кіно

Прыгоды не без нуды

Гадоў зь пяць таму я глядзеў па тэлевізары афіцыйны фільм да чарговай гадавіны ўсенароднаабраньня. Пачуўшы саўндтрэк, ледзьве не зваліўся з крэсла: зьяўленьне першага прэзыдэнта суправаджалася мэлёдыяй з “Зоркавых войнаў”, пад якую рыцар-джэдай Люк Скайуокер крышыў ворагаў і цяжка пакутаваў ад безбацькоўства…

Цяпер у менскіх кінатэатрах ідзе чарговая сэрыя “Зоркавых войнаў”. Стваральнікі “Эпізоду ІІ” прапануюць гледачам панастальгаваць па часох, калі “ў далёкай-далёкай Галяктыцы віравалі зоркавыя войны”, адчуць асалоду ад выдатных кампутарных спэцэфэктаў і памерці ад нуды падчас любоўна-палітычных сцэнаў.

25 гадоў таму пабачыла сьвет першая частка (“Эпізод ІV”) “Зоркавых войнаў”. У гэтым казачна-касьмічным эпасе з робатамі, прынцэсамі і пачварамі паўстанцы Рэспублікі змагаліся з Імпэрыяй зла, вайсковыя сілы якой ачольваў генэрал Дарт Вэйдэр. З таго часу ўсё й пачалося: чэргі ў кінатэатры (дарослыя глядзелі гэты фільм па восем разоў), мільённыя зборы, кампутарныя гульні, зьяўленьне якіх справакавала сама карціна. Пасьля трох сэрый ды перапынку ў пятнаццаць гадоў рэжысэр Джордж Лукас вырашыў зьняць перадгісторыю.

У “Эпізодзе І” Дарт Вэйдэр — тады яшчэ Энакін Скайуокер, кемлівы хлопчык і вучань рыцара-джэдая — ня мог ня быць станоўчым героем. У “дрэннага дзядзьку” ён пачаў ператварацца якраз у сэрыі, якую мы цяпер глядзім. Пасталелы Энакін (Хайдэн Крыстэнсэн) ня слухае настаўніка Обі-ван Кенобі (яго грае Эван МакГрэгар), раз-пораз трагічна сьціскае зубы і — самае галоўнае — сымпатызуе прынцэсе Падмэ (Наталі Портман), каханьне да якой і скіравала яго на амаральны шлях.

На тле іхных доўгіх разважаньняў пра пачуцьці й дыктатуру навіны АТН выглядаюць баевіком.

Аднак і прыгодаў у фільме хапае: пагоня за наёмным забойцам, змаганьні на зоркалётах, бітвы з паскуднымі жывёламі і мэханічнымі жаўнерамі, дэсант клонаў і, зразумела, фірмовая лукасаўская бойка на лазэрных мячох між галоўным настаўнікам джэдаяў магістрам Ёдам і галоўным нягоднікам — графам Дуку. Ёда тут цалкам кампутарны — зялёны, маленькі, як Чабурашка, гаворыць вершамі, крэхча і скача як зайчык, гераічна шпурляючыся калёнамі. Лялька Ёды, якая “здымалася” ў першых “Зоркавых войнах”, з пашанай здадзеная ў Бруклінскі музэй мастацтва.

Перасьлед найманага кілера нагадвае пагоню на паветраных таксоўках зь “Пятага элемэнту”, толькі ў Лукаса гэта глядзіцца больш шыкоўна й тэхналягічна. Бітва арміяў падобная да аналягічнае сцэны з “Апакаліпсысу сёньня” Копалы, а паскудныя інсэкты, якія зьбіраюцца пакусаць прынцэсу, прыпаўзьлі з “Доктара Но”. Не кажу ўжо пра файную сцэну на канвэеры, дзе зьбіраюць баявых робатаў. Героі адбіваюцца ад паветраных ворагаў і адначасова ўхіляюцца ад рычагоў — заводы ў амэрыканскім кіно даўно ўжо ператварыліся ў цёмны лес са сваёй Бабай Ягой.

Фільм здымаўся на адмысловыя лічбавыя камэры, што спрашчала кампутарную апрацоўку. І ўсё адно некаторыя кадры складаюцца з тысячаў слаёў. Магутнасьці пэнтагонаўскіх кампутараў саступаюць кампутарам Лукаса. На тле бяскроўных, нецікавых, ніякіх людзей жывымі й ачалавечанымі выглядаюць менавіта віртуальныя пэрсанажы. Прыкладам, мэханічныя блазны R2-D2 і C-3PO. Адзін тоўсты — другі тонкі, адзін маўчун — другі балбатлівы, адзін увесь час легкадумна трапляе ў нерат — другі вызваляе недарэку.

“Зоркавыя войны” ўжо зрабіліся гісторыяй, паўплывалі на культуру, палітыку, чалавечую сьвядомасьць. Так, у Вялікай Брытаніі, згодна з апошнім перапісам, каля тысячы чалавек у графе “веравызнаньне” напісалі “Джэдай”. Колішні прэзыдэнт ЗША Рональд Рэйган назваў праграму стратэгічнай абарончай ініцыятывы — з касьмічнымі караблямі й лазэрамі — праграмай зоркавых войнаў. Лукас нават судзіўся зь ім за крадзеж інтэлектуальнай маёмасьці, але працэс прайграў. А Савецкі Саюз з часу зьяўленьня першае сэрыі “Войнаў” трывала пачалі называць Імпэрыяй зла. Фільм зрабіўся пудзілам у СССР: на школьных занятках нам распавядалі пра антысавецкія “Зоркавыя войны”, а мы думалі: “Хоць бы адным вокам убачыць”…

За канчатковым ператварэньнем Энакіна ў пачварнага генэрала Дарта Вэйдэра можна будзе паназіраць у 2005 г. — да таго часу Лукас зьбіраецца скончыць “Эпізод ІІІ” касьмічнага эпасу.

Андрэй Расінскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0