У Слуцку па-сьвінску

Землякі князёўны Анастасіі перавялі сёлета на расейскую мову 66 з 146 беларускамоўных клясаў

Што ні дзень, то ўсё болей пераконваешся: намаганьне як мага хутчэй “абрусіць” беларусаў, асабліва школьную моладзь, робіцца ледзь ня стрыжневай лініяй дзяржаўнай палітыкі. Мяркуйце самі: у 2001 г. у 8 з 13-ці слуцкіх школаў налічвалася 146 клясаў зь беларускай мовай навучаньня (усяго 3688 вучняў) і 300 расейскамоўных (7169 вучняў). Сёлета ж беларускіх клясаў ацалела толькі 80 — амаль удвая меней, а колькасьць вучняў скарацілася да 2140 чалавек. Гэта афіцыйная статыстыка. Да трох школаў (1-я, 2-я, 8-я), дзе даўно няма беларускамоўных клясаў, далучылася і 10-я, адна з самых буйных — на 1400 вучняў. Напалову скарацілі беларускамоўныя клясы ў 5-й, 7-й, 13-й школах, а ў 11-й — аж у пяць разоў, там засталося толькі 6 клясаў на 166 вучняў — з 1650, што наведваюць школу.

Самае трывожнае, што на расейскую мову пераводзяць усе падрыхтоўчыя клясы. То бок яны будуць вывучаць усе прадметы толькі па-расейску, аж пакуль ня скончаць школу, як было ў 40—80-я. Для беларускай мовы і літаратуры застанецца сьціплы “куточак” у праграме, дый зь яго, як паведаміла нядаўна БелТА, хутка “зрэжуць” гадзіны.

У гарадзкім аддзеле адукацыі матывацыю масавага пераводу падрыхтоўчых клясаў на расейскую “стезю” вытлумачылі проста: “Так захацелі бацькі — іхнае права”. Ня верыцца, што ўсе 13 школаў наведалі гурты зацыкленых на непавазе да роднай мовы бацькоў. А калі так, то варта было б ім нагадаць пра пастанову Міністэрства адукацыі “Праграма дадатковых мер па расшырэньні сфэры выкарыстаньня беларускай мовы ў сыстэме адукацыі” ад 27 жніўня 2001 г. Аднак у Слуцку не сьпяшаюцца выконваць пастанову Міністэрства, дый самі настаўнікі ў школах ня выявілі прынцыповасьці й рашучасьці ў гэтай важнай справе — іх сёньня болей непакоіць затрымка заробку.

У 1884 г. генэрал Мураўёў забараніў выкладаньне беларускай мовы ва ўсіх школах “паўночна-заходняга краю”, а з Расеі сюды тэрмінова накіравалі аж 1600 настаўнікаў. Сёньня патрэбы ў чужых настаўніках няма. Беларусь стала незалежнай краінай, але функцыі “завазных” пэдагогаў у справе абрусеньня школы выконваюць свае. Нават выкладчыкі роднай мовы, якія ў большасьці на ёй размаўляюць толькі ў клясе, а дома, на вуліцы пераходзяць на “трасянку” ці расейскую. Як той Зносак зь вядомай камэдыі Янкі Купалы “Тутэйшыя”.

Міхась Кутнявецкі, Слуцак


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0