Мультымiльянэр-забойца

Ангельскі мiльянэр Нiкалaс ван Гугстрэтан “заказаў” свайго канкурэнта. Яму пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.

Гугстрэтан — адзiн з самых заможных людзей Вялiкай Брытанii: у сьпiсе багатыроў краiны ён стаiць пад нумарам 159. За 30 год Нікалас здолеў нажыць 200 млн. фунтаў стэрлiнгаў (каля 312 млн. даляраў). 57-гадовы бiзнэсовец зрабiў капiтал на здабычы карысных выкапняў і апэрацыях зь нерухомасьцю. Ён мае шыкоўныя дамы ў ЗША, Францыi ды Зымбабвэ.

Гугстрэтан ненавiдзеў тых, хто парушаў недатыкальнасьць ягоных уладаньняў, а менавiта аматараў прагулак, а таму ня грэбаваў ставіць калючы дрот ды ахоўнiкаў на сьцежках, што вялi да ягоных палацаў. Пяць гадоў таму, калi адзiн дом мільянэра ў Гоўве згарэў, ван Гугстрэтан назваў пяцёх няшчасных, якiя загiнулi ў полымi, “нiзкiмi людзьмi, наркаманамi — быдлам”.

Гугстрэтан не саромеўся на людзях заяўляць рэчы кшталту: “І добра, што Освальд хлопнуў Кенэдзi”. Адносна прынцэсы Дыяны казаў, што яна “ні ў што ня ставіла каралеўскую сям’ю”. Гугстрэтан сябруе з прэзыдэнтам Зымбабвэ Робэртам Мугабэ, якi на Захадзе мае рэпутацыю паўднёваафрыканскага Лукашэнкі.

Апошнiм часам Гугстрэтан будаваў “Hamilton Palace” — самы вялiкі й шыкоўны загарадны катэдж у Брытанii за апошняе стагодзьдзе. Мільянэр казаў, што сам Бог загадаў яму пабудаваць гэты “дом на ўзгорку” за 40 млн. фунтаў стэрлінгаў. Але пажыць у iм Нікаласу, відаць, не давядзецца. 2 кастрычнiка ён можа назаўжды перасялiцца ў лёнданскую турму “Old Baily”.

Як выявiла сьледзтва, у 1999 г. мільянэр наняў Дэвiда Кроўка ды Робэрта Напа, каб тыя забiлі ягонага былога кампаньёна Мухамэда Раджа. Таго спачатку пачыкалi нажамi, а потым і “замачылi”. Забойцы таксама атрымалі пажыцьцёвае зьняволеньне. 11 з 12 прысяжных палічылі вінаватым і Гугстрэтана. Калi псыхiятры палiчаць яго здаровым, мiльянэр трапiць за краты назаўжды.

Гугстрэтан марыў збудаваць сабе маўзалей за 30 млн. фунтаў, дзе мог бы спачываць пасьля сьмерцi разам са сваёй мастацкай калекцыяй. Але ў яго будзе яшчэ дастаткова часу, каб падумаць, што важнейшае — вялiкiя грошы цi добрае сэрца.

Алесь Кудрыцкi


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0