юбілей Янкі Купалы

Купала і Ўласаў

 

Зь якой жа пары Янка Купала пачаў знацца з Аляксандрам Уласавым? А, мусіць, акурат з часу заснаваньня “Нашай Нівы”. Спачатку завочна, праз творы, дасыланыя Купалам у газэту, празь ліставаньне з “Нашай Нівай”. А пасьля былі і асабістыя сустрэчы, і супольная праца: у Вільні, Менску, Радашкавічах.

Першы Купалаў верш у “Нашай Ніве” быў надрукаваны 11 траўня 1907 г. — на першай старонцы, адразу пад назвай газэты. А зь верасьня 1908 г. Янку Купалу мы бачым ужо ў Вільні: працуе бібліятэкарам у прыватнай бібліятэцы “Веды” і адначасова супрацоўнічае з “Нашаю Ніваю”. От з гэтага часу Янка Купала пачаў блізка ведаць А.Уласава, амаль штодня сустракацца зь ім.

Хоць яны былі людзі вельмі розныя: Купала — увесь у сонцы, малады рамантык, Уласаў — марудны, але напорысты, як вол, зямны прагматык. Але абодва аднолькава разумелі, за якую працу ўзяліся. І гэта іх яднала, рабіла аднадумцамі, паплечнікамі, пабрацімцамі. Янка Купала разам з Уласавым шчыраваў у “Нашай Ніве” да кастрычніка—лістапада 1910 г. Гэтай парою Купала пакідае “Нашу Ніву” і з парады Б.Даніловіча едзе ў маёнтак Беніца Наваградзкага павету, але праз пару месяцаў вяртаецца ў Вільню. Адчувае, што на працу ў газэце не стае ведаў і практыкі, — едзе ў Пецярбург папоўніць сваю адукацыю. Але й там з “Нашай Нівай” сувязі не парывае, дасылае свае вершы, нататкі, допісы. Уласаў таксама клапоціцца пра Купалаў талент, высока ацэньвае ягоны верш “А хто там ідзе?” — выдае нават асобным буклетам з нотамі. І ўвесь наступны час імя Янкі Купалы, ягоныя творы заўсёды жаданыя на старонках “Нашай Нівы”.

Усе яны былі прачытаныя і падпісаныя да друку Ўласавым.

…1913 год. Уласаў і Янка Купала сустракаюцца ў Радашкавічах на пастаноўцы “Паўлінкі”. Пасьля спэктаклю акторы і ўсе знаныя госьці накіраваліся ў Мігаўку да Ўласава. Але, паводле словаў Купалавай пляменьніцы Ядвігі Раманоўскай, Купала зь сястрой Леакадзіяй у Мігаўку не пайшоў: адразу наняў гарцука і паехаў у Няшату — да бабулі Касі. “Такая была ў іх дамова, — лічыць Ядвіга Раманоўская. — Дый Купалу не хацелася заставацца ў Радашкавічах… Шмат хто з гледачоў пазнаў сябе ў “Паўлінцы”. То Купалу не хацелася лішніх размоў, спрэчак. Аляксандар Уласаў ды ўся артыстычная публіка няхоцькі адпусьцілі Купалу. Дужа шкадавалі, што яго ня будзе разам зь імі на бяседзе ў Мігаўцы.

У верасьні 1913 г. Янка Купала зноў вяртаецца ў Вільню, працуе сакратаром у “Беларускім выдавецкім таварыстве”. У ягонага колішняга патрона высьпявае думка зьбеларусіць Менск. І ў сакавіку 1914 г. Аляксандар Уласаў перадаў сваё рэдактарства Янку Купалу, а сам пераехаў у Менск і пачаў тут ладзіць беларускае жыцьцё. Пра гэта колісь сам Уласаў згадваў: “Я любіў Менск больш за Вільню. З Крашчэнскай альбо Захараўскай быў відаць агромны кругазор зь сінеючымі ўдалі брамамі-лясамі — гэта таямнічая і сьпячая Беларусь.

Кампанія нашаніўцаў усё думала аб беларускай акупацыі Менску. Афіцыйнае рэдактарства “Нашай Нівы” я перадаў Я.Купалу. Той, скончыўшы вячэрнія курсы сярэдняй школы ў Пецярбургу пад апекай дабрэйшай душы беларуса Эпімаха-Шыпілы, настолькі ўжо адшліфаваўся, што мы яго зь “дзядзькоў” падвысілі ў рэдакцыйныя “палкоўнікі”.

Але пачалася першая імпэрыялістычная вайна. Над “Нашаю Ніваю” навісла пагроза закрыцьця. Усе спробы выратаваць газэту былі безвыніковыя. Душыла цэнзура, газэта пачала выходзіць зь белымі плямамі. Не ставала і сродкаў.

Гэта была сумная падзея для Беларусі, для Ўласава, Янкі Купалы і ўсіх нашаніўцаў. Але што-кольвек зьмяніць было немагчыма. У 1916 г. Янку Купалу мабілізавалі ў царскае войска. Да гэтага часу ў яго зьбіраецца досыць ладная бібліятэка. На час службы Купала даручае апекавацца ягоным кнігазборам Аляксандру Ўласаву. Але, як відаць з Купалавага ліста да Лява Клейнбэрга ад 21 верасьня 1928 г. (т.7, с.428), паэта расчараваўся ў сваім апекуне, бо, вярнуўшыся ў Менск, поўнага камплекту сваёй бібліятэкі не знайшоў. Вінаватым у тым, што кнігазбор расьцерушылі, Купала называе Ўласава: “Частку гэтых матэрыялаў я знайшоў у вельмі безуважлівага чалавека ў Менску — ва Ўласава (вядомы белар/ускі/ дзяяч)”.

1920 год Янка Купала і Ўласаў спаткалі ў Менску. Пра гэта нагадвае тагачасны гуртавы здымак. На ім цэлае суквецьце беларускіх талентаў: Францішак Аляхновіч, Зьмітрок Бядуля, Алесь Гарун, Янка Купала, Альбэрт Паўловіч, Міхась Чарот, Уладзіслаў Галубок, Язэп Фарботка і, вядома, Уласаў, іхны духоўны настаўнік — спаважны, годны. Сядзіць зь якімсь тонкім стэкам. На гэты стэк ён вальяжна паклаў свае рэдактарскія рукі. У левай — картуз ці кепка. Усе гэтыя дэталькі даносяць да нас імідж Уласава. Справа ад яго праз Алеся Гаруна — Янка Купала.

У канцы 1920 г. Аляксандар Уласаў пакідае Менск, асталёўваецца ў Мігаўцы. Здымак той рабіўся ў часе апошняе пабыўкі Ўласава ў Менску, апошняе стрэчы з Купалам.

У 1921 г. іх разьдзеліць мяжа. Мігаўка апынецца за Польшчаю, а Менск — за Саветамі. Але і з-за мяжы Ўласаў будзе пільна цікавіцца, як жывецца і шчыруецца ўладару беларускае песьні. У 1925 г. Янку Купалу, які сьвяткаваў дваццатыя ўгодкі літаратурнае працы, было нададзенае званьне народнага паэта Беларусі. Павіншавалі яго тэлеграмай і сябры Беларускага пасольскага клюбу пры польскім Сойме. Сярод тых, хто падпісаў віншаваньне, быў Аляксандар Уласаў.

Уладзімер Содаль


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0