Першая за сто гадоў

У Серабранцы на вуліцы Пляханава адкрылася капліца — першы каталіцкі храм, збудаваны ў Менску пасьля Чырвонага касьцёлу. Узводзілі яе дзесяць месяцаў, а перад гэтым сьвятар Ігар Лашук тры гады “выбіваў” у Менгарвыканкаме зямельны надзел. У мінулую нядзелю капліцу асьвяцілі ў гонар сьвятога Яна. Высьвячаў біскуп Кірыла Клімовіч. Людзі радуюцца: болей ня трэба будзе арандаваць памяшканьне для набажэнстваў у ЖЭСе.

Усяго ж сталіца, паводле падлікаў рыма-каталікоў, мае патрэбу ў 35 касьцёлах. А іх на сёньня толькі пяць.

Новая капліца хутчэй падобная на касьцёльчык са званіцай і прасторнай заляй для набажэнстваў. Парафіяне з маладым ксяндзом Ігарам Лашуком зьбіраюцца распачаць будаўніцтва вялікага касьцёлу ды аднавіць зруйнаваную старажытную капліцу ў Лошыцкім парку. Аднак мясцовыя ўлады працівяцца. Ігар Лашук робіць таксама захады, каб вярнуць вернікам касьцёл у Раўбічах, які займае пад музэй Міністэрства культуры.

Вольга Кляшчук, фота аўтара


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0