Лазьнікі
“Шчодры дар” — так называўся чэмпіянат Беларусі сярод аматараў лазьні, што прайшоў 22 чэрвеня. Удзельнікі прыехалі ў сталіцу з розных рэгіёнаў краіны і нават зь Вільні. Жанчыны аказаліся больш трывалымі за мужчын.
Каманды па 6 удзельнікаў уваходзілі ў саўну. За імі праз шкло маглі назіраць гледачы, судзьдзі, доктар і супернікі. Кожны сядзіць столькі, колькі можа. Чацьвёра першых, хто ня вытрываў і выйшаў, выбываюць. Астатнія двое ідуць у наступны этап спаборніцтваў. У фінале, галоўны прыз якога — бясплатная паездка ў Фінляндыю, апынуліся 6 мужчынаў і столькі ж жанчынаў.
Найлепшы час, які дагэтуль пры аналягічных умовах не дэманстраваў ніхто нават на чэмпіянатах сьвету, паказала 43-гадовая Валянціна Ўейская. Яна вытрывала 24 хвіліны 23 сэкунды. Сярод мужчынаў найлепшы вынік у 44-гадовага Сяргея Трыфанава — 21 хвіліна 7 сэкундаў. У ягонай жонкі другое месца сярод жанчынаў — 24 хвіліны 18 сэкундаў.
Першы такі чэмпіянат у нас адбыўся летась. Тады маладой жанчыне проста ў саўне зрабілася блага, але выходзіць і выбываць з гульні яна не пажадала. Давялося арганізатарам выводзіць адтуль усю каманду, паабяцаўшы, што ўся яна трапляе ў фінал.
Сёлета ніякіх непрыемнасьцяў не адбылося. Мэдкамісія выбрала з 45 прэтэндэнтаў 40 удзельнікаў, у тым ліку 9 жанчынаў. На леташнім чэмпіянаце фіны, славутыя сваімі лазьнямі, заўважылі: скандынаўскія жанчыны так доўга ў саўне не вытрымліваюць… А нашыя жаночыя каманды нават даўжэй за мужчынскія сядзяць.
Тэмпэратура ў саўне падчас спаборніцтваў — 90 градусаў. Пры высокай вільготнасьці (кожныя 30 сэкундаў на каменку вылівалася паўлітра вады) уседзець там няпроста.
Удзельнікам чэмпіянату можа стаць кожны, хто мае 18 гадоў і 5-гадовы “стаж” наведваньня лазьні. Век сёлетніх удзельнікаў — ад 24 да 60 гадоў. Як бачым, у фінал выходзяць тыя, каму за 40. Гэта той від спорту, дзе гады толькі на карысьць.
Алена Аўчыньнікава