Футбольныя кібэржарсьці

фэльетон

Параза расейскай зборнай у матчы зь Японіяй унурыла ў глыбокую мэдытацыю ня толькі расейскіх спартовых чыноўнікаў. Фанам зь “белымі каўнерыкамі” (гурту расейскіх хакераў) спатрэбілася некалькі сутак, каб разабрацца ў сытуацыі і зрабіць свае высновы. Аб гэтым яны й паведамілі на сайце з вельмі паважнай назвай SecurityLab (http://securitylab.ru/?ID=31355).

Аказваецца, хітрыя самураі даўмеліся кіраваць рухамі футбольнага мяча! Дзён за колькі да пачатку чэмпіянату хакеры пралезьлі ў кампутарную сетку стадыёну ў Ёкагаме. Іх уразіла, да якой ступені стадыён нашпігаваны электронікай. Апроч кампутарных сыстэмаў адміністрацыі, бугальтэрыі, службы бясьпекі, хакеры наткнуліся на сыстэмы кантролю асьвятленьня, аўтаматычнага паліву газону, блякаваньня дзьвярэй у калідорах і на аўтастаянцы ды на нешта накшталт сыстэмы падагрэву стадыёну. Але ня гэта ўрэшце прыцягнула іхную ўвагу. Сярод іншых выявілася вельмі складаная сыстэма, якая, як “адмыслоўцы” пазьней (натуральна, ужо пасьля матчу) сьцямілі, прадраўшыся праз амаль непераадольныя моўныя перашкоды, была прызначаная для стварэньня магутнага электрамагнітнага поля, здольнага “карэктаваць” палёт мяча. Да гэтай думкі іх падштурхнула спазіраньне таго, як пасыланыя расейцамі мячы ўпарта ня йшлі ў японскую браму.

Хакеры растлумачылі гэта тым, што ў гексаганальных насечках мячоў была схаваная ценкая драцяная сетка з найноўшых нанаматэрыялаў, якая і рэагавала на ўключанае тэхнікамі ў належны момант электрамагнітнае поле, адхіляючы мяч ад, здавалася б, стоадсоткавай голавай траекторыі. Прадстаўнікі SecurityLab зьвярнуліся па тлумачэньні да супрацоўнікаў лябараторыі звышгукавых хуткасьцяў Інстытуту мэханікі МДУ, якія нібыта прызналіся, што самі даўно ўжо займаюцца такімі праблемамі, а тое, пра што паведамілі хакеры, тэарэтычна магчыма.

Але ж расейскім хакерам давялося вырашыць задачку ня з простых! А таму і з сытуацыяй яны разабраліся не адразу, а то абрынулі б на кампутарныя сыстэмы стадыёну ў Ёкагаме ўсю хакерскую моц адной шостай зямной кулі і, хто ведае, можа, яшчэ пасьпелі б паўплываць на вынік таго ганебнага для Расеі матчу. І гэта было б па-джэнтэльмэнску. Ня тое што біць без разбору бязьвінных уладальнікаў твараў з азіяцка-ціхаакіянскімі рысамі.

Яны гэтага, аднак, не зрабілі. Але адпомсьціць зламысным разумнікам-японцам паабяцалі. Адразу і за крэйсэр “Вараг”, і за Сяргея Лазо, і за паразу ў Ёкагаме… Расейскія хакеры гарантавалі туркам перамогу. Багата якія расейскія фаны пасьля гэтага ўздыхнулі з палёгкай і верай у справядлівае пакараньне. У моц расейскіх хакераў вераць цяпер болей, чым у моц зборнай…

Тыя, каму цікава, могуць крыху яшчэ пазабаўляцца, пачытаўшы на пазначанай вышэй старонцы форум, адмыслова прысьвечаны гэтай тэме.

Сяргей Санько


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0