У паэтычным кутку

Рэспубліканскае сьвята паэзіі ў Вязынцы сёлета было прысьвечанае 120-годзьдзю з дня нараджэньня Янкі Купалы.

На радзіму Песьняра не прыехалі, хоць і былі запрошаныя на сьвята, Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч. Чаму — можна толькі гадаць. Увогуле, так атрымалася, што на паклон да Янкі Купалы не прыехаў ніводзін зь сёньняшніх народных паэтаў. Але, нягледзячы на гэта, сьвята паэзіі атрымалася сапраўды народным. Найшло і наехала 15 тысяч прыхільнікаў беларускага паэтычнага слова зь Менску, Маладэчна, навакольных мястэчак і вёсак.

Пасьля ўскладаньня кветак да помніка Песьняру было дадзена слова прэзыдэнту... Міжнароднага фонду Янкі Купалы. Многія прысутныя, пачуўшы слова “прэзыдэнт”, думалі ўбачыць Аляксандра Лукашэнку, але з натоўпу выйшаў пісьменьнік і навуковец Вячаслаў Рагойша. Затым высокія госьці сьвята, а сярод іх былі І.Карэнда, У.Дражын, Л.Гуляка і іншыя, наведалі Дом-музэй, дзе нарадзіўся Янка Купала, спыніліся ў “Паэтычным кутку”, што быў арганізаваны каля сьвірна, — крыху паслухаць паэтычныя выступы. Тут рэй вёў галоўны рэдактар Беларускага радыё Навум Гальпяровіч.

У часе сьвяточнага канцэрту “Паэзіі і музыкі спатканьне”, калі ўсе запрошаныя ўжо сказалі, што для іх значыць Янка Купала, і вядучы хацеў перадаць пляцоўку музычным калектывам, да мікрафона прарваўся паэт Уладзімер Някляеў. Ён прачытаў верш, у якім былі такія словы: “Вярніце мову! Вярніце герб! Вярніце сьцяг!” У час выступленьня паэта над слухачамі ўзьвіліся два вялікія бел-чырвона-белыя сьцягі. Праўда, луналі нядоўга: міліцыя забрала сьцягі і ледзьве не скруціла іх уладальнікаў.

Леанід Падлужны


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0