Літаратары-аўтсайдэры на машыне часу

Вялікі гром вакол гвалтоўнае зьмены рэдактараў літаратурных выданьняў завершыўся малым дажджом. “Літаратурна-мастацкі холдынг” на чале зь Сяргеем Касьцяном выпусьціў першую порцыю сваёй прадукцыі — здвоеныя 7—8-я нумары часопісаў. “Абноўленыя” пэрыёдыкі сваім духам і зьместам вяртаюць нас у далёкія савецкія часы, калі інтэлігенцыя рагатала з карыкатурных ідэяў чу-чхе ў сьветлай памяці часопісе “Корея сегодня”.

Найбольш зьмянілася “Маладосць”, ачоленая Раісай Баравіковай. Рэдактарка абяцае адкрыць рубрыку “Школа бізнэсу”, а ў цэлым выданьне нагадвае задорную мяшанку “Першацвету” і “Алесі”.

Адкрываецца ж “Маладосць”, як і ўсе астатнія выданьні, урыўкам з пасланьня Лукашэнкі парлямэнту — тым самым, што афіцыйныя газэты перадрукавалі (а незалежная прэса, якую выданьні холдынгу пасьлядоўна бэсьцяць, і прааналізавала) тры месяцы таму. Тэкст пасланьня, надрукаваны ў “Маладосці”, адрозьніваецца ад “палымянскага” лепшаю стыль-рэдактураю. Цікава, што і кіруе “Маладосцю” “рэдакцыйная рада” (у складзе Алеся Бадака, Вольгі Куртаніч, Віктара Гардзея і Анатоля Казлова), тады як “Полымем” — “рэдакцыйны савет” (Віктар Праўдзін, Уладзімер Саламаха, Валянціна Коўтун, Андрэй Федарэнка).

Здаецца, што літаратурныя аўтсайдэры селі ў машыну часу, каб яшчэ раз шукаць шчасьця ў тых савецкіх умовах, дзе зь першага разу ўзьлезьці на Алімп ім не ўдалося. Дзіва што ўсе “абноўленыя” часопісы нагадваюць абласныя газэты прамінулае эпохі (“Маладосць” тут не выключэньне) і ўсе — на адзін твар.

“Полымя” адкрываецца (пасьля Гаранта Канстытуцыі, вядома) працягам “Начных успамінаў” Івана Шамякіна, якія дагэтуль друкаваліся ў “ЛіМе”. “Нёман” зьмяшчае дзёньнікавыя запісы супрацоўніка прэзыдэнтуры Эдуарда Скобелева, папярэднія часткі якіх публікавала “Всемирная литература”. “Полымя” адкрываецца вершам Купалы “Маладая Беларусь”, а “Всемирная литература” пад рубрыкай “Нашы юбіляры” зьмяшчае “Маю малітву”. “Маладосць” перадрукоўвае Караткевічаву “Ладзьдзю роспачы” (!), а “Всемирная литература” — вершы Нэруды ў перакладзе Эрэнбурга (!!). “Купалазнаўчыя” творы У.Гніламёдава і Т.Нуждзіной Яўген Крыжаноўскі мог бы і са сцэны зачытваць… Вось як пачынаецца, напрыклад, артыкул “Купала. Народ. Песьня”: “Думаецца, пісаць пра Купалу, не прычасьціўшыся зноў яго словам і думамі, немагчыма”.

Сярод аўтараў “новага” “Полымя” — Уладзімер Конан, Янка Сіпакоў, Сяргей Рублеўскі. У “Маладосці” — Юры Цьвяткоў, Леанід Пранчак. Ільвіную долю старонак, адведзеных пад творы беларускіх аўтараў, займаюць тэксты пісьменьнікаў, якія ў выданьнях холдынгу і працуюць або ўваходзяць у іх рэдакцыйныя рады: Праўдзін, Скобелеў, Федарэнка, Шамякін, Шніп, Мятліцкі. Ня дзіва таксама, што перадрукоўваецца шмат твораў савецкае пары.

Змрочнае ўражаньне сваёй безыдэйнасьцю робіць і брыльянт у кароне холдынгу — “ЛіМ”, тыраж якога скараціўся да 1561 асобніка. Зрэшты, у колах холдынгаўцаў творчы і фінансавы посьпех — рэчы вельмі адносныя (дакладна так, як гэта было ў 1940-70-я). Чым, напрыклад, патлумачыць тое, што “Всемирная литература” пры тыражы ўтрая меншым, чым у “Нёмана”, друкуецца на афсэтнай паперы, але каштуе на 25% таньней? Альбо чаму “Нёман”, які вярнуў сабе вялікі фармат, каштуе роўна столькі ж — 2000 рублёў — як і куртатае “Полымя”?

У машыне часу знайшлося прымяненьне і Ўладзіславу Мачульскаму, які браў удзел у нядаўнім развале Саюзу пісьменьнікаў. Яго паслалі кіраваць выдавецтвам, зьлепленым з былых “Мастацкай літаратуры” і “Юнацтва”.

У жніўні чакаецца выхад нумароў незалежных часопісаў — “ARCHE” і “Дзеяслова”. Будзе з чым параўноўваць.

Мікола Бугай

Пішуць часопісы

“Полымя”, успаміны Івана Шамякіна аб працы прадстаўніком Беларусі ў ААН: “…Пры галасаваньні нярэдка трэба было бегчы праз усю залю, пад уедлівыя ўсьмешкі дэлегатаў іншых краін, да савецкай дэлегацыі — як галасаваць? За, супраць, устрымацца? Далёкаму ад дыпляматыі няпроста было разабрацца. А ўявіце, што на другі дзень газэты расьпісалі, што беларуская дэлегацыя прагаласавала супраць саюзнай. Што было б!”

“Нёман”, Эдуард Скобелеў: “11 верасьня 2001 г. — гэта тэхналягічны ход для ўстанаўленьня паўнаўладзьдзя Сусьветнага ўраду. І ўдары супраць “тэрарыстаў” — гэта ўдары па іншадумстве і нацыянальнай самасьвядомасьці ў сусьветным маштабе”.

“Нёман”, Любоў Грамыка: “Толькі ў іванаўскім Сьвята-Ўвядзенскім манастыры заміраточылі каля 7 тысяч (!) ікон”. (Клічнік аўтаркі.)


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0