Хто ён, новы прэзыдэнт Індыі?

Мусульманін, ідал індуістаў. Мілітарыст, які апэлюе да ідэяў Махатмы Гандзі. Пяюн міру ды спагады і стваральнік індыйскай атамнай бомбы. Інжынэр, філёзаф, паэт. Абдул Калам, адзінаццаты прэзыдэнт Індыі.

Натоўпы танцуюць на вуліцах, пачуўшы, што ён будзе прэзыдэнтам.

Зусім як у траўні 1974-га, калі Індыра Гандзі абвясьціла пра выбух першай індыйскай атамнай бомбы. І як у траўні 1998-га, калі пасьля доўгага перапынку ўрад прэм’ера Атала Біхары Ваджпаі зладзіў сэрыю зь пяці падземных ядзерных выпрабаваньняў, правакуючы да таго самага Пакістан.

У гэты такі важны для Індыі момант, калі пад высахлай зямлёй Раджастану адбываецца расшчапляльная рэакцыя (а сьляпыя цяляты ў вакольных вёсках нараджаюцца дагэтуль), найважнейшая пэрсона на атамным палігоне — таўсматы мусульманін з доўгімі сівымі валасамі і ўзараным зморшчынамі тварам. Абдул Калам, кіраўнік праекту. На галаве ў яго капялюш нэпальскіх гуркхаў, ён прыплюшчвае вочы і мармыча пад нос: “Пашыраю далягляды навукі ці ствараю зброю масавага зьнішчэньня?”

Не міжнародная сытуацыя змусіла Індыю ўступіць у атамны клюб, але прага пакончыць са стагодзьдзямі прыгнёту: гэта было пратэстам супраць пагарды да мільярднага народу, уварваньнем у элітарны салён. І народ шчыра задаволены прэзыдэнтам, якому належыць ня толькі гонар быць бацькам таго выбуху, але і сьмелыя словы пра тое, што Індыя — вялікая краіна, а яе жыхары — самыя здольныя пад сонцам. Што можна засеяць пустыні, асьвятліць вёскі, перабудаваць халупы ў дамы, наесьціся ўволю. Трэба толькі захацець.

“Марыць, марыць, марыць…” — гэта адна з улюбёных мантраў Абдула Калама. Гэты вучоны-філёзаф зрабіўся нацыянальным героем Індыі, жывым паўбогам. Гэта ў ягоным абліччы сышоў на зямлю Трымурці, клясычнае ўвасабленьне багоў індуізму, што лучыць у адным рысы стваральніка Брахмы, зьнішчальніка Шывы і заступніка жыцьця Вішну.

Ад газэтаў да ракетаў

Ён нарадзіўся 70 год таму ў Рамэшварам, рыбацкім пасёлку на вузенькім паўвостраве ў паўднёвай частцы краіны. У прадаўнія часы, калі багі замест ракет карысталіся бліскавіцамі, паўвостраў быў перашыйкам, які злучаў Індыю з Цэйлёнам. Адтуль бог Рама распачаў апісаны ў “Рамаяне” паход супраць дэмана Раване.

Каламаў бацька быў старастам вёскі. Ён пабудаваў некалькі чаўноў і перавозіў імі пілігрымаў да аточанай вадой сьвятыні ці матросаў на прышвартаваныя паблізу караблі. На час індуісцкіх сьвятаў пазычаў свае чаўны мясцовым брамінам. Тыя ладзілі на іх плывучыя алтары з расфарбаванымі ў яркія колеры фігурамі сьвятых і гірляндамі наготкавых вянкоў. Аднаго разу плятформа перакулілася, і Каламаў бацька ўласнымі рукамі выратаваў індускага бога ад гібелі ў глыбінях акіяну. Мусульмане ды індуісты жылі тады ў добрай згодзе.

Абдул Калам — малодшы ў сям’і. У дзяцінстве ён быў ціхім хлопчыкам, апантаным кнігамі. Ніводзін з трох ягоных братоў ня скончыў нават школы, а Абдул Калам паступіў на авіяцыйна-інжынэрны факультэт Тэхнічнага інстытуту ў Мадрасе. Кажа, што з маленства яго зачароўваў палёт чаек. У 1958 г. Абдул робіцца супрацоўнікам НДІ абаронных тэхналёгіяў. Праз два гады атрымлівае стыпэндыю амэрыканскага Аэракасьмічнага агенцтва. У 1980-м ягонае канструктарскае бюро запускае на арбіту спадарожнік. Індыя робіцца пятай краінай сьвету, якой удаецца такі фокус. Неўзабаве пасьля гэтага Калам узначальвае праграму ракетнага будаўніцтва. У 90-х распрацоўвае ядзерную зброю. Пасьля ўдалых выпрабаваньняў 1998 г. на хвалі посьпеху ён робіцца дарадцам прэм’ер-міністра па навуцы.

Супрацоўнікі адгукаюцца пра яго: ветлівы, працавіты, хуткі ў вырашэньні канфліктаў. Знаходзіць час для пісаньня вершаў і граньня на струнным інструмэнце вэена. Здаецца, што навука замяняе яму рэлігію. На пытаньне міністра інфармацыі, які дзень найбольш спрыяльны для вылучэньня ў прэзыдэнты, ён адказаў, што “астраномія, а не астралёгія рухае сьвет наперад”. Іншыя індыйскія палітыкі й бізнэсоўцы рэгулярна зьвяртаюцца да астролягаў і варажбітоў.

Мусульманін з душой індуса

Прэзыдэнта Індыі выбірае на пяць год выбарчая калегія, якая складаецца з амаль 5 тысяч дэпутатаў штатаў і агульнанацыянальнага парлямэнту. Дзьве асноўныя функцыі кіраўніка дзяржавы — падпісваць ухваленыя законы і вылучаць кіраўніка ўраду. Калі ў індыйскай палітыцы дамінаваў Нацыянальны кангрэс і дынастыя Нэру—Гандзі, роля прэзыдэнта зводзілася да афіцыйных паездак і зачытваньня дакладаў пра стан дзяржавы. Мала хто з прэзыдэнтаў выкарыстоўваў свае канстытуцыйныя паўнамоцтвы — зазвычай яны моўчкі праводзілі палітыку ўраду. Значэньне інстытуту прэзыдэнцтва павялічылася, калі 10 гадоў таму Індыя адмовілася ад цэнтралізаванага кіраваньня эканомікай і дала большую свабоду штатам. Крызыс найбуйнейшых партыяў і Кангрэсу ды росквіт рэгіянальных партыяў распачалі эпоху фэдэралізму і вымушаных кааліцыйных урадаў. Прэзыдэнт зрабіўся важным гульцом на палітычнай сцэне.

Абдул Калам быў кандыдатам кампрамісу. Ня ў тым сэнсе, што ён задавальняў усіх, проста ў ім гарманічна спалучалася столькі вартасьцяў, што многім было цяжка адмовіцца ад такой кандыдатуры.

Вылучылі яго індуісцкія нацыяналісты з Індыйскай народнай партыі (ІНП), якая кіруе ў Дэлі пры падтрымцы некалькіх соцень рэгіянальных партыек. У сытуацыі, калі ІНП прайграе мясцовыя выбары адны за другімі, Каламава папулярнасьць вельмі каштоўная. Ва ўмовах сур’ёзных канфліктаў з Пакістанам чалавека, які даў Індыі атамную бомбу і паўтарае “Мы мусім быць дужыя”, можна толькі вітаць. А калі колькасьць ахвяраў індуісцка-мусульманскіх сутычак у штаце Гуджарат набліжаецца да тысячы і калі ўрад усё часьцей вінавацяць у легкадумнай бязьдзейнасьці, даручэньне найвышэйшай (фармальна) пасады мусульманіну пазбаўляе крытыкаў аргумэнтаў.

Абдула Калам ня выставіў бы кандыдатуры бяз згоды “Санг Парывар” — вялікадзяржаўнага нацыяналістычнага руху. (ІНП, якая ўзьнікла як яго палітычнае крыло, пад уплывам прэм’ер-міністра Ваджпаі адмовілася ад даўніх намераў зрабіць Індыю “больш індыйскай”, аднак радыкалы яшчэ не губляюць на гэта надзеі).

Чым мусульманін Калам прывабіў індуісцкіх фундамэнталістаў? Па-першае, ён, як і яны, прыхільнік мілітарызацыі. Па-другое, амаль ніколі не выказваецца ў абарону меншасьцяў. Па-трэцяе, шануе (і цытуе па памяці) Бхагават-Гіту, як і Каран. “Гэта мусульманін з душой індуса”, — сказаў пра яго адзін зь лідэраў ІНП.

Урэшце, індуісты-радыкалы, заклапочаныя небясьпекай ісламскай дэмаграфічнай бомбы, мараць, каб рэшта вернікаў у Прарока насьледавала Каламу — бязьдзетнаму старому кавалеру.

Калам-хлус

Ягоную кандыдатуру падтрымаў і Кангрэс, найбольшы асяродак апазыцыі. Калам — прадстаўнік меншасьці, а Кангрэс заўсёды клапаціўся пра галасы мусульманаў, хрысьціянаў і ніжэйшых кастаў. “Чалавек-ракета” адкрыта заяўляе пра сваю прыхільнасьць да ідэі сьвецкасьці дзяржавы, дадатковы плюс — ягоная палітычная нэўтральнасьць. Супраць Калама галасавалі толькі камуністы.

Новы прэзыдэнт абыходзіць адказы на цяжкія пытаньні, кожную праблему падымае з практычнай плоскасьці на абстрактныя вышыні. Місія, пакліканьне, патэнцыял, магчымасьці — гэта ягоныя ўлюбёныя словы.

Пра канфлікт з Пакістанам ён кажа: калі дзяржавы Эўропы пасьля шматлікіх войнаў навучыліся супрацоўнічаць адна з адной, дык праз два-тры дзесяцігодзьдзі індыйскі субкантынэнт мо таксама будзе на гэта здольны. На пытаньне пра сутычку ў Гуджараце адказвае, што гвалт і нянавісьць у імя рэлігіі — гэта вялікае зло.

Ці палепшыць трэці ў гісторыі мусульманін-прэзыдэнт становішча гэтай 150-мільённай меншасьці ў Індыі? Нішто пра гэта ня сьведчыць. Так, як ягоны папярэднік К.Р.Нараянан, першы прэзыдэнт Індыі зь найніжэйшай касты “недатыкальных”, не палепшыў лёсу іншых “няўдала народжаных”. Летась Нараянан мог толькі назіраць, як урад з посьпехам дамагаецца зьняцьця з парадку дня Канфэрэнцыі ААН супраць расізму пытаньня аб каставай дыскрымінацыі. Наяўнасьць у індыйскім урадзе мусульманаў не замінае рэлігійным чысткам у Гуджараце. “Сымбалічныя жэсты, калі за імі не стаяць сур’ёзныя дзеяньні, часта прыносяць болей шкоды, чым карысьці, бо ствараюць уражаньне вырашэньня праблемы”, — піша Ра Равішанкар у штотыднёвіку “Outlook”.

Прэса раскапала старую мянушку цяперашняга прэзыдэнта: “Калам-хлус”. У 60-я яго так клікалі калегі з інстытуту, бо ён кантактаваў з брамінамі і трымаўся іхнай вэгетарыянскай дыеты. Іншыя прыпісваюць яму манію велічы: маўляў, ён загадвае называць сябе “доктар Абдул Калам”, хоць ягоная ступень дасталася яму за навуковыя заслугі, без абароны дысэртацыі.

М.В.Рамана з Прынстанскага ўнівэрсытэту сьцьвярджае, што Калам мае здольнасьць падаваць нават дробныя дасягненьні як вялікія посьпехі, “перафарбаваўшы іх у нацыянальныя колеры”. На ягоную думку, Каланаў аптымізм мяжуе з абсурдам. “Ён параіў пабудаваць антыракетны шчыт, такі, які плянуюць стварыць амэрыканцы ў рамках праграмы “зоркавых войнаў”, — кажа Рамана. — ЗША выдаткавалі мільярды даляраў і ўсё адно ня здолелі гэтага зрабіць”.

“Gazeta Wyborcza”

Працяг будзе.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0