Анатоль Сідарэвіч:
Дэмакратычнай, а не беларускай

На пачатку лістапада мае адбыцца Зьезд інтэлігенцыі, прымеркаваны да 120-годзьдзя народнага настаўніка Канстанціна Міцкевіча. Думка пра неабходнасьць такога сходу прагучала на паседжаньні Нацыянальнага аргкамітэту па сьвяткаваньні 120-годзьдзя Янкі Купалы і Якуба Коласа. “НН” прапануе гутарку з Анатолем Сідарэвічам, аўтарам гэтае ідэі.

Анатоль Сідарэвіч: Я прапанаваў назву “Зьезд дэмакратычнай інтэлігенцыі”. А сябры Беларускага народнага фронту хацелі назваць яго “Зьезд беларускай інтэлігенцыі”. Гэта два розныя падыходы. Мне тлумачаць: маўляў, назва “Зьезд дэмакратычнай інтэлігенцыі” азначала б, што ёсьць і недэмакратычная. Дык жа ёсьць недэмакратычная інтэлігенцыя! І высокага кшталту недэмакратычная. Адны імёны Гегеля і Гайдэгера чаго вартыя!

Я ня супраць назвы “Зьезд беларускай інтэлігенцыі”. Але баюся, што можа зноў адбыцца сэпарацыя: “сьведамых”, беларускамоўных — ад небеларускамоўнай, “нясьведамай” інтэлігенцыі. Зноў гэтыя праявы сэктанцтва!

Я вельмі баюся іх, бо ўжо на гэтыя граблі наступілі ў канцы 80-х — пачатку 90-х. Болей нельга на іх наступаць.

Вельмі важна, каб у гэтым зьезьдзе ўзяла ўдзел навукова-тэхнічная інтэлігенцыя, інжынэрна-тэхнічныя работнікі, мэдыкі, пэдагогі… А ўжо як там зьезд назавецца: “беларускай інтэлігенцыі” ці “дэмакратычнай” — ня так і важна.

“НН”: А пра што пойдзе гаворка на сходзе?

А.С.: Пра стан інтэлектуальнай культуры, пэрспэктывы гэтае культуры. У нас адбываецца культурны генацыд нацыі. Возьмем сярэднюю школу. Бадай, ва ўсіх эўрапейскіх краінах дзеці вучацца ці будуць вучыцца 12—13 гадоў. Пасьля васьмі клясаў ідуць у ліцэй, гімназію, дзе ўжо арыентуюцца на пэўную прафэсію… Але ў нашай дзяржавы вобмаль грошай, яна ня можа перайсьці на такую сыстэму навучаньня. Яна ня можа аздаравіць дзяцей (а хворых дзяцей штогод больш і больш). Яна ня можа накарміць дзяцей: даць ім калярыйнае харчаваньне, багатае на вітаміны. Дзяржава ня можа даць дзецям магчымасьць адпачываць за горадам улетку. Яна адпрэчыла значную частку дабрадзеяў з-за мяжы.

Дзяржава вырашыла зрабіць прасьцей: палепшыць стан здароўя дзяцей, зьнізіўшы інтэлектуальную нагрузку. Праграмы скараціліся літаральна па ўсіх прадметах. Суботу зрабілі выходным днём. Адбываецца не “амэрыканізацыя”, а дэбілізацыя. Якасьць навучаньня падае. Улада гэта і сама прызнала, калі сёлета зноў прыдумала дадатковыя льготы для абітурыентаў зь вясковых школаў, што паступаюць у ВНУ. Замест таго каб паляпшаць становішча настаўніка, заахвоціць маладых настаўнікаў з сучаснымі ведамі працаваць у вёсцы, вучням, пра якіх загадзя вядома, што ў іх слабая падрыхтоўка, даюць дадатковыя балы. Гэта ж ня выйсьце!.. Калі пачынаеш гутарыць з студэнтам, адразу разумееш — зь вёскі ён ці з гораду.

Зрэшты, і ў горадзе ня мёд: адукацыя дзяцей рабочых таксама выклікае трывогу. У нас у Менску ёсьць Заводзкі, Партызанскі раёны, дзе жыве пралетарыят. І якасьць навучаньня ў тамтэйшых школах вельмі нізкая.

Прайдзецеся па ВНУ і зрабеце апытаньне. Зь вёскі туды трапляюць дзеці настаўнікаў, лекараў, рахункаводаў, бухгальтараў, а ня тых, хто працуе зь віламі. І з гораду — ня тых, хто працуе ля станка. Вельмі малы працэнт дзяцей рабочых і сялянаў. Адбываецца элітарызацыя вышэйшае адукацыі, у нас зьяўляецца вялікі пласт людзей, што ня маюць пэрспэктывы сацыяльнага росту. Гэтая тэндэнцыя зьявілася гадоў дзесяць таму і асабліва яскрава стала назірацца падчас Лукашэнкавага панаваньня. Я кажу пра стан школы, бо гэта мне найбліжэйшае…

Трэба ўзьняць і пытаньне пра інтэлектуальную ўласнасьць. У нас уласьнік, ці той, хто вырабіў нейкі інтэлектуальны прадукт, у прававых адносінах неабаронены чалавек.

“НН”: Але ж Дудараву ўдалося сваім часам адстаяць правы на назву “Белыя Росы”…

А.С.: Дык што, кожны раз у судзе вырашаць такія справы?.. Урэшце, на зьезьдзе трэ будзе задаць пытаньне: “Майстры культуры, з кім вы?”. Цяпер культураю кіруюць “падонкі” — тыя, хто быў на дне камуністычнае сыстэмы. Усе гэтыя Касьцяны ніколі б ня выплылі наверх пры старых парадках. Гэта нават паказальна, што былых цэкоўскіх апаратчыкаў — Сяргея Законьнікава, Анатоля Кудраўца, Алеся Жука, Валянціна Блакіта — адхіляюць ад пасад і ставяць на іх месцы людзей, якія пры КПСС—КПБ ніколі б не зрабілі кар’еры і ніколі б не сядзелі ў доме на вуліцы Маркса, 38. Неадукаваныя людзі, якія ня ведаюць спэцыфікі літаратурнае журналістыкі, не прачыталі неабходнага мінімуму тэкстаў… Няхай гэты рэжым пакіруе яшчэ дзясятак гадоў — і мы зробімся абсалютнай інтэлектуальнай правінцыяй Эўропы.

Ніжэйшая школа

“НН”: Ці не пярэчыць гэтае цьверджаньне Вашым жа словам пра элітарызацыю навучаньня?

А.С.: Але ж якасьць вышэйшай адукацыі зьніжаецца! Паглядзеце, хто працуе ў ВНУ, — пераважна людзі майго веку. Маладыя — гэта збольшага жанчыны, якія маюць забясьпечаных мужоў. А здаровыя маладыя мужчыны як раней не ішлі ў сярэднюю школу, гэтак цяпер абыходзяць і ВНУ. Пэрспэктыўныя людзі скіраваныя на эміграцыю. Я магу сьцьвярджаць, што адбываецца сьвядомае выштурхоўваньне інтэлектуалаў зь Беларусі…

Сьмеху варта: у вышэйшых навучальных установах увялі школьныя дысцыпліны! Лёгіку, якую я выкладаў у ліцэі, рэлігіязнаўства, паліталёгію, курс “Правы чалавека” (у Расеі, да прыкладу, гэтыя дысцыпліны ў такім аб’ёме выкладаюцца ў школах). Гэта проста прафанацыя вышэйшае адукацыі.

З школьнага курсу выкрэсьліваюцца цэлыя разьдзелы сусьветнае гісторыі, пласты сусьветнай літаратуры. Я не кажу пра Бадлера, Малярмэ, але нашыя вучні ня будуць ведаць, хто такі Мапасан.

“НН”: А Шэксьпір?

А.С.: Зь цяжкасьцю. Калі гэтак пойдзе далей, нашыя ўнукі ў параўнаньні з намі будуць вельмі неадукаванымі людзьмі, калі гаварыць пра гуманітарную падрыхтоўку. Дый нават у сэнсе матэматыкі… У прадмове да школьнай праграмы па матэматыцы зазначалася, што ейнае засваеньне не гарантуе паступленьня ў ВНУ на адпаведную спэцыяльнасьць. Тое ж было ў праграме па фізыцы, па хіміі. Каб паступіць, трэ было матэматыку, хімію, фізыку вучыць паглыблена. А цяпер і гэтую прымітыўную праграму пакарацілі.

Дзяржава — як сабака на сене

“НН”: Але вернемся да зьезду. Чаму ягонае правядзеньне прымеркаванае да юбілею Якуба Коласа?

А.С.: Якуб Колас — прыклад дэмакратычнага беларускага інтэлігента. Народны настаўнік, які не баяўся ўдзельнічаць у нелегальных зьездах, і тры гады адседзеў за гэта ў Пішчалаўскім замку (цяперашняй Валадарцы).

“НН”: Хто будзе займацца падрыхтоўкай зьезду?

А.С.: Пайменна я пакуль не скажу. Увойдуць людзі, абазнаныя ў літаратуры, мастацтве, пэдагогіцы, мэдыцыне.

“НН”: Ці мяркуе ініцыятыўная група кантактаваць з афіцыйнымі структурамі?

А.С.: Вядома. Мы разумеем, што ў дзяржавы вобмаль грошай. Але ў такім выпадку яна не павінна душыць грамадзкую, прыватную ініцыятыву. А дзяржава паводзіцца як сабака на сене. Яна ня можа ўтрымліваць часопісы і газэты, але зрабіла ўсё, каб абваліць наклады, каб зьніклі рэдакцыйныя калектывы. На чале холдынгу паставілі чалавека, які ні дня не працаваў у літаратурна-мастацкіх выданьнях. Яму на дапамогу даюць дэмагога Новікава і трэцярадную паэтку Бондар. І прафаны даводзяць усё да ручкі. Якая падпіска на другое паўгодзьдзе на “Полымя”, “Нёман”, “Крыніцу”, “Маладосць”? Яна страшэнна ўпала: у “Крыніцы”, напрыклад, падпіска стала меншай за сто экзэмпляраў, наколькі я ведаю…

З другога боку, я радуюся, што самыя моцныя таленты не на баку гэтага рэжыму: Быкаў, Барадулін, Брыль і іншыя… Гэтыя людзі ня хочуць прымаць ад гэтай дзяржавы ўзнагародаў. Але ж дзяржава павінна задумацца. Некалі былі такія літаратары, як Стаховіч, Клімковіч, Алешка і іншыя майстры сацыялістычнага рэалізму. Ці ёсьць цяпер патрэба чытаць іх? І ў каго ёсьць такая патрэба?.. Сёньня ўлада абапіраецца на новых Стаховічаў і Клімковічаў. Яе трэба пашкадаваць.

“НН”: Ці не ператворыцца зьезд у чарговую гаварыльню?

А.С.: Я б вельмі не хацеў, каб гэта было звычайнае беларускае плаканьне, пералічэньне крыўдаў і бедаў. Гэта павінна быць наступальнае, канкрэтнае, канструктыўнае дзеяньне: чым мы можам дапамагчы самі сабе і свайму народу? Трэба актуалізаваць лёзунг, неаднакроць фармуляваны Антонам Луцкевічам — “Самі сабе!”, “Pro domо sua” (з лаціны — для свайго дому), як зваўся знакаміты артыкул у “Нашай Ніве” ў 1911 г.

“НН”: А самі Вы бачыце нейкія канкрэтныя мэтады, якія можна было б прапанаваць на гэты зьезд?

А.С.: Трэба было б проста растлумачыць народу ўлёткамі, што ня варта радавацца скарачэньню часу на навучаньне, аблягчэньню нагрузкі. Бо адбываецца дэбілізацыя школы, падае ўзровень навучаньня. Дзеці, скончыўшы школу, будуць неканкурэнтаздольнымі. Адпаведна зьніжаецца і ўзровень вышэйшае школы. Як казаў прафэсар Алег Лойка, з кожным годам усё менш інтэлектуальныя студэнты. І гэта праўда. Іншы раз за галаву хапаешся: сталічны хлопец, вырас на асфальце, а кругагляд — як у хутаранца… Во страхоцьце якое! Яшчэ дзесяць гадоў таму такога не было.

“НН”: А ці зможа зьезд штосьці вырашыць, паўплываць на сытуацыю? Ці прыслухаюцца да яго?

А.С.: Ва ўсякім разе, нейкае выйсьце шукаць трэба, бо ўлада разбурае прафэсійныя саюзы ў вышэйшых і сярэдніх навучальных установах, ствараючы на іх месцы “жоўтыя”. Трэба шукаць шляхі абароны — і сацыяльнай абароны інтэлігенцыі, і абароны права чалавека на адукацыю, на карыстаньне дасягненьнямі культуры, на інтэлектуальную ўласнасьць, на ахову здароўя.

Гутарыў Аркадзь Шанскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0