Эўрапейская афіша ліпеня

Сёлетні ліпень — месяц для аматараў вострых адчуваньняў. У Бэрліне будуць шалець удзельнікі “Параду каханьня” (13-га), у Брытаніі — грымець рок-н-рольныя фэсты (13, 14, 20-га), у Гішпаніі людзі пабягуць па вуліцах ад разьюшаных быкоў (7-га). Не прапусьціце цікавых падзеяў падчас ліпеньскага адпачынку!

Кожная краіна бавіць ліпень па-свойму. Аўстрыя пацьвярджае свой статус музычнага краю. У Венскай опэры да 6 ліпеня працягнецца джазавы фэстываль. Апроч таго, канцэрты пройдуць ва ўсіх гарадах і парках краіны, у Венскім лесе загучаць вальсы Штраўса. А 27 ліпеня стартуе знакаміты тэатральны Зальцбурскі фэстываль, які працягнецца да 27 жніўня. Гледачы пабачаць новыя пастаноўкі “Дон Жуана” і “Чароўнай флейты” Моцарта, “Кёніга Кандаўлеса” Зямлінскага, “Турандот” Пучыні, а таксама “Каханьня Данаі” Штраўса.

У Вялікай Брытаніі рыхтуюцца адразу тры буйныя фэсты. 13—14 ліпеня пад Кінрасам (Шатляндыя) пройдзе “Tin the Park”. З найбольш вядомых гуртоў у першы дзень выступіць “Oasis”, у наступны — “Chemical Brothers” і “Foo Fighters” (усяго там маюць быць больш за 20 рок- і поп-камандаў). Паводле прагнозаў, на шоў зьбяруцца каля 500 тысяч гледачоў. 20 ліпеня ў Нотынгеме пачнецца ўлётны фэст “Distortion”. Ягоным гваздом зробіцца “Green Day”, у якой на разагрэве адпрацуе “Iggy Pop”. Агулам на пляцоўках “Distorion” выступяць 16 гуртоў.

Праз тыдзень, 26—28 ліпеня, у Рэдынгу адзначыць 20-годзьдзе фэстываль “Womad”. У адрозьненьне ад апісаных вышэй, ён лічыцца “сямейным” сьвятам, і музыка там будзе нашмат больш спакойная і мэлядычная. На юбілей зьбяруцца больш за 60 выканаўцаў з 30 краінаў сьвету, у тым ліку Анушка Шанкар, дачка знакамітага сытарыста Раві Шанкара, зь якім у свой час сябравалі “Бітлз”.

Аматарам “Формулы-1” варта пасьпяшацца: Гран-пры Вялікай Брытаніі пройдзе на аўтадроме “Сыльвэрстоўн” 5—7 ліпеня. Таксама ў гэтай краіне паступова зьбіраюцца яхтсмэны: з 22 да 28-га на востраве Айл-оф-Уайт адбудзецца “Каўс-Уік” — ці ні найбольшая “тусоўка” прыхільнікаў гэтага віду спорту.

У Вугоршчыне вялікіх спартовых сьвятаў няшмат, затое па колькасьці разнастайных фэстаў і міжнародных сьвятаў краіне няма роўных у Эўропе. У замках Вышаград (7—15 ліпеня) і Эгер (21—29 ліпеня) пройдуць Міжнародныя рыцарскія спаборніцтвы — відовішча шалёна прыгожае, але для моцных нэрваў. Аматары клясычнай музыкі да сярэдзіны ліпеня могуць трапіць на Сьвяточныя Тыдні ў Шопране, а затым адразу пачнецца фэстываль у Сэгедзе. Прыхільнікаў дыксыленду і блюзу ўвесь месяц чакаюць у Мішкальцы ды Шарашпатаку.

На беразе возера Балатон адпачынак куды спакайнейшы. Паблізу, у горадзе Балатанфюрэд, у сярэдзіне месяца пройдзе Тыдзень віна, а 27-га — традыцыйны Баль Ганны, што ладзіцца ад 1825 г.

Аматарам больш актыўнага адпачынку можна параіць наведаць Нямеччыну. 13 ліпеня а 13-й па менскім часе ў Бэрліне пачнецца сусьветна вядомы “Парад каханьня”, які паводле маштабаў не саступае штогадоваму карнавалу ў Рыё-дэ-Жанэйра. Зрэшты, гэтым нямецкае культурнае жыцьцё не абмяжоўваецца. 8 ліпеня ў Франкфурце адбудзецца 12-гадзінны музычны маратон, Штутгарт ад 10 да 14 ліпеня апануюць удзельнікі Міжнароднага джазавага фэстывалю, а ў Байрайце 25-га можна будзе атрымаць асалоду ад музыкі Вагнэра. Спартовых заўзятараў чакаюць ад 7 да 14-га ў Ростаку-Варнэмюндэ, дзе адбудзецца парусная рэгата і народнае сьвята. А 26 ліпеня ў Гакенгайме стартуе Гран-пры Нямеччыны ў гонках клясы “Формула-1”.

На астравах Грэцыі весялосьць не перапыняецца ні на хвіліну. У кожным селішчы адбываюцца дні Пасэйдона, сьвяты сардзінаў, віна ці проста ўраджаю. Так, у пачатку ліпеня на востраве Лесбас сьвяткуюць Дні быка. Жывёлаў прыносяць у ахвяру, смажаць і частуюць усіх запар. У сярэдзіне месяца на востраве Парос адзначаецца Ноч рыбака, якая складаецца з захопу вёсак “піратамі”, вызваленьня і сапраўднага сьвята пражэрства. А ў Рэтымноне на востраве Крыт ад 15 да 31 ліпеня праходзіць велізарны фэстываль віна, на якім можна паспытаць усе віны Грэцыі і найлепшыя замежныя гатункі.

Італьянскія віны, зразумелая рэч, лепш піць у Італіі, у часе “Festa de Noantri”. Гэты рымскі карнавал грыміць песьнямі, танцамі ды фаервэркамі. Яго гісторыя цягнецца з часоў, калі краінай авалодалі галы. На час карнавалу жыхары Рыму забываюцца, што жывуць у цэнтры каталіцкага сьвету, і ператвараюцца ў вясёлых і разьняволеных паганцаў.

У старадаўняй Сыене 2 ліпеня адбудуцца скачкі на конях у сярэднявечным стылі. Паводле словаў іхных арганізатараў, такога больш няма нідзе ў сьвеце. За апошнія 500 гадоў спартовае спаборніцтва ператварылася ў сапраўднае шоў — галоп уздоўж дамоў галоўнай плошчы гораду.

Нагадаем, што ў Вэнэцыі працягваецца найбуйнейшая міжнародная выстава сучаснага мастацтва — Вэнэцыянскае біенале, якое ладзіцца толькі ў цотныя гады.

Усе канцэртныя залі Сарэнта ў ліпені належаць удзельнікам фэстывалю сымфанічнай музыкі, а ў Спалета да 7 ліпеня адбываецца “Фэстываль двух сьветаў” — опэрныя і балетныя спэктаклі, тэатральныя пастаноўкі, шматлікія выставы.

Самая значная ліпеньская падзея Гішпаніі — сьвята сьвятога Фэрміна ў Памплёне (ад 6 да 14 ліпеня). Фэрмін лічыцца заступнікам хлебапёкаў і вінаробаў, таму ўсе жыхары гораду наядаюцца і напіваюцца. Зрэшты, вядомае сьвята ня оргіямі, а забегамі. Пачынаючы ад 7-га, ранкамі гараджане бегаюць ад быкоў, якіх праганяюць па спэцыяльна распрацаваных маршрутах. Часамі відовішча бывае досыць крывавае, але гэта зусім не адбіваецца на папулярнасьці сьвята і агульнай весялосьці.

Ёсьць у краіне і спакайнейшыя сьвяты, напрыклад Эўрапейскі фэстываль паветраных шароў, які праходзіць 11—14 ліпеня ў Каталёніі. А 25-га жыхары Сант’яга-дэ-Кампастэла сьвяткуюць ноч сьвятога Яга, у гонар якога і названы горад.

Мальта ў ліпені ператвараецца ў спартова-забаўляльны цэнтар. Ад 4 да 10-га на востраве пройдзе Адкрыты міжнародны чэмпіянат па боўлінгу, а 13—14-га — Адкрыты чэмпіянат па пляжным валейболе. Бліжэй да канца месяца (19—21 ліпеня) музыкі зьбяруцца на Мальтыйскі фэстываль джазу, а 26 ліпеня ўвесь востраў праглыне Міжнародны фэстываль піва і інтэрнацыянальнай кухні.

Уся Францыя зьбіраецца 14 ліпеня браць Бастылію. Гэты дзень у краіне абвешчаны выходным, таму ўжо напярэдадні на плошчы Бастыліі адбудзецца грандыёзны сьвяточны канцэрт. А наступны дзень увогуле варты асобнага артыкулу. Скажам толькі, будзе шмат баляў, грандыёзны вайсковы парад і фаервэрк ля Эйфэлевай вежы. Праўда, у Канах у гэты дзень пройдзе Мастацкі фэстываль піратэхнікі, які абяцае быць нашмат прыгажэйшым за сьвяткаваньне ў Парыжы. Паглядзець на работу прафэсійных піратэхнікаў можна і ў Манака, дзе яны будуць дэманстраваць сваё майстэрства 21—25 ліпеня.

Ад 11 да 19 ліпеня ў Ніццы пройдзе джазавы фэст — як кажуць прыхільнікі джазу, падзея для гурманаў. Музыку зьменіць выцьцё рухавікоў: 19—21 ліпеня ў Нэвэры на аўтадроме “Маньі-Кур” гоншчыкі “Формулы-1” будуць спрачацца за Гран-пры Францыі.

У харвацкім горадзе Хвар пройдзе 41-ы Хварскі летні фэст. Ён пачынаецца 21 чэрвеня і працягнецца да сярэдзіны верасьня. Там можна будзе пабачыць усё што заўгодна — ад фальклёру і тэатральных пастановак да джазавых канцэртаў. Калі музыкі ня хочацца, можна схадзіць у кіно. Ад 20 да 25-га ў краіне ладзіцца 49-ы фэст харвацкага і эўрапейскага кіно.

Ліпень увогуле багаты на кінападзеі. Так, у Чэхіі, у Карлавых Варах, 4—13 ліпеня адбудзецца Міжнародны кінафэстываль. А дзецям варта ўгаварыць сваіх бацькоў звазіць іх у Хрудзім, дзе ад 1 да 6 ліпеня пройдзе Міжнародны агляд аматарскіх лялечных тэатраў. У Пардубіцах ад 3 да 8-га пройдзе 17-ы Міжнародны фэстываль акадэмічных хораў IFAS-2002. У госьці да ўдзельнікаў прыедуць мяшаныя, камэрныя і жаночыя хоры. А ў паўднёвачэскіх гарадах на Влтаве ад 22 да 27 ліпеня пройдуць арганныя канцэрты. Апрача таго, бадай, ніводзін дзень у Чэхіі не абыходзіцца без ушанаваньня якога-небудзь сьвятога, а Прага насычаная разнастайнымі карнаваламі, фэстывалямі і сьвятамі літаральна да краёў.

Прыемных падарожжаў!

Павал Бурдыка


Аблога Наваградку

29—30 чэрвеня ў Наваградку адбудзецца Другi фэст сярэднявечнай культуры “Наваградзкi замак”. У ім возьмуць удзел каля 850 рыцараў зь сямі краiнаў Эўропы.

Трапіць у Сярэднявечча можна наступным чынам. 28 чэрвеня а 18-й і 29 чэрвеня а 7-й гадзіне ад стаянкi на Чыгуначным вакзале (д/с “Дружная”) на фэст будуць выпраўляцца спэцаўтобусы. Кошт праезду на іх — 11 тыс. рублёў. Апроч таго, з Цэнтральнага аўтавакзалу ў Наваградак ідуць аж чатыры маршрутныя аўтобусы — а 13-й, 15.50, 17-й і 18-й. Квіток каштуе 5500 рублёў.

Той, хто мае намёт, можа, прыехаўшы на месца, кіравацца адразу да вёскі Сялец (2 км ад гораду), ля якой разьмесьціцца лягер з прадуктовымі кропкамі, запасам дроваў, пітной вады і аховай. Калі заплечнік цяжкі ці папросту пешкі ісьці ня хочацца — з Наваградку да Сяльца ходзяць аўтобусы.

Пераначаваць таксама можна будзе ў тамтэйшых інтэрнатах, замовіўшы папярэдне месцы праз т.: (01597) 21-6-95 (Галiна Галанава) або на прыватных кватэрах (iнфармацыя пра вакансii праз т.: (01597) 21-4-70. Ложак у інтэрнаце будзе каштаваць ня болей за дзьве тысячы рублёў, на кватэры — як дамовіцеся.

Харчавацца ў Намётавым Стане давядзецца самастойна, у iнтэрнатах ежу можна замовіць, зьвязаўшыся з той самай спн.Галанавай, на прыватных кватэрах — ізноў жа, па дамоўленасьцi з гаспадарамi.

Дадатковая інфармацыя па тэлефоне ў Менску: 220-68-74 (Ігар Міхна), e-mail: siver@ folk2.lingvo.minsk.by


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0