Жнівень у Эўропе

У Гішпаніі можна атрымаць у галаву памідорам. У Грэцыі — трапіць у тэатар часоў Сафокла. У Харватыі — паслухаць клясычную музыку. У Францыі — клясычна ўтапіцца ў бургундзкім віне ці ўзарваць што-небудзь на фэстывалі піратэхнікі ў Манака. У Фінляндыі ж усім увогуле будзе труба. І гэта далёка ня ўсё, дзеля чаго варта наведаць Эўропу ў жніўні. А Беларусь чакае аматараў сафары.

Аўстрыя ў жніўні пацьвярджае статус музычнай дзяржавы. Цэлы месяц у Бадэне на “летняй арэне” курортнага парку будзе праходзіць фэстываль апэрэты. Вена таксама прасякнутая музыкай — там да 15 жніўня ідзе фэстываль музычных фільмаў. Таксама пад адкрытым небам Вены можна бясплатна паглядзець опэры, канцэрты і чароўны балет.

Да 25 жніўня ў Мёрбішы працягнецца “Азёрны фэстываль”. Уявіце сабе: дасьціпная клясычная апэрэта, цудоўны ансамбль і ўнікальная прыродная куліса. Сёлета тут, на адной з найбуйнейшых у Эўропе сцэнаў пад адкрытым небам, будзе пастаўлена “Каралева чардашу” Імрэ Кальмана.

Ад 27 да 31 жніўня прыхільнікаў Моцарта чакаюць на радзіме кампазытара — у Зальцбургу, дзе артысты і музыкі з усяго сьвету будуць іграць ягоныя найлепшыя творы. А ў Інсбруку ўвесь жнівень працягнецца фэстываль старадаўняй музыкі. Цэнтрамі гэтага сьвята стануцца замак Амбрас ды інсбруцкі Гофбург.

У Вялікай Брытаніі ад 25 ліпеня да 4 жніўня адбудуцца Гульні краінаў Садружнасьці- 2002, найбуйнейшыя спартовыя спаборніцтвы ў Злучаным Каралеўстве. Больш за 4000 атлетаў з 72 краінаў будуць спаборнічаць у 17 відах спорту на Манчэстэрскім стадыёне.

Аматары машынаў “фэрары” і “мазэраці” папросту мусяць прыехаць 3—4 жніўня на трэк Брэндз Гэтч, дзе пройдуць гонкі гэтых аўтамабіляў. У перапынках выступяць Эрык Клэптан і Джулз Голанд, а пілёты “Red Arrows” прадэманструюць у паветры фігуры вышэйшага пілятажу.

Краіна працягвае радаваць турыстаў і вялікімі канцэртамі. 17—18 жніўня ў Чэлмзфардзе і ў Стафардзе адбудзецца фэст “V2002”, на які прыедуць такія знакамітыя выканаўцы, як “Travis”, “Stereophonics”, “Badly Drawn Boy”, “Supergrass”, “Chemical Brothers”, “Basement Jaxx”, а таксама Шон Райдэр ды Іэн Браўн. Многа хто лічыць “V2002” найлепшым музычным фэстывалем у Брытаніі.

У Лідзе (горад Лідз, ня блытаць зь Лідай) у “Temple Newsam Park” 23—25 жніўня — таксама вялікі канцэрт. Арганізатары падрыхтавалі гледачам падарунак: жывых “Guns “N” Roses”. Апрача таго, у Лідз прыедуць “Prodigy”, “The Strokes”, “Pulp”, “Foo Fighters”, “Muse” і “Ash”. А прыхільнікі трып-гопу, трансу, прагрэсіву і дрым-гаўзу могуць 24 жніўня прыехаць у Лівэрпуль. Там, на старым аэрадроме, перад велізарным натоўпам фанатаў паўстануць “Faithless”, “Underworld”, “Mis-Teeq”, “Kosheen”, Lemon Jelly, Stanton Warriors, Paul Oakenfold, Paul Van Dyk, DJ Shadow і Danny Rampling. Рэй будуць весьці ды-джэі Sasha, Deep Dish, Pete Tong і Dave Clarke.

Практычна ўсе буйныя гарады Вугоршчыны ладзяць летнія фэстывалі, што будуць доўжыцца ўвесь жнівень. Гэта і летні фэстываль опэры і балету “Будафэст” у Будапэшце, і фальклёрныя фэсты ў Шарвары, і “Слаўны тыдзень” у Кечкемэце.

Апроч таго, па ўсёй краіне пачынаюцца сьвяты збору вінараду. Вугорскае віно ў дадатковай рэкляме ня мае патрэбы. Сярод самых славутых “вінтэйджаў” можна назваць той, што адбываецца ў Балятонфёльдвары і “Сьвята бычынай крыві” ў Эгеры. Пачнуцца яны 26 жніўня і працягнуцца амаль да сярэдзіны верасьня.

У гішпанскім месьце Буноле 23 жніўня — “Фэстываль памідораў”. Пачынаецца ён выставай-кірмашом, а сканчаецца ўсеагульным “памідорным пабоішчам”.

Грэцыя таксама рыхтуе для турыстаў колькі прыемных, літаральна рэдкасных мерапрыемстваў. Так, у Афінах і Эпідаўры цягам усяго месяца можна будзе акунацца ў атмасфэру клясычнае антычнасьці, гледзячы вечныя п’есы Арыстафана, Эўрыпіда і Сафокла. Усе спэктаклі адбудуцца ў выходныя.

У Керкіры 10 жніўня адбудзецца сьвята-паказ “Варкарола”: уначы вы пабачыце працэсію асьветленых паходнямі чаўноў, зладжаную ў гонар сьв.Сьпірыдона. Ад 10 да 15 жніўня ў горадзе Аноя таксама пройдзе музычна-тэатральны фэстываль.

Горад Асколі-Пічэна, што ў Італіі, 3 жніўня зьбіраецца акунуцца ў XV ст. Велізарная колькасьць людзей апране ўборы таго часу і паспрабуе ўзнавіць тагачасны побыт. Завершыцца сьвята, вядома, карнавалам. 16 жніўня тыя, хто не пасьпеў прыехаць у Сыену і паглядзець Сыенскае Паліё, змогуць паўтарыць спробу. Гэтыя вар’яцкія скачкі па замкнёным коле галоўнай плошчы гораду ня маюць аналягаў у сьвеце.

Галоўная ж італьянская падзея месяца — Міжнародны вэнэцыянскі кінафэстываль, які пачнецца 26 жніўня.

Ад 9 да 11 жніўня ў мястэчку Кайрамонтэ (правінцыя Навара), недалёка ад найбольшага італьянскага возера Ляга-Маджорэ, адбудзецца рок-фэстываль “Spirit of Woodstock”, на які, апроч мясцовых, зьедуцца музыкі з Брытаніі, Нямеччыны, Турцыі, Польшчы, Францыі. Ад Беларусі запрошаны гурт “Безь Білета”.

Калі трэба наладзіць дзецям сапраўднае сьвята — наперад у Нямеччыну, у якой абвешчаны год Рэйнскага рамантызму. Прыкладам, у Рацэбургу пройдзе некалькі карнавальных шэсьцяў, прысьвечаных розным эпохам і краінам. Дзеці змогуць уволю нагуляцца з старажытнымі вікінгамі, нарманскімі ваярамі, манголамі і нават індзейцамі.

З 1 жніўня ў Апэнгейме і адначасова па ўсёй зямлі Бадэн-Вюртэмбэрг пачнецца штогадовы фэстываль віна, які працягнецца да 31 жніўня. А ў Нірштайне ад 2 да 5 жніўня адбудзецца сапраўдны нарманскі турнір. Яшчэ адно мерапрыемства, зьвязанае зь вікінгамі, пройдзе 2—4 жніўня ў Шлезьвігу. Шоў, якое зладзяць барадатыя і валасатыя дзядзькі ў рагатых шлемах, спадабаецца дзецям. Прынамсі, арганізатары пераконваюць у гэтым.

У ноч на 11 жніўня немцы пакажуць усім ахвотным паганскія абрады, прысьвечаныя Констанцкаму возеру. Сьвята распачнецца раніцою ў горадзе Констанцы і працягнецца далёка за поўнач.

15 жніўня ў Кёльне пачынаецца адзін з самых вялікіх вулічных фэстываляў. Рок-, поп- і джазавыя музыкі будуць забаўляць народ на дзесяці пляцоўках аж да 17-га ўключна. А днём раней на поўначы краіны, у Экельфёрдзе, высадзяцца самыя сапраўдныя піраты. Але найгучнейшая падзея месяца для Нямеччыны — фэстывальны тыдзень (23 жніўня — 1 верасьня) у Бадэн-Бадэне, дзе зьбяруцца найлепшыя скакуны сьвету. Скачкі і іншыя віды спорту будуць перамяжацца з выступленьнямі найлепшых гуртоў і сьпевакоў сьвету.

15 жніўня, на Прачыстую, варта выбрацца ў Польшчу, у Чанстахову, на сьвятую гару, куды зьбіраюцца мільёны каталікоў. Сёлета ўшанаваньне Маці Божай Чанстахоўскай абяцае быць асабліва ўрачыстым у сувязі з візытам папы Яна Паўла ІІ. Па папярэдніх зьвестках, папа Рымскі прыедзе ў Польшчу 16 жніўня і прабудзе там да 19-га. Акрамя Кракава, ён наведае Кальварыю Зэбжыдоўскую.

А ў Фінляндыю ў пачатку жніўня варта паехаць аматарам труб: у Ліекса адбудзецца фэстываль духавой музыкі. Гукі трубы будуць разносіцца ў старой шахце “Мяцясваара” на сопках Колі і ля бурных парогаў ракі. 4 жніўня, у дзень сканчэньня фэсту, можна перамясьціцца ў горад-цытадэль Гаміна, дзе 4—11-га пройдзе 7-ы міжнародны фэстываль вайсковай музыкі “Гаміна Татоо”. У горад прыбудуць флёцкія аркестры зь Фінляндыі, Швэцыі, Эстоніі, Расеі, Нямеччыны, Вялікай Брытаніі ды ЗША. Марш-шоў адбудзецца ў гістарычным цэнтры — Бастыёне Гаміна.

Аматараў камэрнай музыкі чакаюць 9—18 жніўня ў Турку. Там можна ня толькі паслухаць аркестры, першаклясных салістаў, маладых віртуозаў, але й наведаць мастацкія галерэі й магазыны, паглядзець фільмы і пазаймацца ў майстар-клясах, што будуць праводзіць запрошаныя музыкі.

З 23 жніўня пачнуцца сьвяточныя тыдні ў Хельсынкі. Там будзе ўсё — ад музыкі да сучасных танцаў, тэатру, жывапісу, кіно. Кульмінацыяй сьвята станецца ноч на 29 жніўня, якую арганізатары назвалі “Ноч мастацтваў”.

Францыя чакае ў жніўні ня толькі дэгустатараў він (у Бургундыі цэлы месяц будзе доўжыцца грандыёзны вінны фэст “Вялікія маркі”), але і аматараў фаервэркаў.

Ад 4 да 11 жніўня ў Манака адбудзецца Мастацкі фэстываль піратэхнікі. Калі грукат раптам надакучыць, можна, не дачакаўшы сканчэньня, зьехаць у Алерыю, дзе 8 жніўня пачнецца сьвята “Антычны фэст” з кірмашом і касьцюмаванымі шэсьцямі. У рэстарацыях будуць падаваць выключна старажытнарымскія стравы.

А пасьля можна выпраўляцца на Корсыку, дзе 12-га адбудзецца міжнародны конкурс на званьне найлепшага званара. У Бастыі ў той самы дзень можна пабачыць касьцюмаваны парад у гонар народнага героя Самп’ера, правобразу Атэла. У Аяча 15 жніўня ўшаноўваюць Напалеона.

У Аркашоне ладзяць марскі фэстываль: зранку — парад, па абедзе — рэгата, а ўвечары — баль і фаервэрк. У Сэрмано 25 жніўня зьбіраюцца вясковыя скрыпачы з усяго сьвету і ладзяць Сьвята кадрылі. Аматараў больш узьнёслых жанраў чакаюць у Мэнтоне, дзе ад 1 да 31 жніўня ў царкве Сан-Мішэль пройдзе Фэстываль камэрнай музыкі.

У Грасе вы патрапіце на самае духмянае францускае мерапрыемства — Сьвята язьміну.

Харватыя запрашае турыстаў наведаць востраў Црэс, а дакладней — 13-ы фэст клясычнай музыкі “Вечары Любеніцэ”, што працягнецца да 23 жніўня. Камэрную і духавую музыку можна будзе паслухаць і ў Заграбе. Там фэстываль працягнецца толькі да 6 жніўня.

Ад 10 ліпеня да 28 жніўня ў горадзе Парэч ладзіцца сэрыя канцэртаў джазавай музыкі. А прыхільнікам опэры, драмы і харвацкага фальклёру варта паехаць на востраў Крк, з 12 ліпеня да 21 жніўня цалкам ахоплены 46-м летнім фэстывалем мастацтваў.

А ў Матаване між 30 ліпеня і 1 жніўня ўначы на любой плошчы гораду можна будзе спакойна паглядзець фільмы 4-га Матаванскага кінафэстывалю. Арганізатары абяцаюць паказаць больш за 80 фільмаў з 20 краінаў сьвету. А ў Задары 1 жніўня адкрыецца знакамітая фотавыстава “Чалавек і мора”, якая ладзіцца тут з 1958 г.

Ад 17 да 31 жніўня, прыехаўшы ў горад Шыбенік, можна трапіць на канцэрты арганнай музыкі, а з 25 да 7 верасьня ў гарадзкім лязарэце Дуброўніка адбудзецца самы шалёны фэстываль мастацтваў Харватыі. Ён так і завецца — “Палата №6”. Яго ўдзельнікамі будуць прадстаўнікі самых нетрадыцыйных кірункаў усіх відаў мастацтва.

3 жніўня Чэхія запрашае на раку Атава (у раёне гораду Стары Кестржаны) усіх шукальнікаў скарбаў. Іншых аматараў даўніны 3—4 жніўня чакаюць на ўрачыстасьцях у Страконіцкім замку. Ад 5 да 23-га ў Пльзене пройдзе фэстываль “Джаз, струны і вулічны тэатар”, а 10—11 ў Гумпальцы адбудзецца вялікая дэгустацыя піва, якая так і завецца — Піўное сьвята. Тады сама ў горадзе Новэ-Места пачнуцца ўрачыстасьці, прысьвечаныя 500-годзьдзю. Сьвята працягнецца да 9 верасьня.

16—18 жніўня ў Полічцы пройдзе фэстываль “Polička-555”, на якім можна будзе паслухаць рок і джаз, паглядзець опэру і фаервэрк, а таксама пазнаёміцца зь мясцовымі рамёствамі.

24—25 жніўня ў Візовіцах адбудзецца сьвята “Збор сьліў”. Тут усе ахвотныя могуць паспаборнічаць — хто болей зьесьць сьлівавых кнэдлікаў і вып’е сьлівавіцы. Заадно можна будзе пакатацца на старадаўніх цягніках.

А Беларусь чакае аматараў сафары. Пра адзін з магчымых маршрутаў — на суседняй старонцы.

С. П.; “Gazeta.ru”


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0