Паўгоду бяз права перапіскі

18 чэрвеня ў Магілёве адчыніўся першы ў Беларусі арыштны дом. Гэта асобны будынак, разьлічаны на 170 месцаў, сядзець у ім будуць тыя, каму суд даў да 6 месяцаў арышту.

Згодна з новым заканадаўствам, да такога пакараньня могуць прысуджацца асобы, якія зьдзейсьнілі няцяжкія злачынствы. Рэжым утрыманьня ў арыштным доме прыраўнаваны да камэрнага турэмнага. Аднак, у адрозьненьне ад калёніі, чалавек тут ізаляваны ад зносінаў са злачынным асяродзьдзем, дый рэжым больш жорсткі: забароненыя перапіска, перадачы, сустрэчы са сваякамі.

У часе адкрыцьця арыштнага дому міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў сказаў, што новая форма пакараньня мае перш за ўсё прафіляктычны характар, дазваляе чалавеку за кароткі час перагледзець жыцьцё, усьвядоміць сваю віну і выправіцца. Праваабаронцы ж бачаць у жорсткім рэжыме ўтрыманьня спробу барацьбы з іншадумствам, непакояцца, ці будуць абароненыя арыштанты, цалкам ізаляваныя ад астатняга сьвету. А пазбаўленьне права перапіскі, моцна нагадвае 1937 год. “Зазвычай арышт ужываецца да тых, чыя віна не даказаная альбо даказаная ня цалкам, каб чалавек ня мог апраўдацца”, — лічыць Уладзімер Краўчанка, кіраўнік Магілёўскай філіі Беларускага Хельсынскага камітэту.

Да 2003 г. такія дамы зьявяцца ў кожным абласным цэнтры краіны.

Б.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0