Пара закругляцца

У Беларусі жніво — псыхоз. Сенакос, пасяўная — зноў псыхоз. Стыхійнае бедзтва. Нават за Машэравым такога не было.

Урад штогод ператварае збор зямных пладоў у міні-грамадзянскую вайну. Калі глядзіш на гэтую “зводку Савінфармбюро” — мапу Беларусі з вынікамі жніва па раёнах, уражвае розьніца між паказчыкамі перадавікоў і адзаднікаў. Сярэдняя ўраджайнасьць збожжа з гектара складае 56 цэнтнэраў у каталіцкім Гарадзенскім раёне, 51 у праваслаўным Бераставіцкім, 44 — у Карэліцкім, 45 — у Нясьвіскім. Лічы, як у Нямеччыне. Зь іншага боку, у “дзівосна ўраджайны год” у Лагойскім, Лоеўскім, Хоцімскім раёнах — усяго 18 ц/га. У сярэднім па краіне 27 цэнтнэраў на круг.

Як бы ні высільваліся калгасьнікі ці фэрмэры, Беларусь ня будзе мець высокапрадукцыйнага земляробства на сваіх малаўрадлівых глебах. Калі не лічыць Случчыны, Гарадзеншчыны, Аршаншчыны, Наваградчыны ды яшчэ пары такіх лапікаў, вышэй галавы на нашых пясочках ня скочыш. Асабліва зь сёньняшнімі інвэстыцыямі. Дый пры канцы савецкае эпохі, калі ў беларускае масла і бульбу бухалі мільярды нафтадаляраў, ураджаі не перавышалі сёлетніх. А тых мільярдаў мы ніколі больш не пабачым, нават калі падпішамся ў чорнае рабства да “старэйшых братоў”.

У мінулыя стагодзьдзі неўрадлівасьць рабіла Беларусь тым, чым зрабіла, — беднай стараной, якой цяжка было змагацца з багацейшымі суседзямі. Гэта з-за яе, з-за беднасьці нашае глебы, мы трапілі пад абцас Польшчы, а пасьля ў царскае ярмо. Але гэта з-за яе ж мы сталі самым руплівым народам ўсёй Эўропы. На сваёй балаціне ўмелі жыць багацей за суседзяў.

Цяпер сельская гаспадарка забясьпечвае лічаныя працэнты ад нацыянальнага прадукту. З часам яна будзе значыць проці прамысловасьці і сфэры паслугаў яшчэ менш. Плюс Чарнобыль. Дакладней — мінус Чарнобыль.

Сельскагаспадарчы псыхоз ня мае пад сабой эканамічнага абгрунтаваньня. Гэта палітычны выбар. З эксплюатацыі пакорлівае вёскі сацыяльна актыўным горадам жыве любы аўтарытарны рэжым. Плаціць тры грошы, а пасьля клапоціцца тэлеэкранава.

Лукашысты палохаюць сацыяльным выбухам, калі тысячы вяскоўцаў застануцца бяз працы і кінуцца ў гарады. Ківаюць на прыклады біданвіляў. Маўляў, лепш кансэрваваць сытуацыю. Зь іншага боку, нацыянал-кансэрватары бачаць у вёсцы, яе ладзе і звычаях вяршыню нацыянальнага духу, узор нацыянальнага парадку.

А людзі ня хочуць працаваць за ламаны шэлег у той вёсцы, у тым пекле. Вось лічбы: найменшы конкурс у ВНУ — 0,4 чалавека на месца — сёлета зарэгістраваны ва Ўнівэрсытэце спажыўкаапэрацыі на бухулік і аўдыт у аграпрамысловым комплексе.

Калі інвэставаць мізэрныя дзяржаўныя рэсурсы не ў замазваньне (дакладней, заліваньне) вачэй калгасным нявольнікам, а ў стварэньне новых працоўных месцаў у прамысловасьці, калі пакінуць вёску ў спакоі, яна дасьць сабе рады. Аднак гэта зноў жа — пытаньне палітычнае волі. Гэта пытаньне зьмены курсу, пытаньне “рэформы” — слова, якое ў беларусаў па-ранейшаму асацыюецца выключна з абразаньнем нулёў на банкаўскіх білетах.

Як няма ў краіне рэсурсу для разьвіцьця сельскай гаспадаркі, дык няма чаго й мучыць людзей і “галоўны верталёт краіны” гэтымі калгасамі ды ўборачнымі.

Барыс Тумар


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0