Наталка Бабіна

Пастка для крата

 

Пачатак

Электрычка сьвіснула, чмыхнула, загула ды адымчалася. Я рынула праз рэйкі на супрацьлеглы бок, скацілася па крутых прыступках у дол да ракітавых карчоў. Там гагатала купка жыцьцярадасных ёлупняў прызыўнога ўзросту. Сама сабе вылаяўшыся, я паляцела праз поле, што пачынала цямнець, да далёкіх дамкоў дачнага пасёлку.

Стаяў позьні лістапад. Час, калі, як слушна заўважыў клясык, ні журавоў у небе, ні груш на дрэве не пабачыш болей. Мне падабаецца гэтая пара першых маразоў і апошніх хрызантэмаў, падабаецца цішыня пустога лецішча, халоднае зорнае неба, не замутнёнае сьвятлом гарадзкіх натрыевых ліхтароў. Таму я часьцяком тут начую. Мама, калі б была жывая, пэўна, хвалявалася б, а бацька ставіцца да маіх паездак спакойна.

Я рысьсю праскакала ўзбоч хаткі вартаўнікоў, абабегла ставок і нарэшце пабачыла наш дом. Мая сьпешка тлумачылася проста і банальна. Мне трэба было ў прыбіральню. Такое час ад часу здараецца з усімі, нават з прывабнымі дзяўчатамі, да ліку якіх я адношу і сваю сьціплую асобу. Адразу пасьля апошняй лекцыі я паляцела на вакзал, бо спазьнялася на электрычку, у вагоне народу набілася да халеры — не хацелася на вачох ва ўсіх перціся ў тамбур, а каля станцыйнай установы агульнага карыстаньня купкаваліся вышейпамянёныя ёлупні. Ня дзіва, што на дачы я перш-наперш кінулася ў прыбіральню.

Вечарэла. Чыстае неба набыло зялёнае яблычнае адценьне, на ўсходзе засьвяцілася першая плянэта. Я рванула дзьверы прыбіральні і закрычала ад жаху. Мазнуўшы мяне па шчацэ халоднай рукой, адтуль вываліўся скарчанелы труп ды калодай грымнуўся на перакапаную граду. Гэта быў малады мужчына, прыстойна апрануты і мне зусім невядомы. Упаўшы дагары тварам, ён шклянымі вачыма глядзеў на мяне.

Я заціснула рот рукамі і прымусіла сябе замаўчаць. Што гэта?! Адкуль узялося?! І што цяпер рабіць?!

Цемра гусьцела на вачах, як, дарэчы, і па-за імі.

Мо ён усё ж жывы? Павагаўшыся, я нахілілася, каб паслухаць сэрца, адкінула крысо зімовай курткі і, страпянуўшыся, адхінулася. Проста з сэрца незнаёмца тырчэў наш дачны нож, падараваны бацьку адным падсудным, складаную і заблытаную справу якога тата выйграў. Доўгае вострае лязо ўвайшло ў цела аж да празрыстай плястыкавай тронкі. Тронкі, у сярэдзіну якой майстар уставіў кавалак кардону з размашыстым надпісам: “Сапраўднаму чалавеку — з падзякай”. Я выпрасталася і згубіла прытомнасьць. Не таму, што мяне дабіў змрочны сарказм надпісу, і не таму, што я, як гераіня Сафіко Чыяўрэлі, млела з будзь-якой драбязы. Мяне да непрытомнасьці давесьці няпроста, але, калі б вам далі абухом па галаве, вы таксама наўрад ці захавалі б ясны розум. А мяне ўдарылі, як потым высьветлілася, менавіта абухом — штопраўда, невялічкай сякеркі. Адзначыўшы апошнім пробліскам сьвядомасьці далёкі грукат калатушкі вартаўніка, я расьцяглася ў разоры...

...Дошкі нізкай столі, па якіх скачуць сполахі. Недзе выбухнула граната, затахкаў кулямёт. Водбліскі на столі заскакалі як шалёныя. Божухны, дзе я? Зь цяжкасьцю павярнуўшы галаву, якая невыносна балела, я пабачыла нашых вартаўнікоў, Збышка Янавіча ды Анупрыя Іванавіча. Іхныя барадатыя твары раз-пораз высьвечваліся на тле цёмнага акна. У няпэўным сьвятле выбухаў яны спакойна, але не без азарту, гулялі ў дурня.

Пабіўшы козырам Збышкаву карту, Анупры Іванавіч выцягнуў з-пад стала дубальтоўку, расчыніў акно і пальнуў у цемру, у бок кулямётных стрэлаў.

— О, о, туды, туды, — паказаў пальцам Збышак Янавіч.

Анупры Іванавіч пераклаў сабачку ды паслухмяна пальнуў і туды.

Ня вытрываўшы, я застагнала. Збышак падышоў да мяне і пагладзіў па галаве шурпатай рукой.

— Што тут робіцца, дзядзька? — прасіпела я. Голас адмаўляўся мне служыць.

— Маўчы, маўчы. Менш гавары — яно лепш будзе, — адказаў стары, падаючы мне алюмініевы кубак з вадою.

Тым часам выбухі за акном нібыта сьціхлі. Праўда, нешта там усё яшчэ гарэла, ад чаго ў пакоі было даволі сьветла. Грукнулі дзверы, празь сенцы прастукалі нечыя крокі, і... на табе! Андрэй-Накрый-Мяне-Андаракам зьявіўся на парозе зь пісталетам у руцэ. Далейшае я памятаю як сон. Здаецца, ён на руках занёс мяне ў машыну, здаецца, мігцелі міліцэйскія маячкі, здаецца, па дарозе ў Менск я ўсё парывалася нешта запытаць, пра нешта даведацца, але не магла і, здаецца, пры кожным мяккім гамаваньні або разгоне камяк падкатваў да горла і я думала: “Усё! Зараз выверне...”

Політэхнічная акадэмія

На золку наступнага дня, у ложку, я прытрымлівала на галаве халодны кампрэс ды намагалася зразумець: тое, што адбылося ўчора, гэта быў сон ці ўсё ж ява? Як з туману, выплывалі ўрыўкі ўспамінаў ды складаліся ў няпэўныя, мазаічныя тлумачэньні. Выходзіла нешта дзіўнае!

Аказваецца, мой немы лямант пачуў Збышак, што якраз абыходзіў даручаныя яму тэрыторыі. Стары пасьпяшаўся да нашай хаты, дзе й пабачыў ля прыбіральні ў градзе нас зь мерцьвяком. Далей Збышак дзейнічаў як спэцыяліст. Мерцьвяка не чапаў, сьвістком выклікаў брата і выправіў яго на станцыю званіць у міліцыю, а сам перанёс мяне ў сваю хатку, дзе пры сьвятле можна было агледзець мае раны. Былы санітар Войска Польскага, ён пабачыў, што вялікай шкоды абух не зрабіў (а сякерка тая ціхенька ляжала на сьцежцы ля прыбіральні), паклаў маё непрытомнае цела на ложак ды сеў чакаць міліцыю.

І так супала, што ў той момант, калі Анупры тэлефанаваў па 02, мой Андрэй па нейкіх сваіх справах быў у аддзеле Менскага раёну, куды перадалі “сыгнал”. Пачуўшы назву нашага дачнага пасёлку, ён вырашыў таксама паехаць. Ізноў жа, так супала, што ў нашым пасёлку на лецішчы былога начальніка Валадаркі ладзілі нейкі свой збор крымінальнікі. Міліцыя ехала шыкоўна — з сырэнай ды мігалкамі, і ў аховы, якую “аўтарытэты” выставілі на подступах да лецішча, ня вытрымалі нэрвы. І яна пачала вышэйзгаданы фаервэрк. Міліцыя хуценька выклікала дапамогу, і зладзеяў прыціснулі. Прычым спаміж “аўтарытэтаў” быў арыштаваны нехта Бомчык — рэцыдывіст, якога Андрэй шукаў ужо больш за год. Гэтыя надзвычайныя падзеі амаль цалкам засланілі сьціплага застыглага мерцьвяка ля нашай прыбіральні, якога міліцыя ўспрыняла як нязначны даважак да сваёй нечаканай пасьпяховай апэрацыі. Прынамсі, Андрэй усю дарогу дадому толькі й паўтараў: “Не, ты падумай, Бомчыка ўзялі! Год, ты падумай, год шукалі!” — і ціснуў на газ, сьпяшаючыся хутчэй у Менск, каб дапытаць таго Бомчыка.

Сваёй затуманенай абухом сьвядомасьцю я няшмат зразумела з блытаных, перасыпаных Бомчыкам Андрэевых тлумачэньняў і цяпер намагалася дадумаць незразумелае.

Перш за ўсё, хто гэты забіты? Ці аўтарытэты “замачылі” кагосьці з сваіх з-за ўнутрыцэхавых супярэчнасьцяў? Але чаму схавалі ў нашай прыбіральні? Маглі ж закапаць у лесе, піхнуць у ставок з каменем на шыі — і шукай! Навошта перахоўваць у чужым двары, дзе яго раней ці пазьней знойдуць? А мо гэта ў зладзеяў нейкі рытуал — пакінуць забітага ў прыбіральні, каб выказаць пагарду й агіду... Але чаму тады яго заперлі ў нашу прыбіральню? Хата Патаповіча, дзе ладзілася імпрэза, на другім боку пасёлку. Калі хацелі выказаць пагарду, дык чаму не запхнулі ў якую брудную прыбіральню — ну вось як на станцыі, — а ў нашай, прабачце за падрабязнасьці, стаіць біяклязэт, падведзена вада да мыйкі — усё даволі прыстойна, таму асаблівай сымболікі кшталту “патапілі ў парашы сабаку” тут не пабачыш. А можа, хацелі ўганараваць таго небараку такім чынам. Няхай, маўляў, хаця б пасьля сьмерці пастаіць у прыстойнай прыбіральні… Глупства лезе ў галаву. Я патрэсла памянёнай галавой, якая трохі гула. Ізноў жа — хто і за што грукнуў мяне па галаве абухом? Бо нешта бачыла? Або, наадварот, каб не пабачыла?..

Зазваніў будзік. Пара зьбірацца на заняткі: першай парай — ахова працы. Звычайна на гэтую навуку я хаджу праз тры разы на чацьверты, але сёньня — апошняя лекцыя перад залікам, праігнараваць нельга. Мерцьвякі сэсію за мяне не здадуць.

Я хутка сабралася і выйшла з дому. Расхадзіўшыся, выпіўшы кавы, я пачувалася збольшага нядрэнна. Сінякоў не было, валасы ад крыві ня зьліпліся... Чаму ж тады нейкі хлапец у сіняй куртачцы “падтрымаем айчынную лёгкую прамысловасьць”, што швэндаўся па двары, вылупіўся на мяне так, быццам на шыі ў мяне замест шаліка завязаная анаконда? Раскінуўшы рэшткамі мазгоў, я аднесла ягоную ўвагу на актыў сваіх батфортаў. Я іх ня вельмі люблю, але выглядаюць яны нядрэнна: высокія, амаль па сьцёгны, бліскучыя, з шнуроўкаю... Толькі я так падумала, высокі абцас хвалёных чобатаў трэснуў і адваліўся. Давялося вяртацца. Добра яшчэ, што не пасьпела адысьціся далёка. Хлопец у куртачцы, які йшоў за мной, зноў дзіўна скасавурыўся, калі я кульгала яму насустрач.

Пераабуўшыся, я зрабіла другую спробу трапіць у акадэмію, прычым ува мне штохвіліны мацнела змрочнае прадчуваньне, што я зноў спазьнюся. У нашай групе бытуе народная прыкмета: калі Яніна прыходзіць раней за выкладчыка — заняткаў ня будзе, бо ня будзе й выкладчыка. І прыкмета ніводнага разу не падвяла! Я шпарка хлюпала па разьлезлым сьнезе, што выпаў уначы. Зь неба сыпалася імжа, раўлі машыны, расплёскваючы калюжыны, людзі зь зямліста-белымі нездаровымі тварамі беглі туды й сюды — філія пекла пад назвай “Менск напрадзімку” функцыянавала як мае быць. На скрыжаваньні ля “Рыгі” я прыпынілася на “чырвоны”; міма натужна выў “ікарус”, і ад густога дыму, што валіў з выхлапной трубы, я імкліва адвярнулася.

Хлопец у сіняй куртачцы шпегаваў за мною! Ён стаяў воддаль, рабіў выгляд, быццам нешта разглядае ў шапіку, але цішком пазіраў на мяне і рыхтаваўся пабегчы сьледам на пераход. Здавалася б, учорашняе здарэньне мусіла мяне напалохаць. Але я зрабіла тое, чаго ня мусіла рабіць ні ў якім разе. Ногі самі панесьлі мяне да шпіёна. Прычым глядзела я яму проста ў вочы. На шпіёнскім твары імгненна зьмяніліся выразы зьдзіўленьня, разгубленасьці, сполаху, страху, панікі — і ён даў драпака! Я рынула сьледам, але ён пасьпеў дабегчы да дзевяноста першага, які якраз стаяў на прыпынку, — дзьверы пляснулі, аўтобус паляцеў як ашалелы, і шпіён ў сіняй куртачцы зьнік у шэрай далечы! Нейкі час я тупа стаяла, вылупіўшыся ўсьлед аўтобусу, пакуль не згадала, што спазьняюся.

Апошнія мэтры да корпусу я бегла ў тэмпе добрага стаера. Ліфт, пасьля пачатку заняткаў вольны, як вецер узьнёс мяне на пяты паверх. Галоўны корпус Палітэхнікі мае асаблівасьць: на пятым паверсе дзьверы ліфта выходзяць у доўгі, безь ніводнага акенца калідор, які другім канцом упіраецца ў дзьверы адзінай на гэтым паверсе аўдыторыі. Архітэктар упрыгожыў фасад корпусу шыкоўнай адкрытай калянадай, якая, аднак, займае амаль усю карысную плошчу, пакідаючы на “вучэбны працэс” толькі адзіную аўдыторыю ды доўгі сьляпы калідор.

Я была недзе на яго сярэдзіне, калі пачула за сьпінаю стрэл. Куля сьвіснула, здалося, проста ля вуха. Я адрухова сьцялася і азірнулася. Пуста, нідзе нікога! Яшчэ адзін стрэл, ізноў бжумкнула куля. Другі раз за раніцу ногі мае вырашылі ўсё за мяне. Такога тэмпу я не паказвала ні на адных спаборніцтвах і ўжо праз тры сэкунды штосілы рванула цяжкія дубовыя дзьверы, кожным нэрвам сьпіны чакаючы кулі... Расхрыстаная, у швэдры наперакос і з вар’яцкімі вачыма, уляцела я ў аўдыторыю, грукнуўшы дзьвярыма.

Працяг будзе.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0