Хвароба сучаснасьці: фанатызм

Маскву напаткаў невялікі пагромчык. Ашалелыя пасьля пройгрышу фанаты палілі аўтамабілі, білі вітрыны крамаў і таўклі людзей з азіяцкім тыпам твару, што мелі неасьцярожнасьць зьявіцца перад вялікім экранам паблізу Крамля. Ад расстрэлу Вярхоўнага Савету ельцынскімі танкамі ў кастрычніку 1993 году Масква ня бачыла такіх беспарадкаў.

У Францыі Дэкарт перавярнуўся ў труне. Бясслаўна разьбітая француская зборная ціха пакінула Далёкі Ўсход без адзінага голу і выправілася на яўна запозьненыя канікулы. “Д’ябальская вясна”, — напісалі газэты і зьвязалі “пасьлямундыяльны” настрой зь лёпэнаўскім вынікам на прэзыдэнцкіх выбарах ды рэкорднай абыякавасьцю грамадзянаў да парлямэнцкай выбарчай кампаніі. “Тры чвэрці заўзятараў францускай каманды, — тлумачыць сур’ёзная газэта, — звычайна галасуюць за левых”. У выніку для апошніх параза “блакітных” сталася адчувальнай праблемай.

Аргентына — у роспачы, глыбейшай, чым пасьля паразы на Мальвінскіх астравах. Футбольная перамога мусіла стацца кампэнсацыяй за эканамічную катастрофу, футбалісты, што зарабляюць мільёны даляраў, меліся прынесьці прамень радасьці братам, палова якіх жыве за рысай беднасьці.

Што адбываецца? Нічога асаблівага: заўзятары кіруюць сьветам. Спэцыяльныя інстытуты дасьледуюць ня столькі спорт (зь ім усё ясна), колькі заўзятарства — ад звычайнага хуліганства праз шавінізм асобных груповак да вытанчанага снабізму і зачыненых дзьвярэй элітных клюбаў. Заўзятарства робіцца формай адчужэньня, самаізаляцыі ад звыклага існаваньня, яно размыкае кола руціны. Гэта новая цывілізацыйная зьява, новая форма ўцёкаў ад рэчаіснасьці, ад шэрасьці будняў і безнадзейнасьці заўтрашняга дня.

Добра гэта ці дрэнна? Бадай што, і так і гэтак. Над гэтым яшчэ варта паразважаць.

Чаму, напрыклад, у Расеі крызыс 1998 году, які ўдарыў па мільёнах людзей, ня выклікаў масавага руху, ня выклікаў нават парываньня да пратэсту, а адзін японскі гол ператварыў Манежную плошчу ў Ватэрлоо? Спорт, арганізаваны па савецкай сыстэме ліхаманкавай гадоўлі чэмпіёнаў, шчыльна паяднаны з патрыятызмам. І ўчора, і асабліва сёньня, калі бракуе іншых яскравых сьведчаньняў былой магутнасьці, спартовыя посьпехі наагул і “футбольны патрыятызм” у прыватнасьці зьяўляюцца адзіным ці асноўным спосабам публічнага і ўсебаковага выяўленьня нацыянальных пачуцьцяў. Месячы японскіх студэнтаў, маскоўскія “патрыёты” адыграліся і за паразу на полі, і за іншыя крыўды.

Аднак гэтая зьява ня толькі расейская. Фанатызм становіцца сёньня, паводле акрэсьленьня францускага філёзафа Алена Фінкелькро, full-time job, пастаянным заняткам, хлебам надзённым, перарастае ў манію і робіцца такім усюдыісным, нібыта “нацыянальныя пачуцьці ня могуць быць выказаны інакш чым праз спартовы шавінізм”.

Горш за ўсё тое, што сродкі масавай інфармацыі пры падтрымцы папулістаў ці дэмагогаў ператвараюць спорт, які захлынаецца ў хуліганстве, карупцыі, камэрцыі, рэкляме і допінгу, у новы опіюм для народу. Гэта адбываецца, калі пад спрынт, удар па варотах ці бакавы ў штангу падводзіцца ідэалягічны й палітычны зьмест, як, напрыклад, у Францыі, — фальшывы і прымітыўны інтэрнацыяналістычны (бо спартоўцы маюць чорны колер скуры) ці патрыятычны (ведаюць ці ня ведаюць яны словы “Марсэльезы”) “пасыл”. Калі ж надыходзіць крах, разам з камандай асьмяянымі і дыскрэдытаванымі робяцца і інтэрнацыяналізм, і “Марсэльеза”. А пасольства ЗША ў Мэксыцы ахоўваюць 4 тысячы паліцыянтаў.

Абсурд. Вынік — не спартовы, а палітычны — атрымліваецца такі, што заўзятар у чалавеку перамагае грамадзяніна. Але ж дзяржава — не футбольнае поле. І ёй патрэбныя грамадзяне, а не фанаты.

Леапольд Унгер,
Gazeta Wyborcza


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0