У вушацкую вёску Бычкі, на Радзіму Васіля Быкава, прыехала каля шасьцідзесяці чалавек. Госьці сабраліся з розных куткоў Беларусі — Менску, Полацку, Наваполацку, Віцебску, Шаркаўшчыны. Завіталі Аляксандар Мілінкевіч зь Інай Кулей, Вінцук Вячорка, Павал Севярынец, Уладзімер Арлоў, Сяргей Законьнікаў, Вольга Іпатава, Ірына Жарнасек ды іншыя. Сястра Васіля Быкава Валянціна ўцякла з наваполацкай больніцы, каб патрапіць на сьвяткаваньне. А Рыгору Барадуліну хворасьці не дазаволілі выправіцца ў няблізкую дарогу. Да быкаўскай хаты падцягнулася багата вяскоўцаў.

Зладзіла ж імпрэзу краязнаўца з Германавічаў Ада Райчонак.

Сядзібу‑музэй Васіля Быкава паставілі некалькі гадоў таму на месцы, дзе некалі стаяла хата Быкавых. Валянціна Ўладзімераўна кажа: «Канечне, зрабілі падобна, але зусім ня тое. Гэтая ж хата халодная, ніхто ў ёй жыць ня зможа. Моху між бярвеньня нідзе няма. Са старых рэчаў засталіся толькі два ложкі. Усё іншае, хоць і падобнае, але ўжо не адсюль».

У хаце — некалькі партрэтаў Быкава, сярод іх і той фатаздымак, які несьлі паперадзе калёны падчас пахаваньня Васіля Ўладзімеравіча ў чэрвені 2003‑га.

Гартаю кнігу гасьцей музэю. Адзін з апошніх запісаў: «Дзякуй ад байцоў спэцназу МУС».

Ніхто з раённага афіцыйнага начальства раёну так і не прыехаў.

Імпрэза пачалася проста на падворку хаты Быкава. Вёў яе паэт Сяргей Законьнікаў. Ён расказаў, як некалькі гадоў таму быў ва Ўкраіне ў вёсцы Севярынаўка, дзе імя Васіля Быкава напісанае на брацкай магіле сярод загінулых. Там па‑ранейшаму помняць пісьменьніка. Ёсьць у у Севярынаўцы і вуліца імя Васіля Быкава. У Менску, Вушачах і іншых гарадах Беларусі вуліцы для народнага пісьменьніка дагэтуль не знайшлося.

Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што рух «За свабоду» штогод будзе ўручаць прэмію імя Васіля Быкава. Гэта будзе не літаратурная прэмія, яе ляўрэатамі стануць асобы, «якія працавалі над умацаваньнем беларускага духу, дзякуючы каму людзі выходзяць на Плошчу». Першае ўзнагароджаньне мае адбыцца пры канцы году.

Валянціна Быкава распавядала пра першыя пробы пяра свайго брата, пра тое, што ён сапраўды пачынаў пісаць вершы, але справа не пайшла. Расказвала, як з фронту прыйшла «пахаронка», колькі яны з маці праплакалі, пакуль не разабраліся, што датуецца яна ранейшай датай, чым апошні ліст ад Васіля. Валянціна Ўладзімераўна не хавала сьлёз: «Чакаю штогод гэты дзень, каб вы прыехалі сюды, каб пагаварыць з вамі».

Імпрэза ля музэю незаўважна перацякла ў сяброўскую бяседу ля хаты, дзе некалі вучыўся Быкаў. Гэты будынак не перараблялі, яго сьцены сапраўды помняць Быкава.

Дзень Быкава. On-line рэпартаж з Бычкоў і Ўсходніх могілак у Менску. Фотарэпартаж з Усходніх могілак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?