Люстра дзён

Язэп Сярэдзіч: “У “Народнай волі” больш сілаў,  чым было ў “Свабоды”

“Народная воля”, цэнтральная незалежная газэта краіны, вядзе аж тры судовыя справы. Яны могуць значна пагоршыць яе фінансавы стан, але галоўны рэдактар Язэп Сярэдзіч настроены па-баявому.

Супраць газэты падалі ў суд… судзьдзі з Жодзіна Аліна Клус і Ларыса Фралінкова, намесьніца старшыні Менскага гарадзкога суду Менску Тамара Злобіч і галоўны лекар 10-й менскай больніцы Аляксандар Балакіраў.

Разгляд справы судзьдзяў з Жодзіна мусіць распачацца 29 ліпеня. Яны вінавацяць рэдакцыю і аўтара артыкулу “Свавольле” Ўладзімера Іванова ў “распаўсюдзе непраўдзівых зьвестак” ды патрабуюць кампэнсацыі — пяць мільёнаў рублёў з рэдакцыі і два мільёны з аўтара.

Доктар Аляксандар Балакіраў судзіцца з газэтай і журналісткай Марыяй Эйсмант “за абразу гонару і годнасьці”. Ён спадзяецца атрымаць з “Народнай волі” 10 млн. рублёў, а з журналісткі — мільён.

Сэрыя публікацый былога аўтара “Народнай волі” Сяргея Навоева ў 2000 г. стала прычынаю й судовага іску Тамары Злобіч (раней яна працавала ў Цэнтральным судзе сталіцы). Яна імкнецца спагнаць з “Народнай волі” 5 млн. рублёў.

Ужо месяц арыштаваны рахунак “Народнай волі”, але газэта не зьмяншае пэрыядычнасьці свайго выхаду. Галоўны рэдактар “Народнай волі” Язэп Сярэдзіч упэўнены, што “ніякай сур’ёзнай пагрозы для газэты не існуе”. Паводле ягоных словаў, “Народная воля” не парушае заканадаўства, таму ўсе “правакацыі з боку ўладаў пацерпяць крах, яны ня маюць ніякіх шанцаў”. Сярэдзіч шкадуе толькі, што арыштаваны рахунак газэты і ейныя грошы не працуюць, але ня робіць з гэтага трагедыі.

“Калі ўлады думаюць паўтарыць вопыт Шэймана — тады рэдактар “Свабоды” не знайшоў грошы, каб выплаціць штраф, — у іх нічога ня выйдзе, — кажа Сярэдзіч. — У “Народнай волі” цяпер больш сілаў, чым было ў “Свабоды”. Нашая аўдыторыя мацнейшая, дый час ужо ня той. Час працуе не на Шэймана, а на заўтрашні дзень Беларусі. Рэдакцыя існавала і будзе існаваць. Калі мы зьвернемся да нашых чытачоў, хоць бы да падпісчыкаў, і кожны зь іх дашле па 1 тысячы рублёў, мы зможам пакрыць выдаткі”.

Позвы ў суд рэдактар “Народнай волі” назваў “нармальнай зьявай”: “Што гэта за газэта, якая не падымае вострых пытаньняў?!” Ён упэўнены, што і ў сёньняшняй сытуацыі “трэба рабіць нармальную газэту і нічога не баяцца”.

Магчыма, што ўлады, закрыўшы “Пагоню”, могуць застасаваць тактыку задушэньня свабоднай прэсы менавіта праз такія судовыя працэсы. З “Народнай воляй” судзіцца не дзяржава, а яе грамадзяне. Таму і ўладу ня будзе за што папракнуць, калі суды прывядуць да закрыцьця апазыцыйнага выданьня. Калі нават і не — бясконцыя суды перашкаджаюць нармальнай працы газэты. Згадваецца прыклад экс-прэм’ера Беларусі Міхаіла Чыгіра, якога ўжо некалькі гадоў бясконца судзяць і не даюць яму магчымасьці займацца палітыкай.

Алег Тачоны


Нязлосная Злобіч

Тамара Злобіч заявіла карэспандэнту “НН”, што ня мае на мэце закрыць “Народную волю”. “Я маю права бараніць свой гонар і годнасьць, — кажа Тамара Злобіч. — Газэта выходзіць ня першы год, і Сярэдзіч дарослы чалавек. Мусіць адказваць за свае публікацыі. І мне ўсё адно — дзяржаўная гэта газэта ці прыватная. Калі б “Народная газета” мяне так абразіла, я і на яе падала б у суд”.

Злобіч сьцьвярджае, што яна дзейнічае самастойна і за ёй ніхто не стаіць. “Кожны чалавек на маім месцы зрабіў бы гэтаксама”, — кажа яна.

Балакіраў нічога яшчэ не бурыў

Галоўны лекар 10-й гарадзкой больніцы Аляксандар Балакіраў кажа, што “ўсё сваё жыцьцё працаваў для народу і дзяржавы”: “У публікацыі мяне назвалі нейкім разбуральнікам. Што там, дзе працаваў, я нешта разбураў. Але мне і самому было б цікава даведацца, што і дзе я разбурыў. Думкі калектываў, дзе я працаваў, пра мяне толькі добрыя. Журналіст зрабіў нядобрасумленна, а артыкул у газэце, відавочна, быў замоўлены”.

“НН”: Якую кампэнсацыю Вы хочаце атрымаць?

А.Б.: Я прашу кампэнсацыю не для сябе, а на карысьць больніцы. Хай гэтыя грошы лепш будуць людзям. Пасьля той публікацыі я і сам быў патрапіў у больніцу…

“НН”: Ці адыграла нейкую ролю ў Вашым рашэньні судзіцца з газэтай тое, што яна апазыцыйная?

А.Б.: Мне ўсё адно, якая гэта газэта. Я шаную свой гонар. Я — мэдык у чацьвертым пакаленьні. Ніколі і нічым сябе ня зганьбіў.

НН: Якія газэты Вы чытаеце?

А.Б.: Як кожны цывілізаваны чалавек, цікаўлюся абодвума бакамі і пасьля раблю высновы. Ісьціна заўсёды пасярэдзіне.

А.Т.


Навіцкі сьпіць за 100 даляраў

Як і прэзыдэнт А.Лукашэнка некалькі месяцаў таму, прэм’ер-міністар Генадзь Навіцкі вырашыў трохі адпачыць за межамі Бацькаўшчыны. Ён абраў санаторый “Беларусь”, што ў Юрмале.

Жыве Навіцкі ў асобным корпусе, які месьціцца на тэрыторыі санаторыю, але бліжэй да мора. Прэм’ер адпачывае зь сям’ёй, у прысутнасьці ўрадавай аховы. Ён не сустракаецца зь іншымі курортнікамі і нават ня ходзіць у агульную сталоўку, а харчуецца ў сваіх апартамэнтах, даведаўся карэспандэнт радыё “Свабода”.

Нумары ў “Беларусі” нятанныя. Адзін дзень пражываньня ў двухмесным двухпакаёвым люксе абышоўся б вам у 60 латаў (100 даляраў). Але гэта ў галоўным корпусе. Наконт будыначка, дзе пасяліўся Генадзь Навіцкі, гаворка асобная, і весьціся яна павінна непасрэдна з галоўным доктарам Пятром Бараноўскім.

Пра знаходжаньне беларускага прэм’ер-міністра ў Латвіі не было вядома нікому з тамтэйшых вышэйшых службовых асобаў. Нават латвійскі калега Г.Навіцкага А.Бэрзыньш даведаўся пра навіну ад карэспандэнта “Свабоды”. І пашкадаваў, што беларускі прэм’ер не скарыстаў магчымасьці ўзяць удзел у саміце па пытаньнях пашырэньня NATO, які на тым тыдні праходзіў у Рызе.


Шушкевіч выдаў кнігу

Былы старшыня Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня Станіслаў Шушкевіч напісаў кнігу “Нэакамунізм у Беларусі”. Аўтар настойвае, што гэта не мэмуары. Паводле слоў Шушкевіча, кніга ня столькі пра гістарычныя падзеі, у якіх ён браў удзел, колькі пра дзень заўтрашні, шлях у які вызначае аналіз сучасных падзеяў.

Вынікі гэтага аналізу не пакідаюць у аўтара сумненьняў, што цяпер мы назіраем вяртаньне і панаваньне ў Беларусі старых камуністычных парадкаў. Гэты працэс кіраваўся Аляксандрам Лукашэнкам, але ягоную дзейнасьць сп.Шушкевіч ня лічыць самастойнай, увязваючы яе з памкненьнямі спэцслужбаў.

На перадапошняй старонцы свайго твору Станіслаў Шушкевіч спрабуе засьцерагчы чытачоў. Ён не выключае, што “чырвоная дыктатура ў Беларусі”, калі даць ёй магчымасьць “разрасьціся ў нэакамуністычны пляцдарм... здольная дэстабілізаваць вялікі рэгіён”. Каб гэтага не адбылося, на думку Шушкевіча, дастаткова, каб Расея спыніла падтрымку дыктатарскага рэжыму ў Беларусі.

Кніга былога кіраўніка нашай дзяржавы выйшла накладам 1000 экзэмпляраў у смаленскім выдавецтве “Скіф” на расейскай мове: такая была ўмова амэрыканскага Фонду Макартураў, які прафінансаваў выданьне. Яна не прызначаная для продажу. У будучыні Шушкевіч плянуе выдаць пашыраны варыянт сваёй працы і па-беларуску.


БНФ марыць пра “эўрадабрабыт”

Сойм Партыі БНФ на чарговым пасяджэньні 13 ліпеня ўхваліў праграму “Эўрапейская ініцыятыва”, якую прадставіў Вінцук Вячорка. Выступаючы на пасяджэньні, кіраўнік партыі адзначыў, што аслабленьне пазыцый Лукашэнкі ў адносінах з Расеяй, якое назіраецца апошнім часам, пагражае стратай сувэрэнітэту краіны.

Лідэр БНФ раскрытыкаваў тых, хто бачыць у будучыні А.Лукашэнку змагаром за незалежнасьць, а Расею — пастаўніцай дэмакратыі ў Беларусь. Абодва меркаваньні шкодныя і ілюзорныя, лічыць В.Вячорка. Адкінуўшы ідэю “раўнапраўнага саюзу” з Расеяй, старшыня БНФ заявіў, што Беларусі патрэбен Эўразьвяз, а таксама членства ў NATO. Паводле слоў Вячоркі, гэта вырашыць усе праблемы: дасьць краіне рэальны сувэрэнітэт, адкрые межы для выезду ў цывілізаваны сьвет, дасьць свабоду прадпрымальніцтву і дарогу інвэстыцыям, а таксама шмат іншых выгод.

Прыняўшы праграму, Сойм даручыў кіраўніцтву і органам партыі тэрмінова распрацаваць канкрэтныя прапановы па такіх напрамках, як “Эўрадабрабыт”, “Эўрабясьпека”, “Эўраэкалёгія” і іншых. Быў ухвалены і папярэдні сьпіс будучых кандыдатаў у мясцовыя выбары па Менску.


Адышоў адзін зь ярархаў Расейскай праваслаўнай царквы, архіяпіскап Пермскі й Салікамскі Афанасі (Аляксандар Кудзюк).

Нарадзіўся ён 18 лютага 1927 г. у Красным Сяле на Беласточчыне, пад Бельскам. У 1945 г. стаў паслушнікам Жыровіцкага манастыра, а потым вучыўся ў Маскоўскай духоўнай сэмінарыі й Маскоўскай духоўнай акадэміі, быў рукапакладзены ў ераманахі. Атрымаў навуковую ступень кандыдата багаслоўя, выкладаў у Маскоўскай духоўнай сэмінарыі, а потым — у Менскай духоўнай сэмінарыі. Так лёс зноў вярнуў яго ў Беларусь, у Жыровіцкі манастыр. Тут айцец Афанасі быў узьведзены ў сан архімандрыта, а 31 жніўня 1980 г. зрабіўся япіскапам Пінскім, вікарыем Менскай япархіі. З сакавіка 1984 г. уладыка Афанасі ўзначальваў Пермскую япархію. Сёлета ў сакавіку ён падаў у Сынод просьбу аб сыходзе на адпачынак, бо меў ужо 75 гадоў. Да самае сьмерці айцец Афанасі заставаўся беларускім патрыётам.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0