яны пра нас

У Нарвэгіі такое было пад нацыстамі

Менск па запрашэньні Беларускага ПЭН-цэнтру наведалі кіраўнік Нарвэскага ПЭН-цэнтру Х’ел Улаф Енсэн і Тэры Карлбём, генэральны сакратар міжнароднага ПЭН-клюбу, другая асоба ў гэтай сусьветнай арганізацыі пісьменьнікаў. Яны адказалі на некалькі пытаньняў карэспандэнта “НН”.

“НН”: Як вы ацэньваеце становішча з правамі чалавека ў Беларусі?

Х’ел Улаф Енсэн: У Нарвэгіі СМІ былі проста шакаваныя прысудам журналістам газэты “Пагоня”. Іх асуджэньне супярэчыць усім магчымым канвэнцыям аб правах чалавека.

Тэры Карлбём: ПЭН-цэнтар пратэставаў супраць прысудаў Маркевічу і Мажэйку.

“НН”: У якіх эўрапейскіх краінах так парушаліся ці парушаюцца правы чалавека, як у сёньняшняй Беларусі?

Х.Е.: Згадваецца хіба справа нямецкага журналіста напярэдадні прыходу да ўлады нацыстаў. Ён пазьней атрымаў Нобэлеўскую прэмію міру. Сумна. Проста шакуе інфармацыя пра тое, што ў Беларусі творы найлепшых пісьменьнікаў выключаюцца з праграмаў школьнага навучаньня. Такога роду цэнзура гісторыі — гэта зьдзек з цывілізаванага грамадзтва. Дарэчы, у Нарвэгіі цяжка сабе ўявіць, каб творы пісьменьнікаў выключалі з праграмаў з палітычных прычынаў. Гэта фантастыка нейкая. У нас такое было толькі ў часе фашыстоўскай акупацыі…

“НН”: Чаму, па-вашаму, сярод беларускіх пісьменьнікаў дагэтуль няма нобэлеўскага ляўрэата?

Т.К.: У Беларусі ёсьць высокапрафэсійныя літаратары. І новыя будуць зьяўляцца — пры наяўнасьці свабоды слова. Так што, калі хочаце, каб у вашай краіне была Нобэлеўская прэмія, трэба змагацца за свабоду слова.

“НН”: Каго зь беларускіх пісьменьнікаў вы ведаеце?

Т.К.: Сьвятлану Алексіевіч. Яна ня толькі даступна апісала важныя для чалавецтва праблемы, але й паказала бессэнсоўнасьць абмежаваньня свабоды слова.

“НН”: Ці цяжка будзе Беларусі, у выпадку пазытыўных палітычных пераменаў, зьмяніць свой нэгатыўны імідж на Захадзе?

Х.Е.: Калі ў вас будуць добрыя пісьменьнікі і журналісты — ня цяжка. Акрамя таго, трэба разьвіваць турызм у Беларусі, прывабліваць сюды як найбольш людзей. Але віза ў вашу краіну каштуе 100 даляраў, таму міністру турызму ёсьць пра што патурбавацца. Любы міжнародны абмен садзейнічае разьвіцьцю свабоды слова і адкрытага грамадзтва. Перад Беларусяй цяпер стаіць выбар паміж сучаснасьцю ды разьвіцьцём з аднаго боку і застоем — з другога.

Гутарыў Алег Тачоны


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0