Беларускі футбол ад Міндоўга да нашых дзён

Гісторыя беларускага футболу сягае каранямі аж у ХІІІ ст., у часы, калі князь Міндоўг, выпрошваючы ў крыжакоў чарговую пазыку, паабяцаў ім ахрысьціць Літву. Ён езьдзіў па краі з агітдружынай, ладзіў прэзэнтацыі новай рэлігіі, заахвочваў упартых ліцьвінаў выратаваньнем душы і зьмяншэньнем падаткаў. Неяк надвячоркам стомлены князь пад’ехаў да хрысьціянізаванага ўжо тыдзень таму хутару селяніна Барановіча — і не паверыў сваім вачам: непадалёк ад агароджы высіўся сьвежавычасаны каменны стод. Раззлаваны Міндоўг саскочыў з каня й з разьбегу ўваліў па ім нагою. Каменная галава ідала адламалася й па пакручастай траекторыі паляцела ў бок Барановіча, які стаяў у браме і вітаў Міндоўга нізкім паклонам. Заўважыўшы краем вока той ніштаваты камень, селянін скочыў ды злавіў яго перад сваёю брамкаю, выратаваўшы тым самым палісаднік з кветкамі.

Гэта так спадабалася князю, што галава самога Барановіча засталася сядзець на плячах. Уначы за каўшом мёду яны разам распрацавалі правілы новай гульні. А на месцы таго хутару Міндоўг адмысловым дэкрэтам загадаў стварыць раённы цэнтар Баранавічы.

Жыхары Літвы так захапіліся новай гульнёй, што ідалы ў хуткім часе скончыліся. Дый каменьнем гуляць было нязручна — пасьля балелі ногі, доўга зрасталіся косткі, а хто-ніхто (збольшага варатары) увогуле трапляў на клады. Таму з часам мячы пачалі рабіць з трафэйных крыжацкіх шлемаў. Міндоўг без крывавых боек, гуляючы на зямлю з дробнымі літоўскімі князямі, стварыў Вялікае Княства Літоўскае. У тыя часы кіраўнік дзяржавы абавязкова ачольваў і нацыянальную зборную. “Вялікі князь і трэнэр Літоўскі, Рускі й Жамойцкі” — гэтак падпісваліся нашыя князі. Аднак другі тытул ворагі Беларушчыны пасьля вымаралі з усіх летапісаў.

Каманда ВКЛ была вядомая ва ўсім сьвеце. Па лясох і палёх разьлягаўся кліч: “Оле, оле-оле-оле! Вялікалітва заб’е!” Пры князю Гедыміну ў Вільні быў збудаваны вялізарны стадыён. Падумаўшы, нашыя продкі перанесьлі туды й сталіцу дзяржавы.

Асноўным канкурэнтам зборнай ВКЛ была каманда крыжакоў, якія называлі тую гульню “фунтбол” — ад вагі мяча. Заяжджала пагуляць і татарская зборная са сваімі скуранымі мячамі. Аднак вялікалітоўская каманда пад кіраўніцтвам новага трэнэра Альгерда шторазу яе перамагала, адыгрываючы нарабаваную маёмасьць і палонных.

Тым часам расло майстэрства маскоўскай каманды. Яе трэнэр Дзьмітры Данской нават пахваліўся быў, што абыграе ліцьвінаў на Вялікдзень. Альгерд хуценька сабраў дружыну й чартэрным рэйсам паляцеў у Маскву. Убачыўшы вялізную літоўскую каманду (у тыя часы колькасьць гульцоў на полі магла быць неабмежаванай), Данской папросіў адмяніць пазаплянавую сустрэчу. Наўзамен прапанаваў ліцьвінам золата, срэбра й пэрлаў, чым кампэнсаваў праезд вялікалітоўскай каманды зь Вільні да Масквы й назад.

Перад ад’ездам Альгерд усё ж не стрымаўся: адлічыў ад брамы Спаскай вежы 11 крокаў, паклаў мяч з кляймом вялікага князя, разьбегся — і забіў у дзясятку.

Палякі тады мелі адно аматарскія каманды і люта зайздросьцілі Літве. Каб узьняць узровень свайго фунтболу, яны запрасілі галоўным трэнэрам зборнай літоўскага нападаючага Ягайлу, што перасварыўся быў з усімі сваімі братамі ў камандзе ВКЛ.

Узмацненьне палякаў было недаспадобы дружыне крыжакоў, і, пасьля некалькіх дробных сутычак, Ордэн прапанаваў аб’яднанай зборнай Літвы й Польшчы сустрэчу.

У прызначаны дзень каманды прыехалі пад Грунвальд. Судзьдзя ад Папы Рымскага падзьмуў у рог, і пачаўся гістарычны матч. Увесь першы тайм вялікалітоўская каманда самастойна адбівала атакі крыжакоў, бо палякі, па традыцыі, слухалі свой гімн. Немцы здолелі прабіць абарону Літвы — не дапамаглі нават татарскія ды чэскія легіянэры. Куплены судзьдзя не зьвяртаў увагі на грубую гульню крыжацкай каманды ды аднаго за адным выдаляў з поля ліцьвінскіх фунтбалістаў. Вялікалітоўцы перайшлі ў глухую абарону. Трэнэр Вітаўт спрабаваў перавесьці гульню на поле праціўніка, але марна. 0:3 як вынік першага тайму.

Пасьля перапынку палякі выйшлі на поле й прыкрылі левы флянг. Вялікалітоўская каманда таксама ачомалася й прыціснула крыжакоў.

Добра падгадаўшы момант, зборная ВКЛ і Польшчы зрабіла шэраг заменаў, кінуўшы ў бой сьвежыя харугвы адборных фунтбалістаў. Немцы разьбегліся пад канец другога тайму. 15:4 — пераканаўчая перамога зборнай ВКЛ і Польшчы надоўга адбіла ў Ордэну ахвоту гуляць з намі. Пасьля гульні пад Грунвальдам многіх нашых фунтбалістаў перакупілі чэхі. Хацелі нават Вітаўта запрасіць да сябе трэнэрам, але той не згадзіўся.

Наступныя колькі стагодзьдзяў мінулі ў бясконцых гульнях. Мацнела расейская зборная. Каманда крымчакоў доўгі час наяжджала на Літву, пакуль пад Клецкам не прайгралася да сподняга. Ад сораму татары перасталі зьяўляцца на гульні ў ВКЛ. Спрабавалі гуляць на вялікалітоўскіх палях і швэды.

А палякі паціху перакуплялі літоўскіх форвардаў і з часам стварылі аб’яднаную каманду Рэчы Паспалітай. Трэнэры расейскай, прускай ды аўстрыйскай зборных, для якіх каманда РП была сур’ёзным супернікам на Кубку Эўропы, змовіліся й зьвінавацілі нашых гульцоў ва ўжываньні допінгу. Мэдычная камісія выявіла ў іхнай крыві невядомае заходняй навуцы рэчыва — крамбамбулю. Каманда была зьнятая з турніру, рахунак заблякаваны, а поле й фунтбалістаў падзялілі суседзі.

Касьцюшка й Каліноўскі спрабавалі адрадзіць каманду, пачыналі таемныя трэніроўкі, але ўсё гэта выяўлялася й забаранялася. З мэтай кансьпірацыі гульня была перанесеная на лёд, зьменшаны (каб можна было хутка схаваць) мяч заганялі ў вароты адмысловымі палкамі-клюшкамі… Але гэта ўжо зусім іншая гісторыя.

Руслан Равяка,
Баранавічы


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0