мэдыцына

Як падмануць рак

Рак можна падмануць, сьцьвярджаюць навукоўцы ў апошнім нумары часопісу “Science”. Прычым настолькі пасьпяхова, што ён будзе зьнішчаць сябе сам.

Новы мэтад барацьбы трохі нагадвае тактыку, вядомую карыстальнікам кампутараў з праграмным забесьпячэньнем ад “Microsoft”: калі машына не рэагуе на каманды — выключы і ўключы яшчэ раз. Вучоныя са Стэнфардзкага ўнівэрсытэту гэтак “адключылі” ў клетках мышы (ня толькі ракавых) адзін ген, які адказвае за рост і дзяленьне клетак, а калі зьведвае мутацыю — загадвае ім дзяліцца бесьперастанку.

— Мы не чакалі цудаў, — расказвае прафэсар Дын Фэльшэр, кіраўнік дасьледчай групы. — Ніхто дагэтуль не назіраў, каб адключэньне ракавага гену на некалькі дзён выклікала незваротныя зьмены. Большасьць меркавала, што рак зноў пачне разьвівацца, як толькі мы спынім прыгнятаць гэты ген.

Аднак пасьля таго, як мутацыйны ген паўторна пачынаў працаваць, рак не аднавіўся. Замест гэтага ракавыя клеткі, што пасьпелі ўтварыцца, пачалі масава самазьнішчацца.

Праўда, у асобных грызуноў празь некаторы час рак зноў пачынаў разьвівацца, але дастаткова было пару дзён “паглушыць” дэфэктны ген, каб паўторна зацугляць рост пухліны.

— Гэта можа зьмяніць падыходы да лячэньня новаўтварэньняў, — камэнтуе Фэльшэр. — Каб змагацца з ракам генэтычнымі мэтадамі, ня трэба выключаць мутацыйныя гены назаўсёды. Дастаткова зрабіць гэта на некаторы час.

Прыкметы ракавых захворваньняў былі знойдзеныя на выкапнёвых костках часоў нэаліту, у эгіпэцкіх муміяў, а таксама на парэштках амэрыканскіх індзейцаў, што жылі ў дакалюмбаву эпоху. Апісаньні злаякасных пухлінаў сустракаюцца на эгіпэцкіх папірусах, клінапісных бабілёнскіх таблічках і старажытнаіндыйскіх манускрыптах. Грэк Гіпакрат ужо адрозьніваў дабраякасныя і злаякасныя пухліны, а рымлянін Гален ведаў, што злаякасныя могуць распаўзацца па целе.

З пачатку ХХ ст. колькасьць захворваньняў на рак рэзка павялічылася — гэта зьвязана як з паляпшэньнем дыягностыкі й выяўленьнем раней нявызначаных выпадкаў, так і з “старэньнем” зямлянаў. Значна больш зрабілася сталых людзей, у якіх рак сустракаецца часьцей.

Дырэктар Навукова-дасьледчага інстытуту анкалёгіі й мэдычнай радыялёгіі Язэп Залуцкі сьведчыць, што ў Беларусі кожныя 16 хвілінаў рэгіструецца выпадак захворваньня на рак. Летась у краіне было выяўлена 33 тыс. хворых.

Для параўнаньня: у ЗША штогод фіксуецца 450 новых выпадкаў на 100 тыс. насельніцтва, а штогадовы паказьнік сьмяротнасьці — 205 на 100 тыс. У многіх краінах гэтыя сумныя лічбы нашмат большыя: у Вугоршчыне й Чэхіі — на 40%, у Вялікай Брытаніі — на 10—20%. У розных краінах дамінуюць розныя віды раку. У Японіі — рак страўніка, у Кітаі — рак пячонкі, а сярод афраамэрыканцаў у ЗША — рак прастаты. Прычыны такіх адрозьненьняў няясныя; тут, відаць, адыгрываюць ролю асаблівасьці харчаваньня і навакольнага асяродзьдзя, бо ў грамадзе мігрантаў гэтыя паказьнікі часта зьмяняюцца на характэрныя для новага месца жыхарства.

Павал Бурдыка, паводле Reuters, “Gazeta Wyborcza”


label.reaction.like
0
label.reaction.facepalm
0
label.reaction.smile
0
label.reaction.omg
0
label.reaction.sad
0
label.reaction.anger
0