Навіны

на тыдні

падзеньне тыдня

Ярмошын

Былы прэм’ер-міністар Беларусі Ўладзімер Ярмошын узначаліў беларускае аддзяленьне апэратара сотавае сувязі “МТС”.

рэкорды тыдня

Конкурсы ў ВНУ

Сёлета ў ВНУ Беларусі было пададзена 85847 заяваў. Сярэдні конкурс склаў 3,5 чалавека на месца. Найвышэйшы конкурс — 6,3 чалавека на месца — у Акадэміі кіраваньня. За ёю ідзе Гомельская вышэйшая камандна-інжынэрная вучэльня МНС — 6 чалавек на месца. Рэзка вырасла папулярнасьць і іншае ВНУ пажарнікаў — Камандна-інжынэрнага інстытуту МНС (5,8). На 4-м месцы — Унівэрсытэт інфарматыкі й радыёэлектронікі (5,4). Самая папулярная спэцыяльнасьць — “праграмнае забесьпячэньне інфармацыйных тэхналёгій” у Палітэхніцы — 26 чалавек на месца. Далей спэцыяльнасьць “маркетынг” у былым РТІ (19,2). На спэцыяльнасьці “паліграфічнае абсталяваньне і сыстэмы апрацоўкі інфармацыі” у БНТУ і “ангельская ды беларуская мовы й літаратура” ў Беларускі пэдунівэрсытэт — 9,5 абітурыента на месца.

лічба тыдня

Прыбытак ад “Нафтану”

40% паступленьняў у кансалідаваны бюджэт Віцебшчыны трапляюць з нафтахімічнага Наваполацку. Перадусім іх дае “Нафтан” — 33% ад агульных паступленьняў вобласьці.

бізнэс тыдня

Два новыя банкі

У краіне створаныя два новыя банкі, і абодва з замежным капіталам. “Лорабанк” — з амэрыканска-латвійскім — будзе месьціцца ў свабоднай эканамічнай зоне “Менск”. “Астанаэксымбанк” — з казахскім капіталам.

разьвітаньне тыдня

“Тэлепузікі”

Дзіцячая праграма “Тэлепузікі” спыніць сваё існаваньне. 365 сэрыяў зьнятыя, болей ня будзе. Кавалак зямлі плошчаю 6 акраў на радзіме Шэксьпіра, на якім вяліся здымкі, прададуць сялянам.

Паводле Белапан, Gazeta.ru

гаспадарка

ПЭНСІІ будуць індэксавацца разам з падвышэньнем па краіне сярэдніх заробкаў на 15%. Раней пераразьлік адбываўся, калі заробкі вырасталі на 10%.

ПРАЖЫЦЬЦЁВЫ МІНІМУМ складае 132,6 тыс. рублёў у месяц. Сярэдні заробак па краіне сёньня 202,8 тысячы.

Дапушчальны ЧАС СПАЗЬНЕНЬНЯ пасажырскіх аўтобусаў вызначыла Міністэрства транспарту. Для гарадзкіх і прыгарадных гэта 5 хвілінаў, для міжгародніх — 10 хвілінаў.

ІЛЬГОТЫ СЯМЕЙНІКАМ запрапанавала “Белавія”. Калі сям’я купляе квіткі на рэйс да Санкт-Пецярбургу, адзін чалавек плаціць за квіток поўную суму, а астатнія — са зьніжкай на 15%.

ПАДАРАЖЭЛІ на 2,6% камунальныя паслугі — гарачая і халодная вада, ацяпленьне, каналізацыя і тэхнічнае абслугоўваньне кватэраў.

ГРАМАДЗКІ ТРАНСПАРТ у Менску падаражэў на 25%. Цяпер аднаразовы квіток каштуе 150 руб., месячны праязны на 1 від транспарту — 6750, на 2 віды — 9000 і на 3 віды — 10500 рублёў.

БЕЛАРУСЫ ВЫДАТКОЎВАЮЦЬ 70% сваёй валюты на імпартовае адзеньне і харчаваньне, цьвердзіць кіраўнік Нацбанку Пятро Пракаповіч. З пачатку году грамадзяне краіны купілі ў абменьніках на 270 млн. даляраў болей, чым прадалі.

СТУДЭНЦКІЯ ІНТЭРНАТЫ падаражэлі ўдвая. Цяпер, у залежнасьці ад камфортнасьці пакою, плаціць давядзецца ад 2,4 да 5 тыс. рублёў у месяц.

СВАБОДНЫМІ ЗРОБЯЦЦА цэны на малако. Праўда, пакуль малаказаводам дазволілі прадаваць сваю прадукцыю з улікам рэальнага сабекошту толькі да 1 кастрычніка.

С.І.

Плян маштабнае прыватызацыі

24 ліпеня ўрад пастанавіў прыватызаваць да 1 лістапада 188 прадпрыемстваў па ўсёй краіне, на якіх працуюць 70 тыс. чалавек. Людзі, якія раней былі простымі рабочымі, мусяць зрабіцца суўладальнікамі прадпрыемстваў.

У адкрытыя акцыянэрныя таварыствы мусяць ператварыцца такія гіганты, як вытворчае аб’яднаньне “Гарызонт” (за 5 тыс. супрацоўнікаў), полацкае “Шкловалакно” (4683 чал.), Магілёўскі завод транспартнага машынабудаваньня “Магілёўтрансмаш” (3046 чал.), Гомельскі хімічны завод (2827 чал.) ды Берасьцейскі электралямпавы завод (2576 працаўнікоў). Будуць акцыянаваныя таксама Менскі паліграфкабінат імя Якуба Коласа (1070 чал.) ды Гарадзенскі шклозавод (855 чал.). Дзяржава “аддае” й фактычна ўсю птушкагадоўлю, у тым ліку Смалявіцкую бройлерную птушкафабрыку (1233 чал.) ды 1-ю менскую птушкафабрыку (855 чал.), а таксама галіну зоавэтэрынарнага забесьпячэньня. Самыя маленькія прадпрыемствы ў сьпісе — менскія “Беломабуд” ды “Эрганоміка” — там усяго па 9 супрацоўнікаў.

Алесь Кудрыцкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0