эсэ

Сьцежкі фартуны

Імя Фадзея Булгарына ў спэцыяліста выкліча натужлівую ўсьмешку. Неадмысловец папнецца згадаць нештачка такое — і не згадае. Булгарыну наканаваная няпомнасьць. Калі гісторыя насамрэч мае звычку помсьціцца за беспрынцыповасьць і здраду, дык у дачыненьні да яго гэта глядзіцца на голую праўду. Ён не адразу зрабіўся Фадзеем Венядзіктавічам: нарадзіўшыся тут, быў Тадыкам, Тадэйкам, сынам Бенядзікта — беларускага шляхціца з Ігуменшчыны.

Ад самых народзінаў паміж першым і другім разборамі Рэчы Паспалітай (1789 г.) ён доўга сіліўся ўцяміць, дзе жыве, але ніяк ня мог даступіцца той праўды. Здаецца, Беларусь, але ўвадначас і Літва, і Польшча, і Расейская імпэрыя ажно. Інтанацыі ў размовах старэйшых аб адных і тых самых асобах зьмяняліся разам з ацэнкамі вакольнай рэчаіснасьці хутчэй, чым гаршчок пад азадкам Тадэйкі. Штось кіравала ягонай дзіцячай сьвядомасьцю, вучыла прыстасоўвацца да палітычнае каньюнктуры. І няхай на першых часох гэтай каньюнктурай быў бацькаў настрой і ягоны зусім ня слуцкі пояс...

Калі ж падрос вышэй бацькавых калёс і пагроз, дык сьпярша за лепшае падалася туга за Рэччу Паспалітай і непрыязнасьць да Расеі. Расейскія цары нібы ня ведалі, чаго хацелі: во як яны з тым Касьцюшкам — то пасадзяць у вязьніцу, то выпусьцяць. Але замкі шляхецкія ламаць не пераставалі, хоць яшчэ не зусім дбалі пра “русское лицо” краю. Тая расейская няпэўнасьць трохі нагадвала рашучасьць апошняга “польскага круля”. Для поўнай адпаведнасьці не ставала шляхецкіх войскаў, разагнаных тымі ж расейцамі. Таму атрымаць вайсковую падрыхтоўку ў пакуль яшчэ варожай арміі заганай не было.

Між тым, у Эўропе дзеялася штось цікавае, і трыюмф Расеі тут не здаваўся канчатковым. З тае прычыны ані на каліўца ня выдалася дзіўным пакінуць “по худой аттестации” расейскае войска й шмыгнуць да Напалеона. Змагацца за новы кірунак фартуннага ветру. Пазьней Булгарына будуць апраўдваць — маўляў, не ваяваў ён супраць Расеі, быў на іншых франтох. Ваяваў, не ваяваў — нам гэта неістотна. Істотна, што Беларусь ён пачаў забываць. Параза Напалеона змусіла Тадэя пераацаніць становішча. Расея, якую так не любілі бацькі і нелюбоў да якой прышчэплівалі яму, адужала так доўга шанаваную Францыю.

Беларусь сталася транзытным пунктам для 24-гадовага юнака пасьля палону. Як бы ня знаючы, куды прытуліцца, ён далучаецца да віленскіх шубраўцаў. Тадэй пераканаўся, што ўсе гэтыя паўадкрытыя масоны-шубраўцы — са сваімі бруковымі ведамасьцямі й памкненьнем удасканальвацца маральна ва ўмовах перамогі Расейскай імпэрыі — ня маюць для яго ніякае карысьці. Пагатоў што блізкім да шубраўцаў філяматам і філярэтам ужо дасталося на гарэхі… У Санкт-Пецярбургу Тадэй канчаткова преобразился ў Фадзея. У таго самага сівага, кароткага, тоўстага, як цурбан, плюгавага, дужа некрасівага пана, якім мы ведаем яго з нашага “Тараса”. Так, безумоўна, Булгарын быў зь сім-тым прагрэсіўным расейцам на короткой ноге. Але гэта не замінала яму пісаць, пісаць і яшчэ раз пісаць даносы ў ІІІ аддзяленьне (тагачаснае КГБ). “Северные пчёлы” бароняць беспрынцыпнасьць свая... Фадзей Булгарын — чалавек, які страціў Радзіму і нават у паэтычных лятунках не пажадаў вярнуцца да яе. Гіпэртрафаваны сарказм з краіны, кпіны зь беларускае мовы ў ягоных творах мала падобныя на вяртаньне да Беларусі. Яна ў ягоных вачох — разьменная манэта. Спачатку належала аднаму, пасьля прыяднаў у свой скарб іншы. Мова — няўцямная кавярда, жаргон адмоўных пэрсанажаў гісторыі й літаратуры.

Фадзей Булгарын цікавы нам сёньня як прыклад дэградацыі рэчпаспалітаўскага і краёвага патрыятызму. Гэта прыклад магчымага, пры пэўных акалічнасьцях, жыцьцёвага шляху Міцкевіча, Чачота, Баршчэўскага ды іншых пачынальнікаў беларускае думкі ў рэчышчы любові да зруйнаванай Рэчы Паспалітай і нялюбасьці да Расеі. Напяты кар’ерызм, вырачэньне Радзімы, флюгернасьць робяць постаць Булгарына непрывабнай як для нас — беларусаў, так і для іх — расейцаў. Ведама, ён быў аўтарам папулярных у свой час раманаў. Але гэтая папулярнасьць супастаўная з папулярнасьцю сёньня ў паспольстве кніг Марынінай ці мыльных опэраў. Можна караскацца на Парнас, але блуклівыя сьцежкі фартуны завядуць такога героя максымум на Лысую гару. Пэўна, ужо доля такая ў такіх.

Сяргей Балахонаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0