кампутарны вірус зь беларускай назвай

“Пярун” сярэдняе шкоднасьці

Паведамленьне пра незвычайны вірус зьявілася ў Інтэрнэце 14 чэрвеня. Ён не парушае працы кампутарнай сыстэмы, ня можа распаўсюджвацца ў сетцы самастойна. Але гэта першы вірус, які заражае файлы лічбавых фатаздымкаў з пашырэньнем .jpg. Ён атрымаў назву “0W32/Perrun”.

Выявілі вірус спэцыялісты кампутарнай кампаніі “Network Associates”. У службу бясьпекі кампаніі копія вірусу прыйшла ад аўтара, які пажадаў застацца невядомым.

На кампутар зараза трапляе самым звычайным чынам — праз дыскету, кампакт-дыск ці з паведамленьнем, атрыманым па электроннай пошце. Ён стварае ў каталёгу файл extrk.exe і дадае ў рэестар Windows запіс HKEY_ CLASSES_ROOT\jpegfile\shell \open\command (Default) = (current directory)\EXTRK.EXE %1, дзякуючы якому “Perrun” запускаецца шторазу, калі карыстальнік адчыняе лічбавы фатаздымак. Памер заражаных вірусам файлаў павялічваецца на 11780 байтаў.

Хаця вірус і ня робіць пакуль заўважнай шкоды кампутарам, недаацэньваць яго ня варта, папярэджваюць спэцыялісты “Network Associates”. Цяпер у стваральнікаў шкодных праграмаў зьявіўся новы шлях для праточваньня на чужыя кампутары.

Назва вірусу, зразумелая кожнаму беларусу, наводзіць на думку пра тое, што шкоднікі-стваральнікі могуць быць наскае гадоўлі. Праўда, беларускія праграмэры ня кажуць, хто ў нас на гэткае здольны. Так, адміністратар інфармацыйнага сэрвэру Нацыянальнага цэнтру імя Скарыны Аляксей Глушко зазначыў: “Не ўяўляю, ці мог бы гэта быць хто-небудзь зь беларусаў. Назва вірусу можа быць ангельскай і перакладацца — “праз запуск”, напрыклад”.

Адам Воршыч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0