Сойм “Маладога фронту”

Стары лідэр, новая стратэгія

У нядзелю ў Менску адбыўся IV сойм “Маладога фронту”. У змаганьні за пасаду старшыні перамог Павал Севярынец. Аднак за стратэгію дзейнасьці арганізацыі была прынятая канцэпцыя ягонага апанэнта Вадзіма Саранчукова.

У Міжнародны адукацыйны цэнтар прывітаць маладафронтаўцаў завітала няшмат гасьцей: Вінцук Вячорка, Вячаслаў Сіўчык, народны паэт Ніл Гілевіч, Алег Трусаў, Аляксей Кароль. Прыйшлі “зубры” на чале зь Цімохам Дранчуком. Яны горача падтрымлівалі Севярынца і не сыходзілі з сойму, аж пакуль не былі абвешчаныя вынікі галасаваньня. Па словах Ц.Дранчука, падтрымка Севярынца — афіцыйная пазыцыя “Зубра”, бо “Саранчукоў у выпадку перамогі абвесьціў бы пра сыход “Маладога фронту” з вуліцы, ягоную пераарыентацыю на прыняцьце заяваў, палітычную вучобу і г.д. Шэраг дэлегатаў выказваў сумнеў у шчырасьці гэтай заявы. Самым знакамітым госьцем быў абаронца Курапатаў Алесь Поклад, які “зьбег” з больніцы, каб папрысутнічаць на мерапрыемстве. У сваім выступе Вінцук Вячорка сказаў, што імя Алеся Поклада ўвойдзе ў нашу найноўшую гісторыю.

На сойм завітала і супрацоўніца газэты “Навінкі”. Спачатку яна акуратна здымала на лічбавую камэру ўсіх выступоўцаў, сяброў прэзыдыюму, не выяўляючы сваёй прыналежнасьці да згаданага выданьня. Пазьней, асьмялеўшы, паспрабавала рэалізаваць сярод дэлегатаў і саму газэту. Але ахова, што складалася з сяброў СПА “Ваяр” у адмысловай ваенізаванай уніформе, не дазволіла: у “Навінках” якраз лаялі “Малады фронт”.

А пасьля абеду перад уваходам у залю хлопцы праверылі пакункі дэлегатаў на прадмет наяўнасьці алькагольных напояў. Іншых эксцэсаў ня здарылася.

Абедалі дэлегаты на дварэ (на шыкоўныя абеды ў маладафронтаўцаў няма грошай). Павал Севярынец трохі шакаваў прысутных, сказаўшы: “Зараз ідзём на вуліцу абедаць”. Там якраз ішоў моцны дождж... На шчасьце, дождж неўзабаве скончыўся.

Сойм праходзіў у нэрвовай атмасфэры. Ад самага пачатку заля была падзеленая на два лягеры, што апантана падтрымлівалі сваіх лідэраў. Зьяўленьне ў Севярынца канкурэнта было абумоўлена ня толькі насьпелым у часткі сяброў “МФ” жаданьнем пераменаў, але і даўнімі фронтаўскімі непаразуменьнямі між “бацькамі” і “дзецьмі”. Так, у сьнежні 2001 г. на зьезьдзе БНФ “Адраджэньне” Севярынец падтрымаў канкурэнта Вінцука Вячоркі Вячаслава Сіўчыка, аднак апошні прайграў...

Апанэнты Паўла Севярынца добра падрыхтаваліся да сойму і змагаліся за перамогу пісьменна ды арганізавана. Сапраўдная барацьба разгарнулася падчас дыскусіі наконт стратэгіі дзейнасьці “Маладога фронту” на 2002—04 г. Вадзім Саранчукоў прапанаваў арганізацыйна ўпарадкаваць “Малады фронт”, стварыўшы Палітычную раду. Праект Севярынца быў больш складаны і глябальны. Сярод галоўных задачаў ён назваў “распрацоўку нацыянальнай ідэі для кожнага канкрэтнага чалавека”, падрыхтоўку да прыходу “Маладога фронту” ва ўладу, ператварэньне яго ў “магутную палітычную сілу”, незалежную ад БНФ. “Гэтая стратэгія наступальная!” — падкрэсьліў П.Севярынец. Якое ж было ягонае расчараваньне, калі большасьць — 74 чалавекі — падтрымала праект каманды В.Саранчукова! За прапановы аргкамітэту прагаласаваў толькі 61 дэлегат. Аднак на трыбуне Саранчукоў трымаўся слабей за Севярынца. І пры тайным галасаваньні дэлегаты, прыняўшы стратэгію дзейнасьці Саранчукова, падтрымалі не яго, а Севярынца. 71 дэлегат прагаласаваў за Вадзіма Саранчукова і 89 — за Паўла Севярынца. Восем чалавек прагаласавалі супраць усіх, а чатыры бюлетэні былі прызнаныя несапраўднымі.

Можна прагназаваць, што Севярынец будзе шукаць паразуменьня з кіраўніцтвам БНФ “Адраджэньне” ды дзейнічаць згодна з стратэгіяй, распрацаванай ягоным апанэнтам. А яшчэ ён паабяцаў правесьці “глыбейшыя” рэформы ў “Маладым фронце” і прызнаўся, што ў ім самім “ідзе капітальная перамена”.

Алег Тачоны


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0