ІКЕА замест леспаперапраму

Швэдзкі канцэрн ІКЕА жадае вырабляць сваю мэблю ў Беларусі. Урад вагаецца: дазваляць ці не?

Мэблю ІКЕА ведаюць ва ўсім сьвеце. У нас яна лічыцца элітарнай, а “ў іх” — даступнай. Аднак сытуацыя можа зьмяніцца: швэдзкі канцэрн паклаў вока на закінуты будынак бэтоннага заводу, што ў вёсцы Фарынава на Полаччыне.

ІКЕА плянуе ўкласьці 25 млн. даляраў у пабудову двух прадпрыемстваў, што будуць вырабляць драўляны шчыт і мэблю. Полацкія ды віцебскія ўлады толькі й чакаюць прыходу багатых швэдаў. А вось урад думае шырэй і таму вагаецца ўжо пяты год. Пра фінальную стадыю перамоваў — подпіс Лукашэнкі — размовы пакуль што ўвогуле няма. Між іншым, прадукцыя, якую павінны вырабіць на яшчэ не пабудаваных заводах у Фарынаве, ужо замоўленая гандлёвай сеткай ІКЕА. Калі да 29 жніўня кіраўніцтва канцэрну не атрымае пэўнага адказу ад беларускіх уладаў, швэды ашчасьлівяць іншую вёску, гэтым разам у Расеі.

Што такое ІКЕА

Прадукцыя ІКЕА зьяўляецца ў крамах пад лэйблам “Дызайн і якасьць, ІКЕА, Швэцыя”. Насамрэч Швэцыя — толькі радзіма кампаніі, што пачынала ў 1943 г. з вырабу алоўкаў і іншай драбязы, а цяпер зрабілася буйным транснацыянальным канцэрнам. Каталёгі ІКЕА выходзяць накладам у 110 млн. асобнікаў на 34 мовах. Летась крамы ІКЕА ва ўсім сьвеце наведалі 255 млн. чалавек, якія пакінулі там 11,3 млрд. эўра. Большасьць пакупнікоў — немцы (21%) ды амэрыканцы (13%). На канцэрн працуюць 70 тыс. чалавек. Калі казаць дакладна, пабудовай прадпрыемстваў у Фарынаве будзе займацца кампанія “Swedwood Group”, якой ужо належаць 32 мэблевыя фабрыкі ў Швэцыі ды Ўсходняй Эўропе. У жніўні 2001 г. была зарэгістраваная кампанія “Swedwood Polotzk”, але далей справы не пасунуліся.

Схема захопу

ІКЕА спрабуе рэалізаваць у Беларусі выпрацаваную схему захопу рынку. Першы яе этап — экспарт з краіны паўфабрыкатаў ды гатовых вырабаў. Канцэрн закупляў у Беларусі дошкі, фанэру, шчыты, а таксама баваўняныя ды льняныя тканіны з Баранавічаў і Воршы. Другі этап — пабудова мэблевых заводаў. Разьлік такі: заводы павінны вырабляць 20—30% мэблі, якая пойдзе на продаж у крамы, пабудаваныя цягам трэцяга пэрыяду экспансіі. Аднак другі этап расьцягнуўся на пяць год. Да заключнага справа ўвогуле можа не дайсьці, хоць швэды відавочна жадаюць давесьці яе да канца. Апошнім часам узнавіліся гутаркі пра пабудову ў Менску гіпэрмаркетаў — вялізных унівэрсальных крамаў з гандлёвай плошчай больш за 10 тыс. кв.м. Зьнікненьне шапікаў з сталічных вуліцаў — першая стадыя падрыхтоўкі да “гіпэрмаркетызацыі”. Ужо нібы ёсьць 16 кампаніяў, ахвочых будаваць у нас гіпэрмаркеты. І ІКЕА напэўна можа апынуцца сярод іх.

Чаму Фарынава

Швэдам выгадна вырабляць мэблю на Полаччыне. Побач — некранутыя лясы, да якіх не дабралася радыяцыя. Кошт беларускай драўніны — 2—3 даляры за кубамэтар — у пяць разоў меншы, чым за мяжой. Дый плаціць беларускім рабочым можна меней. Вядома, канцэрн не вырабляе ўсё сам — шмат матэрыялаў ды дэталяў даводзіцца купляць, у першую чаргу ў Кітаі. Трэці па значнасьці пастаўшчык ІКЕА — Польшча. Супрацоўніцтва з краінамі, якія ў эканоміцы зорак зь неба не хапаюць, — звыклая справа для канцэрну. Так, у 1996 г. кіраўніцтва ІКЕА загадала сваім дызайнэрам стварыць прынцыпова новую конаўку, якая была б ня толькі арыгінальнай, але й таннай — ня больш за 5 швэдзкіх кронаў (каля 60 цэнтаў). Ёй нават далі асобную назву — “Bang”. Вырабляць конаўку вырашылі ў Румыніі, бо тамтэйшаму працаўніку можна плаціць нашмат менш, чым эўрапейцу-заходніку. Але жаданьне зарабіць на “танных руках” часам выклікае скандалы. У пачатку ліпеня амэрыканскі ўрад даведаўся, што ІКЕА набыла ў талібаў 150 расьпісаных дываноў. Выкруціцца канцэрн ня змог: давялося заплаціць 80 тыс. даляраў кампэнсацыі.

Небясьпечны канкурэнт

Ня варта забывацца, што ў Беларусі ёсьць і свой мэблевы канцэрн — “Беллеспаперапрам”. Ягонае кіраўніцтва, паводле чутак, незадаволенае зьяўленьнем швэдаў. Яно спадзявалася, што ІКЕА ня будзе ствараць свайго незалежнага прадпрыемства, а ўкладзе грошы ў старыя беларускія мэблевыя фабрыкі ды дапаможа наладзіць сумесную нарыхтоўку драўніны. Прадпрыемствы “Беллеспаперапраму” нават перарабілі на акцыянэрныя таварыствы — каб лягчэй было ў іх інвэставаць. Але ў ІКЕА — свае пляны. І калі яна здолее іх зьдзейсьніць, дык у продажы побач з добра (а часам сумна) вядомым асартымэнтам беларускіх мэбляроў зьявіцца новая высакаякасная мэбля. Прычым кошты ня будуць моцна розьніцца.

Пускаць ці не пускаць?

Урад маўчыць. Што лепш: пусьціць швэдаў, якія будуць поўніць бюджэт сваімі падаткамі й створаць 600—700 новых добра аплатных працоўных месцаў, ці захаваць ад банкруцтва беларускую мэблевую індустрыю? Паводле папярэдняй дамоўленасьці, швэды павінны даць працу былым рабочым фарынаўскага заводу-банкрута. Новыя спэцыялісты мэблевай фабрыкі таксама мусяць быць беларусамі. Матэрыял будуць браць з нашых лясоў. Беларуская ІКЕА выглядае прывабнай ідэяй.

Алесь Кудрыцкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0