Зварот Аслана Масхадава

Адкрыты ліст прэзыдэнта Чачэнскай рэспублікі Ічкерыя Аслана Масхадава, які ён даслаў прэзыдэнтам і прэм’ер-міністрам краінаў “Вялікай васьмёркі”, у тым ліку Ўладзімеру Пуціну і Міхаілу Касьянаву

Прэзыдэнты і прэм’ер-міністры, напярэдадні вашай сустрэчы на найвышэйшым узроўні ў Кананаскісе я пішу, каб прыцягнуць вашу ўвагу да трагедыі ў Чачэніі й заклікаць вас зрабіць усё магчымае, каб скончыць гэтую бессэнсоўную вайну.

У тую пятніцу ў лісьце да прэзыдэнта Пуціна я пацьвердзіў нашую гатовасьць распачаць неадкладныя крокі да мірнага вырашэньня расейска-чачэнскага канфлікту і прапанаваў прыпыніць баявыя дзеяньні з 15 ліпеня 2002 г. Больш за тое, для папярэдняга абмеркаваньня ўсіх пытаньняў я прапанаваў прэзыдэнту РФ У.Пуціну ўзнавіць кантакты між нашымі прадстаўнікамі Віктарам Казанцавым і Ахмедам Закаевым.

Я пэўны, што гэта прапанова можа зрабіцца першым практычным крокам на шляху мірнага разьвязаньня канфлікту і пакласьці пачатак выпраўленьню трагічных хібаў у расейска-чачэнскіх адносінах. Далейшыя спробы вырашыць канфлікт зброяй адно павялічаць колькасьць ахвяраў і паглыбяць расейска-чачэнскія супярэчнасьці.

Гэтая прапанова – шанец для Расеі й Чачэніі, шанец міру, дэмакратыі і працьвітаньня. І ён, я спадзяюся, ня будзе змарнаваны. Таму я прашу вас пераканаць прэзыдэнта Пуціна прыняць гэтую прапанову. Больш таго, я заклікаю вас спрыяць нам усімі магчымымі сродкамі ў нашым намаганьні скончыць гэтую доўгую, жорсткую і бессэнсоўную трагедыю.

Вайну можна скончыць толькі адным спосабам – зрабіць рэальны крок да палітычных перамоваў. А гэты працэс патрабуе ўдзелу шырокай міжнароднай супольнасьці.

З павагай, Аслан Масхадаў,

прэзыдэнт Чачэнскай рэспублікі Ічкерыя


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0