Навіны гаспадарскія

НА ТЫСЯЧУ ЖЫХАРОЎ Беларусі прыпадае 2,7 прадпрымальніцкай структуры. У Расеі — 6, у Эўразьвязе — 30, у ЗША — 74.

ЦЭНЫ З ПАЧАТКУ ГОДУ падвысіліся на 19,3%. Найбольш падаражэлі жыльлёва-камунальныя паслугі (86%), транспарт (36,6%), паслугі аховы здароўя (26,9%) і службы побыту (25,4%).

МІЖГАРОДНіЯ АЎТОБУСЫ падаражэлі. Цяпер кілямэтар у “агульных” аўтобусах каштуе 25,2, у мяккіх — 28,5, у дадатковых — 38,5, у экспрэсных — 42,8 руб.

САЦЫЯЛЬНЫЯ ПЛЯСТЫКАВЫЯ КАРТКІ хоча ўвесьці Нацбанк. Па іх можна будзе аплачваць ільготны праезд, атрымліваць зьніжкі ў крамах, здымаць пэнсію ў банкамаце. Першымі сацыяльныя карткі атрымаюць жыхары Берасьцейшчыны.

НЕПРАДАДЗЕНАЙ ПРАДУКЦЫІ на беларускіх прадпрыемствах назьбіралася ў сярэднім 75% ад месячнага паказьніку вытворчасьці. Запасы кавальска-прэсавых машынаў складаюць 4,5, матацыклаў — 3, гадзіньнікаў — 2,7, шкарпэтак — 2 месячныя запасы.

АБ’ЁМ ПЕРАПРАЦОЎКІ нафты на “Нафтане” зьменшыўся ў 1,6 разу. Тлумачыцца гэта рэзкім скарачэньнем паставак з Расеі.

УРАД АДТЭРМІНУЕ выплату ранейшых запазычанасьцяў па падатках менскаму маторнаму і трактарнаму, клімавіцкаму лікёра-гарэлачнаму ды іншым заводам. Ільготу атрымаюць толькі тыя прадпрыемствы, што спраўна плацяць падаткі сёлета.

ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ змусяць аддаваць 36% даходу ў пэнсійны фонд. Пакуль пэнсійныя складкі для прыватнікаў добраахвотныя.

5-ПРАЦЭНТНЫ мясцовы збор на турыстычныя паслугі і паслугі салёнаў уводзяць з 1 ліпеня ў Берасьці. Тычыцца ён турыстычных фірмаў, кампутарных, шлюбных і фотасалёнаў, більярдных клюбаў.

КАБ АБАРАНІЦЬ аб’екты інтэлектуальнай уласнасьці (навуковыя распрацоўкі, мастацкія творы, гандлёвыя знакі) ад вывазу з тэрыторыі краіны, іх аўтары мусяць напісаць заяву і заплаціць 20 эўра. Праўда, спачатку творы давядзецца ўнесьці ў мытны рэестар — гэта будзе каштаваць яшчэ 300 эўра.

МЕНСКІ АЎТАВАКЗАЛ “Цэнтральны” пачнуць рэканструяваць у 2004 г. Тут пабудуюць шматузроўневы паркінг і гандлёвы цэнтар.

100 НОВЫХ АЎТОБУСАЎ МАЗ купіць сёлета Менск. Летась купілі болей — 170.

АЎТОБУС З ГОРАДНІ Ў АДЭСУ пусьцілі ў пятніцы. Ехаць ён будзе празь Менск, Гомель, Чарнігаў і Кіеў.

АСФАЛЬТ І БЭТОН пачне вырабляць у вольнай эканамічнай зоне “Менск” акцыянэрнае таварыства “Пасэльспэцбуд”. Асноўны капітал таварыства — нямецкі.

С.І.

Магчымы дэфіцыт бэнзыну

За апошнія два месяцы цэны на бэнзын у Беларусі падвышаліся чатыры разы. Пасьля апошняга падаражаньня самая якасная марка АІ-95 стала каштаваць 740 рублёў (0,41 даляра) за літар. Цалкам магчыма, што і гэты тарыф неўзабаве будзе павышаны.

Небясьпечнае для нашых аўтамабілістаў не падвышэньне цэнаў, а магчымы пэўны дэфіцыт бэнзыну ў жніўні-верасьні. Расейскім экспартэрам нафты робіцца ўсё менш выгадна пастаўляць сваю прадукцыю ў Беларусь з-за таго, што пастаўкі сюды ажыцьцяўляюцца па ніжэйшых цэнах, а вось падаткі і зборы прыходзіцца сплачваць вышэйшыя. Ім лацьвей экспартаваць яе на Захад, у іншыя краіны СНД, прадаваць на ўнутраным рынку.

Перапрацоўваць сваю нафту пасьля нядаўняга павышэньня экспартных пошлінаў расейскія кампаніі таксама стараюцца ў Расеі. Калі да нядаўняга часу многія зь іх меркавалі ўвайсьці на беларускі рынак, набыўшы кантрольны пакет акцый беларускіх НПЗ, дык цяпер у кампаніях пануе няпэўнасьць. А нашыя ўлады яшчэ й плянуюць увесьці дадатковыя падаткі на разьвіцьцё спорту — па два даляры з кожнай тоны нафты, што ўвозіцца на перапрацоўку.

С.П.

Манаполія на страхаваньне

Абавязковае страхаваньне грамадзянскай адказнасьці ўладальнікаў транспартных сродкаў будзе, відаць, перададзенае ў рукі “Белдзяржстраху”.

Днямі Аляксандар Лукашэнка паўторна даручыў ураду разгледзець прапановы свайго памочніка па эканамічных пытаньнях Сяргея Ткачова, якія тычацца “адзяржаўленьня” гэтае галіны страхаваньня. Ткачоў у сваёй аналітычнай запісцы настойвае на тым, што ў пераходны пэрыяд дзяржава мусіць сама выступаць у якасьці лякаматыва разьвіцьця рынку страхавых паслуг. А прыватным кампаніям Ткачоў раіць “разьвіваць новыя віды страхаваньня”, даводзячы сваю прадпрымальнасьць. Незалежныя страхоўнікі ў такой настойлівасьці бачаць прадпрымальнасьць самога Ткачова: надта ўжо прыбытковая штука абавязковае страхаваньне.

Пошліны на іншамаркі ня вырастуць

З 1 ліпеня мытнае заканадаўства Беларусі і Расеі мусіць, паводле дамоваў, уніфікавацца амаль цалкам. Аднак разыходжаньні па некалькіх дзясятках назваў тавараў усё ж застаюцца. Сярод іх — патрыманыя імпартныя аўтамабілі, пошліны на якія ў Беларусі пакуль ня зьменяцца. Хоць у пэрспэктыве, калі Беларусь мацней прычэпяць да ўсходняе суседкі, магчыма, стаўкі ўсё-такі будуць павялічаныя.

С.П.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0