лісты ў рэдакцыю

Фрэскі й дажынкі

Сяджу вось на беразе Палаты i спрабую распавесьцi пра сёе-тое з Полацку для чытачоў “НН”.

Перада мной на ўзвышшы – купалы ды крыжы Спаса-Эўфрасiньнеўскага манастыра. Сярод яго храмаў – невялiкая белая царква простай кубiчнай формы з галоўкай-цыбулiнкай зялёнага колеру. Побач – вялiзны бізантыйскі сабор. Але паводле значнасьцi галоўны храм тут – гэтая невялiчкая царква.

У тым месцы, дзе Палата зьлiваецца з Заходняй Дзьвiной, на высокай гары i ўзьнiк Полацак. Тут тысячу гадоў таму жыла дзяўчынка, пляменьнiца полацкага князя Барыса. У 12 гадоў яна таемна сышла з дому, прыняла манаскi пострыг i ўзяла сабе новае iмя – Эўфрасiньня. Менавiта яна каля 1128 г. заснавала жаночы манастыр на беразе Палаты, а ў ім – мураваную царкву ў iмя Спаса.

У той самай Спаса-Праабражэнскай царкве я цяпер працую, дапамагаю даўняму сябру, мастаку-рэстаўратару Ўладзiмеру Ракiцкаму рэстаўраваць фрэскi XII ст.

Увесь храм ад падлогi да купалу калісь быў сьпісаны фрэскамi. Але ў XIX ст. яны былі замаляваныя алейным жывапiсам. I Ўладзімер Ракiцкi ўжо гадоў зь дзесяць сантымэтар за сантымэтрам адкрывае нябачныя раней фрэскi невядомага мастака XII ст. Тэхналёгiя рэстаўрацыі складаная, яна патрабуе шмат цярпеньня i часу. Поўнасьцю ўжо адкрытыя фрэскi ў кельлi, дзе малiлася Эўфрасiньня, i ў верхняй частцы барабану з купалам.

…Сучасны ж Полацак акупавалi экскаватары, пад’ёмныя краны i самазвалы. Чуецца стралянiна адбойных малаткоў. Усюды горы патрушчанага асфальту i вырваныя зь зямлi бардзюрныя камянi. Дарожнікі раскiдваюць прывезены жоўты пясок i разгружаюць новыя бардзюры i стосы плiткi на ходнікі. Тынкоўцы на вышынi, у люльках, замазваюць шчылiны на фасадах дамоў i змываюць старую фарбу вадой са шлянгаў, якая падаецца пад цiскам кампрэсарамi, што стаяць унiзе i чхаюць, нібы прастыўшы.

…Учора Валодзя зрабiў адкрыцьцё – знайшоў уверсе, пад барабанам, на 15-мэтровай вышынi, галасьнiк у сьцяне. Гэта глiняная грэцкая амфара дыямэтрам каля 40 см. Яна служыць рэзанатарам – паляпшае акустыку ў храме, узмацняе гукі малiтвы.

…А неяк ля манастыра было шмат iншамарак з сырэнамi. Гэта зь Менску прыяжджаў прэм’ер-мiнiстар Навiцкi. У часе службы вакол царквы стаялі 5–6 здаравякоў у цывiльным. Усе каротка пастрыжаныя, з сотавымi тэлефонамi. Пільна аглядаліся навокал. Ахова…

Пасьля службы прэм’ер з часткай почту падняўся на хоры, агледзеў, што зроблена рэстаўратарамi, распытаў пра справы, паабяцаў дапамагчы грашыма. Напэўна, фiнансы знойдуць… зь бюджэту “Дажынак”.

Атрымліваецца, каб не было жыта – не было б “Дажынак”, не было б і бюджэту на iх правядзеньне i… Полацак застаўся б са старымi тратуарамi i аблупленымi дамамi?! Нічога ня скажаш – “хлеб усяму галава”…

Заўтра зноў будзе праца ў царкве, на рыштаваньнях. Можа, i я зраблю адкрыцьцё i, расчышчаючы фрэску, адкрыю твар апостала цi крыло анёла?

А Палата цячэ, як рака Часу… Яна так будзе цячы i пасьля мяне. I нехта там, у будучынi, сядзе на яе беразе i напiша лiст сваiм сябрам… I навiны ў яго будуць зусiм iншыя.

В.Рамейка-Залескі, Полацак

Зрабі цішэй!

Апошнім часам людзі зрабіліся нібыта слабыя на вушы. Калі ў Сярэднявеччы ў пашане былі сьпевы ва ўнісон ці квінту, у эпоху клясыцызму папулярнасьць набывае аркестар, які цяпер мы называем “камэрным”, пазьней ягонае месца заступае вялікі сымфанічны аркестар, які ўсё ўзмацняецца й узмацняецца – падвойны, патройны склад... У свой час зьяўленьне фартэпіяна ўспрымалася адмоўна, раяль здаваўся занадта грубым у параўнаньні з “і так” даволі гучным клявэсынам.

Асабліва гэтая тэндэнцыя сталася заўважная ў ХХ ст. Мова не пра акадэмічную музыку, а пра паступовае выраджэньне таго, што мы завём “папсой”. Зайдзеце на любую дыскатэку. “Цудоўны гук” – гэткім азначэньнем звычайна завецца бэханьне басоў, празь якое амаль не чуваць мэлёдыі. Калі гэты “гук” успрымаецца фізычна, цела пачынае вібраваць у такт першабытным афрыканскім рытмам. Тэкст паступова перастае мець хоць нейкі сэнс, галоўнае тут – рытмічнасьць, замбаваньне й гучнасьць. Гучней, яшчэ гучней – нічога ж не чуваць! Басовішча, гура! Разьнесьці ўсё на кавалкі, заліць пульт півам! Жыве беларуская культура!

Новая мода выйшла на вуліцы. Калі параўнаўча нядаўна незразумелы дзікі шум даносіўся да цябе толькі з слухавак суседа па вагоне мэтро, а ягоныя бяздумныя вочы й разяўлены рот выдавалі хіба на адсутнасьць чалавека ў прасторы, дык цяпер зусім іншая рэч. Усё часьцей якая-небудзь купка гультаяватых маладзёнаў бярэ з сабой магнітафон – і тады ўжо цэлы трамвай ператвараецца ў імправізаваную дыскатэку. Хлопец з голенай галавой набывае “тачку” й абавязкова падкатвае пад вокны шматпавярховіка з чарговымі “Рукі ўверх” або “Ляпісамі” на поўную катушку. Вядома, весела. Так выяўляецца ня толькі няўрымсьлівы напор энэргіі, але й адсутнасьць густу. Вось і маем потым “Славянскія базары” і “Басовішчы” за галоўныя падзеі году.

Віталь Стахіевіч, Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0