дадому.

У памяці асталіся воблік песьняра, яго глыбокі голас і добрыя вочы…

Некалькі разоў пісаў да маіх бацькоў, пытаўся, ці не было якіх дрэнных рэзультатаў маёй паездкі зь сенам.

Яшчэ раз убачыў Багушэвіча ў маіх дзядоў у Вільні, на жаль, гэта было толькі кароткае спатканьне: калі я варочаўся дадому, пясьняр ужо разьвітаўся…

Аб маім “кушлянскім сене” я шмат пазьней расказаў Цішку Гартнаму, а ён падумаў ды адказаў: “Ведаеце што, гэткія рэчы трэба глыбока хаваць у памяці, бо наагул мы мала што ведаем аб нашых дзеячах. Прыйдзе, прыйдзе час, калі будзем зьбіраць нават самыя няважныя факты”.

Я паслухаў Гартнага — і ўспомніў цяпер”.

Уладзімер Содаль


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0