аналітыка

Хто заменіць Навіцкага?

Сёньня нашы спэцыяльна нанятыя аналітыкі разважаюць пра тое, хто стане новым прэм’ер-міністрам Беларусі і што б магла значыць заява Пуціна пра беларуска-расейскі саюз. У дыскусіі бяруць удзел урач-футуроляг Фядупа, Змагар нябачнага фронту, вядомы журналіст Тыкубовіч, апазыцыйны палітык Лабэцька і штатны аналітык Калядоп.

Фядупа: Гэта ў ельцынскія часы за адзін пацалунак можна было гадавую прадукцыю МТЗ збыць, а Пуціна катлетамі не кармі. Таму адзінай магчымасьцю выйсьці з гэтай сытуацыі й адкласьці хоць на нейкі час вялікую порку для Гаранта Канстытуцыі зьяўляецца зьмена ўраду. Я думаю, што ідэальнай кандыдатурай на пост новага прэм’ер-міністра быў бы дасьведчаны палітык, мэтрабудаўнік Міхал Марыніч, які днямі заклікаў абодвух Гарантаў не дыскрэдытаваць ідэю брацтва народаў, а зрабіць лепей акцэнт на эканамічным паказьніку — каб грамадзяне адчулі канкрэтныя вынікі супрацоўніцтва. Бо надышоў час плаціць па рахунку!

Змагар: Усё, што вы кажаце, а дакладней, Вашымі вуснамі кажуць спэцслужбы, — гэта дэмагогія, разьлічаная на бабку Тэклю, якая вымірае ад абнішчаньня і тупіка. Пуціну недаспадобы перш за ўсё ідэалягічнае шалупіньне беларускага кіраўніцтва — славянская рыторыка, вайна з мовай, адмена дзяржаўнае сымболікі, разгон дэманстрацыяў, саюз з Расеяй… А гэта зьменай прэм’ера ня вырашыш!

Лабэцька: Марыніч? Ды вы што! Ужо адзін той факт, што ў часе верасьнёўскіх выбараў ён быў з намі, цалкам дыскрэдытуе яго! У вачох прэзыдэнта, я хацеў сказаць. Нават мая кандыдатура выглядае тут больш прывабна: я ж ня лез за мандатам, як голы ў крапіву. Тым больш, прызнаюся, што маю ўласную пазыцыю і свой погляд на інтэграцыйны працэс і пры наяўнасьці пэўных прапановаў мог бы ўзначаліць…

Змагар: Вы сябе ў люстэрка бачылі? Вы чарапы свае мералі? Сапраўдным беларускім прэм’ерам можа стаць толькі этнічны беларус балта-славянскай расы крыўска-ліцьвінскай мэнтальнасьці, які будзе ведаць на памяць усе беларускія граматыкі й радавод вялікіх князёў літоўскіх! Дый як можа антыканстытуцыйная ўлада абіраць прэм’ер-міністраў? Прапаную зладзіць выбары пад міжнародным пратэктаратам!

Калядоп: Паводле інфармацыі з дасьведчаных крыніц, новым прэм’ерам мае шанцы стаць чалавек, які бачыць нашую сытуацыю з адлегласьці. Невыпадкова ў Беларусь прыяжджае Барыс Ельцын — чалавек з калясальным палітычным і жыцьцёвым досьведам, блізкі сябар прэзыдэнта Лукашэнкі. Яны маглі б утварыць моцную каманду і канструктыўна…

Тыкубовіч: Калегі, трэба памятаць, што расейскага прэзыдэнта атачаюць мірыяды паркетных і падпаркетных аналітыкаў, што косяцца на геаграфічную мапу, дзе Русь выглядае больш маштабна, чым Беларусь. Яны рэгулярна падсоўваюць Пуціну неправераную інфармацыю, а ён і выступае… Не да канца, відаць, усьведамляе гістарычную адказнасьць за кожны крок на шляху інтэграцыі. Але ў любым разе, права выбару — за Гарантам Канстытуцыі, які заўжды на дзень хутчэйшы за нас усіх. Не сумняюся, што пры тым прэм’еру, якога абярэ ён, беларусы й надалей змогуць езьдзіць па справах у Маскву і Ханты-Мансійск ды не адчуваць сябе за мяжой.

Змагар: Але чэрап яму памераць усё ж не зашкодзіла б!


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0