Наталка Бабіна

Пастка для крата

Працяг. Пачатак у №23—26.

...Студэнтка менскае Палітэхнікі Яніна знаходзіць на сваім лецішчы труп невядомага чалавека, а назаўтра ледзьве ня робіцца ахвяраю невядомага забойцы. Ейны каханак-спэцслужбіст расьсьледуе справу. Вярнуўшыся ўвечары дадому, яна дазнаецца, што ейнага бацьку цягалі на допыт…

— А божа мілы! — толькі і магла я сказаць.

— І затрымалі! Пад канвоем павялі...

— Слухай, тата, а ты часам са сьледчым ня біўся? — падазрона спытала я.

— Пры чым тут біўся! — узлаваўся тата (“Значыцца, было”, — падумалася мне). — Дык вось, вядуць мяне па калідоры, а насустрач, дзякуй богу, твой Андрэй. Выбавіў ён мяне — адпусьцілі, падпіску толькі ўзялі...

Перад сном, у ложку, я абдумвала пачутае. Бач ты, якім неспадзяваным чынам Андрэй прыдаўся!

...Андрэй спачатку працаваў таксама ў бацькавай кансультацыі. Калі мінуў год пасьля сьмерці мамы, а мой раман з Фрэбэргам увайшоў у стадыю згасаньня, я раптам зьвярнула ўвагу на свайго тату і вырашыла, што ім трэба заняцца. Нічога лепшага, як адзначыць яго пяцідзесяцігодзьдзе, не прыдумала. Час цячэ, жыцьцё павінна працягвацца, а мамы ня вернеш — дык чаму б татусю не пашукаць каго-небудзь, хто дасьць яму новы стымул да жыцьця? Ён у мяне вельмі прыгожы і больш за каго іншага варты таго, каб жыць шчасьліва. Дый бачыла, бачыла я, як на яго глядзяць свабодныя пані зь іх кансультацыі, чула, якімі салодкімі галасамі гавораць яны са мной...

Бацька, трохі нечакана для мяне, адразу пагадзіўся адзначаць юбілей. Маючы пэўны досьвед стасункаў зь менскімі рэстарацыямі, вырашылі гасьцей клікаць дадому. Мы з Алёнай, якую я прыцягнула да справы як знакамітую кулінарку, працавалі два дні і дзьве ночы, каб вечар атрымаўся беззаганным. Татавы супрацоўнікі зьявіліся акуратна да часу і ў поўным зборы — дзевяць чароўных пані з канцылярыі, трое сівагаловых і да д’ябла хітрых юрыстаў ды Андрэй. Стол, які зьзяў і сьвяціўся, вельмі спадабаўся бацьку, спадабаліся й антыкварныя тамы Бракгаўза і Эфрона, якія яму паднесьлі ў падарунак. Пад віно бяседа бегла на мазаных колах. Вось ужо сьмешныя згадкі залуналі над сталом, і хвалі сьмеху троху размазалі макіяж чароўных пані. А сівыя мнагамудрыя законьнікі разружавеліся, разьмяклі і нават злучна адсьпявалі песьню. Калі надышоў час перайсьці ў пакой для танцаў, мы з Алёнай засталіся прыбіраць стол для дэсэрту. Мы забегаліся, я выпусьціла сытуацыю з-пад кантролю.

Спачатку між танцамі мужчыны зачаста прыкладаліся да каньяку. А пасьля дэсэрту, калі ўсе зноў пайшлі танчыць, адбылася катастрофа: нехта паставіў старую кружэлку Джо Дасэна — маміну любімую. І бацька, які добра-такі выпіў, не захацеў запрашаць на танец і выбіраць сабе ў сяброўкі каго з дамаў, дзеля чаго ўвесь вечар і задумваўся. Ён сеў на канапу і горка заплакаў. Калі дамы абступілі яго, ён, усхліпваючы, аб’явіў, што, хоць усе яны прыгожыя і добрыя, усё ж ніводная ня вартая падэшвы яго памерлай жонкі. Дамы толькі пераглянуліся. Бацька гэты абмен позіркамі заўважыў і закіпеў. Яму многа ня трэба, каб разьюшыцца! Разагнаў дамачак такімі выразамі, якія вымаўляць у іх прысутнасьці ня толькі не пажадана, але, наадварот, сувора не рэкамэндуецца. Гэтага яму падалося мала, і ён працягваў: “Умееце пагладзіць, калі запрагаеце! Бачу вас навылёт! Кожную!” — і даволі падрабязна распавёў, што менавіта ён там бачыць у кожнай...

Зьбянтэжаныя дамы хутка пайшлі з гасьцей. Потым, чухаючы патыліцы ды ляпаючы асавелага бацьку па плячах — “Нічога, Рыгоравіч, як-небудзь!”, — падаліся па хатах ягоныя калегі-мужчыны. Застаўся толькі Андрэй. І тут бацьку зрабілася дрэнна.

Мы з Андрэем хадзілі каля яго ўсю ноч. Ня ведаю, што б я без такога памочніка рабіла — адкуль мне ведаць, як абыходзіцца з п’янымі? Пад ранак, калі пачало віднець і бацька нарэшце супакоіўся, Андрэй заснуў у фатэлі. А я якраз кавы яму прынесла. Ён спаў спакойна, толькі трошкі павёў плячом і раптам у сьне сказаў: “Халодна. Накрыйце мяне андаракам”. Пасьля перажытага стрэсу ад недарэчных яго слоў мяне раптам пранізала такая пяшчота...

Во як бывае: наладзіла вечарыну, каб пазбавіць тату ад адзіноты, а ў выніку знайшла чалавека, за якога хутка выйду замуж і тым самым зраблю бацьку яшчэ больш адзінокім... Андрэй вельмі настойвае на шлюбе апошнім часам. І хто б мог падумаць, што мне спатрэбіцца ягоная прафэсійная дапамога: неўзабаве пасьля таго памятнага юбілею ён перайшоў працаваць туды, дзе бацька, дзякуй богу, сустрэў яго сёньня...

Сон змарыў мяне, і дзень дыплёмнага праектаваньня нарэшце скончыўся.

Тарас Сьлёзка

Ясная справа — ня бацька забіў Мянцея. Не такі чалавек! Вядома, ён заводзіцца з паўабароту, але й адыходзіць хутка. Прыкладам, са сваімі дамачкамі замірыўся на наступны ж дзень, прычым, як расказваў мне потым Андрэй, прымірэньне было поўнае і завяршылася кавай з бутэрбродамі, скамечанымі насоўкамі і цалаваньнем рук з бацькавага боку... Бацька — забойца? Нонсэнс! Лухта! Але гэта лухта для мяне, а не для сьледзтва…

Я замерла з алоўкам ля брыва (разважаючы сама з сабой, малявала “сьвяточнае вока”: сёньня дзень нараджэньня Зарэмбы). Але й сьледзтва ж павінна бачыць, што канцы з канцамі ня сточваюцца! Матыву няма — не за бабульку ж помсьціў! Трэба насесьці на Андрэя, няхай колецца. Што там вёрз сьледчы — калі гэта бацька бачыўся зь Мянцеем?

Замест таго каб сустрэцца з Андрэем ля дому Алёны, я паляцела ў ягоны інтэрнат, каб хутчэй усё выпытаць. Але насесьці на Андрэя ня дужа атрымалася. На ўсе мае пытаньні ён адгаворваўся:

— Службовая тайна.

Ясна, мяне такі адказ не задавальняў, і за дзесяць хвілінаў, пакуль мы паціхеньку ішлі, я ўжыла ўсе вядомыя мне мэтады здабыцьця інфармацыі: просьбы, патрабаваньні, лісьлівасьць, шантаж, подкуп. Бясплённа! Нарэшце, ужо ля ліфта, Андрэй сказаў:

— Ведаеш, Яня, твой бацька — ня мой бацька, таму для мяне зусім не аксіёма, што ён ня можа забіць. Ён кажа, што ня бачыўся зь Мянцеем, а сьведкі бачылі іх разам за дзень да таго, як ты знайшла труп... Дый характар у Рыгоравіча — ня дай божа. Гэты факт сьмела можна лічыць ускосным доказам віны. Але, спадзяюся, твой бацька хутка стане і маім, таму я зраблю ўсё магчымае, каб ён не пацярпеў, — незалежна ад таго, вінаваты ён у чым ці не.

Я й рот разьзявіла! Андрэй дапускае, што бацька можа быць забойцам!

— Што ты вярзеш? Навошта бацьку хаваць труп у прыбіральні? І навошта ён назаўтра дазволіў мне ехаць на дачу? Каб я яго там знашла?

— Ты магла паехаць і без дазволу.

— Але ж я спыталася яго.

— Гэта ты так кажаш.

— Што-о-о!?

— А тое, — раздражнёна сказаў Андрэй,— што з фармальнага пункту гледжаньня доказаў віны твайго бацькі больш чым дастаткова. Зразумей ты гэта, нарэшце! Ён ужо сядзеў бы, калі б ня выпадак. Ты ня горш за мяне разумееш, што факты можна лёгка перакручваць — адным бокам, іншым... І факты лёгка абарочваюцца супраць яго.

Ліфт, які ўжо доўга стаяў з разяўленай пашчай, драпежна ляснуў сківіцамі перад нашымі насамі й паляцеў угору.

— Значыцца, доказаў хапае? А як з тэмай “Рыгоравіч — забойца” стасуецца тое, што мяне грымнулі абухом па макаўцы?! Бацька і грымнуў, значыць?! А тое, што за мной сачылі?! Бацька сачыў?! Мо бацька ў мяне і страляў?! — раззлавалася я.

Ліфт вярнуўся, і дама з сабачкам-аксэлератам прадэфілявала паміж намі. У дзьвярах пад’езду сабака разгаўкаўся: зь вялізным, запакаваным у паперу букетам, бокам прасунуўся ў вэстыбюль Фабіян Дуброўскі. Зьяўленьне ягонай худой асобы перапыніла нашу спрэчку, але, паціснуўшы Дубу руку і прапускаючы яго паперадзе сябе ў ліфт, Андрэй дадаў:

— Гэтыя эпізоды могуць быць і не зьвязаныя адзін з адным. А можа, і зьвязаныя. Тлумачэньняў тут можа быць шмат. Я табе ўжо абяцаў, што разьбяруся ва ўсім — і разьбяруся. Ты толькі не мітусіся. Ты не заўважаў, Фабіяне, — зьвярнуўся ён да Дуба, — што ў Яніны з гадамі разьвіваецца тыповая жаночая хвароба: яна лічыць сябе разумнейшай за ўсіх?

— Заўважаў,— сказаў Дуб, сьвідруючы мяне здаровым вокам, у той час як крывое, нерухомае, напаўпрыкрытае павекам, глядзела проста перад сабой. — Я заўважаю, што ня толькі яна лічыць сябе разумнейшай за ўсіх. Я вось, прыкладам. Эпідэмія, мабыць!

Дзень нараджэньня знаходзіўся ў стадыі перадпачатку. Недзе ў глыбіні вялікай кватэры знаходзіўся чалавек, які быў прычынай сёньняшняга збору яшчэ ў большай ступені, чым дзень нараджэньня Алёны.

Ёсьць людзі бесталковыя. Ім не шанцуе ў жыцьці, яны заўсёды ня тое кажуць, а іхныя ўчынкі прыносяць вынікі, адваротныя чаканым. Не такая Алёна. Яна таемнымі шляхамі ўмее пранікаць у сутнасьць рэчаў, мае здольнасьць лекаваць, і лечыць яна лепш за дактароў — прынамсі, дактароў з нашай паліклінікі. Яна вельмі прыгожа сьпявае песьні будысцкіх манахаў (яе мама — тувінка) і “сечавых стральцоў”. Ад бацькі яе пашпартная нацыянальнасьць — украінка.

Усе паўтара году, пакуль сядзеў у беларускай турме ўкраінскі нацыяналіст Тарас Сьлёзка, яны з Алёнай перапісваліся. Мой Андрэй некалькі разоў дапамагаў ёй атрымаць дазвол на сустрэчу, а таксама на дадатковыя прадуктовыя перадачы. Алёна пабачыла Сьлёзку ў судзе і некалькі дзён потым была вельмі задуменнай і ціхай. Яна расказала мне, чамусьці зь нейкай пытальнай інтанацыяй, пра тое, аб чым даведалася з украінскіх газэтаў у Інтэрнэце і з бацькавых кніг: пра славутага дзеда Сьлёзкі — уніяцкага мітрапаліта Андрыя, які карыстаўся такой нязьмернай павагай у Львове, што немцы пабаяліся яго арыштаваць, калі ён, адзіны з царкоўных ярархаў Эўропы, зьвярнуўся з адкрытым лістом да Гімлера, асуджаючы забойствы жыдоў... Пра сухую галадоўку ўнука, вынікам якой стала вяртаньне ўніятам храму, у якім служыў колісь дзед... Пра разгром УПА ў палескіх балотах... Пра Салжаніцына, якому стала вальней дыхаць у Гулагу, калі туды прыслалі разгромленых ваякаў — жорсткіх, бязьлітасных забойцаў, вострыя нажы якіх неслі пэўную і лютую пагібель стукачам... Пра што яна пыталася ў мяне, калі гаварыла? Гэта я павінна была зразумець сёньня... Алёна — адзін з найдаражэйшых мне людзей. Таму, седзячы за сталом, я паціху разглядала таго, хто, як я падазравала, мог зьмяніць яе лёс.

Сьлёзка мне спадабаўся. Зарэмба зноў патрапіла ў яблычак.

Працяг будзе.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0