Як мы ня сталі грамадзянамі БНР
1997 год. Над краінай навісла пагроза страты дзяржаўнасьці. Заключаная дамова аб “саюзе” Беларусі і Расеі. Русіфікацыя шалее. Апазыцыя здольная вывесьці на вуліцы дзясяткі тысяч чалавек, але ня ведае, куды іх павесьці. Інтэлігенцыя напружана шукае, як уратаваць дзяржаўнасьць і гонар нацыі.
У ліпені 1997 году ў чатырох маладых беларусаў, што жывуць у трох розных краінах, узьнікае ідэя аднаўленьня грамадзянства БНР. Яны зьвяртаюцца да кіраўніцтва Рады Беларускай Народнай Рэспублікі — сымбалічнага нацыянальнага прадстаўніцтва, што праіснавала на Захадзе ў час савецкае акупацыі Беларусі, — з заявамі пра ўступленьне ў грамадзянства БНР. Пакуль гэта толькі прыгожы жэст, гучны знак для беларускага грамадзтва і эўрапейскае грамадзкасьці, а заўтра, у выпадку далучэньня Беларусі да Расеі, — рэальная стратэгія негвалтоўнага супраціву і юрыдычнае выйсьце для мільёнаў людзей. Праз паўгоду ініцыятыву маладых людзей раптам падхоплівае палітычнае кіраўніцтва Беларускага народнага фронту. З пачатку 1998-га яно разгортвае акцыю “Грамадзянства БНР”. Людзі падаюць заявы, атрымліваюць паперы аб прыняцьці гэтых заяваў. Аднак у 1999 г. справа раптоўна сьціхае. Чаму рамантычная ідэя так і не была рэалізавана? Ці застаецца ініцыятыва актуальнай?
12—14 ліпеня ў Вільні адбудзецца канфэрэнцыя Эўрапейскага сэктару Рады БНР з удзелам Старшыні Рады Івонкі Сурвіллы. Дэлегаты будуць гаварыць пра стан нашай краіны і шукаць шляхі ўплыву на палітычныя працэсы ў Беларусі. Напярэдадні мы зьвярнуліся з пытаньнямі да людзей, якія мелі непасрэднае дачыненьне да падзей 1997—99 г.
Ідэя аднаўленьня грамадзянства Беларускай Народнай Рэспублікі належыць беларускаму навукоўцу Сяргею Шупу. Зьявілася яна падчас працы з дакумэнтамі БНР у Дзяржаўным архіве Літвы. Сярод папераў, канфіскаваных у 1920 г. у беларускага дзеяча Янкі Чарапука літоўскімі памежнікамі, былі дзесяць незапоўненых пашпартоў БНР. Шупа ледзьве ўтрымаўся, каб не “рэквізаваць” іх ды не скарыстаць па прызначэньні. Тым больш што ён на той час быў асобай без грамадзянства: беларускія ўлады ў 1992 г. адмовілі яму ў прыняцьці ў грамадзянства РБ.
Гэта й падштурхнула Сяргея Шупу “зрабіцца грамадзянінам БНР, у якасьці эмацыйна-сымбалічнага акту”.
Ён меркаваў альбо скарыстаць архіўныя пашпарты, альбо зрабіць зь іх дакладныя копіі. У 1995 г. тэхналягічны аспэкт абмяркоўваўся зь Лёнікам Тарасэвічам, які меў каляровую капіявальную машыну. Запоўнены пашпарт мусіў быць дасланы кіраўніцтву Рады БНР у эміграцыі на зацьверджаньне.
“Гэтая ідэя калыхалася ў нашым вузкім віленскім коле, пакуль у ліпені 1997-га ў Вільні не адбыўся зьезд Эўрапейскага сэктару Рады БНР, — згадвае Сяргей Шупа. — Седзячы на паседжаньні, мы з Дубаўцом склалі тэкст і напісалі па заяве на імя прысутнага Барыса Рагулі — на той час намесьніка старшыні Рады БНР. Запрапанавалі зрабіць тое самае Вінцуку Вячорку, які спачатку недаверліва скасавурыўся, але пасьля кароткага сэансу намаўленьня таксама далучыўся. Побач сядзеў Сяржук Сокалаў-Воюш, якога доўга ўгаворваць не давялося. На стол Рагулю леглі чатыры заявы.
Той ня ведаў, што зь імі рабіць, палічыўшы, што мы просімся ў Раду БНР. А мы ж хацелі стацца простымі шараговымі грамадзянамі.
Так гэта ўсё і завісла, бо ніхто ня ведаў, што рабіць далей. Празь нейкі год ідэя грамадзянства БНР раптам усплыла ў выглядзе акцыі Беларускага народнага фронту з падачы Зянона Пазьняка”.
Сяргей Шупа лічыць, што акцыя ператварылася ў палітычную кампанію БНФ і “нічым істотным не скончылася”. А пачатковая ідэя была — згуртаваць людзей “на надпартыйнай і надасабовай аснове вакол незалежніцкай ідэі, пазбавіць канкрэтныя партыі і сілы манаполіі на яе”. Сяргей Шупа згадвае, што на пачатку акцыі “Грамадзянства БНР” ён і іншыя аўтары тых першых заяваў “паспрабавалі дакладней акрэсьліць сваю ідэю, каб дапамагчы скіраваць яе ў больш канструктыўнае рэчышча, — так зьявіўся Мэмарандум, надрукаваны ў той час у “Нашай Ніве”. Гэтая спроба працягу ня мела”.
Пазьняка пакрыўдзіла слова “грошы”
На момант пачатку акцыі “Грамадзянства БНР” Лявон Баршчэўскі выконваў абавязкі старшыні БНФ “Адраджэньне”. Ён быў супраць гэтае акцыі.
“Я казаў, што пад любы праект патрэбна адпаведная падрыхтоўка. Трэба грошы, рэклямная кампанія, буклеты, масавая раскрутка ідэі ў СМІ, сапраўдныя дакумэнты, а не лісткі паперы. Толькі тады можна было дасягнуць посьпеху. Пазьняк пакрыўдзіўся, калі мы загаварылі пра сродкі. Кажа, што людзі заўсёды працавалі за так… А любая акцыя павінна мець плян правядзеньня плюс фінансаваньне.
Многія кіраўнікі БНФ, за выключэньнем Папкова і Беленькага, скептычна выказваліся наконт акцыі, але справу рабілі. Праўда, папярэджвалі, што яна выльецца ў некалькі дзясяткаў тысяч заяваў. Што й атрымалася”.
Лявон Баршчэўскі ўпэўнены, што да ідэі грамадзянства БНР можна вярнуцца.
Толькі сур’ёзная сіла
Вячаслаў Сіўчык падчас кампаніі кіраваў рэгістрацыйнай групай пры БНФ, якая была створана ўправай. Паводле ягоных словаў, да 1999 г. было сабрана 15 тысяч заяваў: “Падзел БНФ прыпыніў гэтую справу. Я бачыў у акцыі мажлівасьць гуртаваньня сілаў. Мы аналізавалі вынікі па раёнах, разьлічвалі, што грамадзяне БНР стануцца падмуркам нашай дзейнасьці.
У 1998—99 г., калі яшчэ быў адзіны БНФ, большасьць менскага кіраўніцтва выступала супраць збору заяваў у грамадзянства БНР. Праект грамадзянства БНР быў якраз справай адзінага Фронту. Пасьля расколу ўжо не хапіла сілаў яго працягваць. Я аддаў усе матэрыялы і ва ўправу адной арганізацыі, і ва ўправу другой. Аднак яны ня здолелі іх выкарыстаць”.
Сіўчык таксама верыць, што вяртаньне да ідэі грамадзянства БНР магчымае, але пры ўмове, што “будзе палітычная арганізацыя — ці аб’яднаны БНФ, ці іншая сур’ёзная беларуская палітычная сіла”.
Акцыя доўжылася ўсяго некалькі тыдняў
Мы скантактаваліся з Варшавай, каб атрымаць камэнтар Зянона Пазьняка. Вось што ён адказаў:
— У пачатку 1998 г. я, як старшыня Фронту, канцэптуальна прапанаваў гэтую ідэю ў якасьці доўгатэрміновай палітычнай акцыі, пакліканай падрыхтаваць легальна праўную дэмакратычную перамену ўлады ў Беларусі з апірышчам на ідэалы БНР.
Пытаньне разглядалася намі адначасна ў Беларусі і ў Нью-Ёрку. Рашэньне Фронту было падтрымана таксама Прэзыдыюмам Рады БНР, на якім я прадстаўляў гэтае пытаньне.
“НН”: Ці своечасова ладзілася акцыя?
З.П.: Яе добра было б пачаць крыху раней, яшчэ ўзімку, калі ўжо зьявіўся мой артыкул “Вяртаньне БНР”, дзе гаварылася пра афэру “Хартыі-97” і хуткае выцягваньне ў беларускую палітыку М.Чыгіра (потым грамадзтва ўсё гэта балюча перажыло).
Палітычная акцыя “Грамадзянства БНР” была прапанаваная тады побач з акцыяй “Адстаўка” як галоўнае палітычнае дзеяньне Фронту.
Пасьля лістападаўскага перавароту 1996 г., зьняцьця з парадку дня пытаньня імпічмэнту і зьнікненьня сэнсу “антылукашэнкаўскай апазыцыі”, пагрунтаванай на імпічмэнце, я прапанаваў стварыць Беларускі вызвольны рух — шырокую нацыянальна-дэмакратычную апазыцыю супраціўленьня дыктатуры, якая павінна была грунтавацца на беларускай нацыянальнай ідэі і адмаўленьні “інтэграцыі” і “саюзаў” з Расеяй.
Таму акцыя “Грамадзянства БНР” устрывожыла пэўныя колы ў Маскве і Бэрліне. У гэты час у Беларусь прыяжджае Ганс-Георг Вік і (па ўзгодненасьці з Масквой) пачынае ствараць сваю “аб’яднаную апазыцыю” з палітпартыяў, арыентаваную на “дэмакратычную” Расею і пазыцыі заходняга лібэралізму.
З гледзішча гэтай сытуацыі акцыю з грамадзянствам БНР лепей было пачаць у студзені. Але падрыхтоўка гэтай справы (улічваючы і цяжкасьці каардынацыі праз акіян) заняла каля трох месяцаў.
“НН”: Наколькі ўдалай была яе рэалізацыя?
З.П.: Акцыя пачалася няпоўнымі сіламі Фронту (тымі, якія арыентаваліся на нацыянальна-вызвольную апазыцыю) і адразу паказала вялікі нацыянальны патэнцыял у грамадзтве. У час масавых мерапрыемстваў заявы ў Грамадзянства БНР падавалі адразу па дзьве тысячы асобаў у дзень.
Аднак у другой палове 1998 г. Народнага фронту ўжо было не пазнаць. Арганізацыя тады была ўжо расколатая ня толькі ў кіраўніцтве, але, фактычна, і па структурах. Нельга ўжо было масава мабілізаваць увесь Фронт на бескарысьлівую ідэйную Беларускую справу. Больш-менш пасьлядоўна акцыя доўжылася зь перапынкамі ўсяго некалькі тыдняў. Потым — рэдка і спарадычна. Падзеі 1999 г. увогуле адтэрмінавалі яе правядзеньне.
“НН”: Якія памылкі зрабілі арганізатары акцыі падчас яе правядзеньня?
З.П.: Памылак не было. Існавала сытуацыя неадзінага Фронту, што рабіла арганізацыю практычна недзеяздольнай.
“НН”: Ці можа ў будучыні нацыянальны рух вярнуцца да ідэі гэтай акцыі, ці гэта ўжо немагчыма?
З.П.: Гэта магчыма і можа стаць патрэбным у любы час. Мы не здымаем акцыі “Грамадзянства БНР” з задачаў беларускай нацыянальнай палітыкі і з плянаў нашай дзейнасьці. Асабліва цяпер, пасьля зьмены расейскай дыпляматычнай тэрміналёгіі і адкрытай дэманстрацыі анэксіянісцкай пазыцыі Расеі ў дачыненьні да Беларусі.
Вяртаньне немагчымае
На думку Сяргея Дубаўца, аднаго з ініцыятараў акцыі, грамадзянства БНР давала магчымасьць аптымістычнай кансалідацыі беларусаў.
“Дзеяньні рэжыму пасялялі ў душах нацыянальна сьведамых людзей апатыю, шмат хто расчараваўся і ў дзейнасьці апазыцыі. Абсалютным аўтарытэтам выглядала толькі Рада БНР — далёкая, але адказная, не задзеяная ў сварках і непартыйная.
Прапанаваны мэханізм прыёму ў грамадзянства прадугледжваў самы непасрэдны ўдзел Рады БНР. Яна мелася разглядаць заявы людзей, прымаць рашэньне і фармаваць архіў. Заакіянскае знаходжаньне Рады надавала ўсяму гэтаму працэсу адчуваньне значнасьці і незаангажаванасьці.
Меркавалася, што большасьць беларусаў прызнаюць сябе грамадзянамі БНР, бо ідэі незалежнасьці, дэмакратыі і беларушчыны так ці інакш блізкія ўсім беларусам.
Практычны плён гэтае акцыі бачыўся ў наступным. Скажам, калі б грамадзянін БНР — просьбіт прыходзіў да грамадзяніна БНР — начальніка, яны б не пачуваліся чужымі і лягчэй вырашалі б прыватнае пытаньне з думкаю пра карысьць Беларусі. Альбо калі на бацькоўскім сходзе ў школе бацькам прапанавалі пісаць заявы на беларускае навучаньне дзяцей, бо “клясу пераводзяць на расейскае навучаньне” (паўсюдная сытуацыя тых часоў), дык двух грамадзянаў БНР хапіла б, каб сьведама супрацьстаяць статкаваму інстынкту астатніх. Наагул для паспалітага беларуса набытае грамадзянства БНР мелася прысьпешыць тэрытарыяльную самаідэнтыфікацыю, каб людзі пачалі мысьліць маштабамі сваёй “маленькай” Беларусі, а не тэлевізійнымі абсягамі “ад Буга да Курыл”, што дагэтуль у масавай сьведамасьці зьяўляецца галоўнай перашкодай самаідэнтыфікацыі.
Калі б ідэя грамадзянства ажыцьцявілася, мы б мелі заўважнае паляпшэньне грамадзкага клімату ў краіне і адказы на рэфэрэндумах выглядалі б больш лягічна (а ня так, што “не хачу ведаць, куды ідуць грошы зь бюджэту краіны”).
Чаму ідэя не ажыцьцявілася? Бо яе асноўныя прынцыпы былі адразу ж парушаныя на практыцы. Рада БНР фактычна дэлегавала свае паўнамоцтвы БНФ, які манапалізаваў ідэю і зрабіў яе партыйнай. Даведкі пачалі выдаваць эмісары партыі. Выглядала, што набыць грамадзянства — нібыта ўступіць у Фронт. З чаго б гэта ўступаць у яго лібэралам, сацыял-дэмакратам ці той творчай інтэлігенцыі, якая ў свой час расчаравалася ў БНФ і яго пакінула? Альбо — паспалітаму беларусу, які цураецца партыйнасьці? Або — вэртыкальшчыку, які па азначэньні не пайшоў бы ў штаб непрымірымага “Адраджэньня”?.. Так ідэя з усенароднай была ператвораная ў аднапартыйную і спрафанаваная. Другім канцом гэтая “палка” ўдарыла па аўтарытэце Рады БНР.
Сёньня вяртаньне да страчанае ідэі ў тым выглядзе, як задумлялася, ужо немагчымае. У сьведамых беларусаў не засталося абсалютных рамантычных аўтарытэтаў, дый задачы на парадку дня стаяць іншыя: трэба гуртаваць нацыю вакол той незалежнасьці, якую маем”.
Рэспубліка Беларусь захавала сваю незалежнасьць. А паколькі зьнікла пагроза незалежнасьці, ня стала надзённай патрэбы ў акцыях кшталту “Грамадзянства БНР”. Аднак эфэкт тае кароткатэрміновае акцыі паказаў, што Рада БНР павінна адыгрываць у палітычным жыцьці Беларусі большую ролю. Мусіла б, бо магла б гэта рабіць.
Падрыхтаваў Алег Тачоны