Не без Крамля ў галаве

“Наша свабода” стала ахвяраю разборак
між Расеяй і лукашэнкаўцамі

Пад шыльдаю “Нашай свабоды” апошнім часам фактычна выходзілі два выданьні. У пятніцы — пераважна беларускамоўная “Наша свабода”. У аўторкі — цалкам расейскі выпуск “Политика”, адзін з артыкулаў якога і зрабіўся падставаю для судовага працэсу. У ім цытавалася нібыта існуючая аналітычная запіска расейскіх спэцслужбаў, падрыхтаваная ў рамках пляну Масквы па адхіленьні А.Лукашэнкі ад улады. У прыватнасьці, там ішла гаворка пра “слабыя месцы” ў лукашэнкаўскім атачэньні. Сярод іншага, гаварылася пра інтрыгі “Анатолія Афанасьевіча Тозіка” супраць Віктара Шэймана. Кіраўнік Камітэту дзяржаўнага кантролю Анатоль Тозік пакрыўдзіўся. Аўтарам матэрыялу быў рэдактар “Политики” Міхаіл Падаляк.

Матэрыялы “Политики”, масквацэнтрычныя па сваім духу, грунтаваліся на зьвестках, атрыманых з канфідэнцыйных крыніц. Газэта некрытычна публікавала ўсё, што “зьлівалі” ёй нейкія спэцслужбы. Прынамсі, такое ўражаньне стваралі яе разлогія артыкулы. Гэта было своеасаблівае “крэмлязнаўства” — матэрыялы, якія аналізуюць настолькі тонкія матэрыі, што іх немагчыма ні пацьвердзіць, ні абвергнуць дакумэнтальна. У адсутнасьць “крамля” ў нашай краіне, беларускія крэмлязнаўцы засяродзіліся на адносінах у вузкім коле асобаў, набліжаных да А.Лукашэнкі. Артыкул “Канфідэнцыйна” называў А.Тозіка трэцім па ўплывовасьці чалавекам у атачэньні кіраўніка дзяржавы пасьля В.Шэймана і У.Латыпава.

Падалякава “Политика” не была прыхільнаю да беларускага і не абапіралася ні на якую палітычную сілу. А пятнічная “Наша свабода” захоўвала нацыянал-дэмакратычнае аблічча, што засталося ёй у спадчыну ад легендарнай папярэдніцы. І нават лягатып яе пасьля зьмены дызайну нагадваў колішні “свабодаўскі”.

Калі ў пятніцу суд па пазове Тозіка скончыцца тым, чым скончыўся ў свой час працэс Шэймана супраць “Навінаў”, ні “Политики” ня стане, ні “НС”. Зьнікне яшчэ адно зь нешматлікіх беларускамоўных выданьняў. “Гарант канстытуцыі” верне сабе пачэсны пасад у сусьветным сьпісе ворагаў прэсы. Паўла Жука занясуць у кнігу Гінэса як выдаўца, чые газэты зачыняюць найчасьцей.

Гнеў выклікала публікацыя, якая датычыла беларуска-расейскіх адносінаў. Журналіст абяцае прадставіць вытрымкі з “аналітычнай запіскі” ў судзе, аднак хто дакажа іх сапраўднасьць? Дакажа, што Масква сапраўды распрацавала плян скіданьня беларускага рэжыму?

Назіральнікі разыходзяцца ў ацэнках суду над “Нашай свабодай”. Яго можна расцаніць як папярэджаньне прарасейскай партыі, што гуртуецца ў нетрах беларускіх спэцслужбаў. Але ён можа быць і звычайнай помстай. На рахунку П.Жука, галоўнага рэдактара “Нашай свабоды”, публікацыя пра “мазаічную псыхапатыю”. Калі судзіць наўпрост за гэта, быў бы скандал. Знайшлася нагода — правакацыйны матэрыял М.Падаляка. Указаньне А.Лукашэнкі разабрацца з “жоўтай прэсай” прагучала ў часе сэлектарнай нарады адкрыта.

Расейскі чыньнік застаецца для Лукашэнкі найважнейшым. Раздражнёная рэакцыя на любыя інсынуацыі на тэму расейска-беларускіх адносінаў выкліканая тым, што беларускі рэжым па-ранейшаму крытычна залежыць ад падтрымкі з Крамля. А Масква, як адзначаецца ў той самай “аналітычнай запісцы”, цяпер ужо зыходзіць з таго, што “Лукашэнка тармозіць разьвіцьцё эканамічнага супрацоўніцтва дзьвюх краінаў, што істотна адбіваецца на даходнасьці расейскіх транзытных праектаў, арыентаваных на беларускі кірунак”.

А.Лукашэнка неаднаразова патрабаваў ад сваіх падначаленых “прарыву” ў беларуска-расейскіх адносінаў, неадкладнага іх паляпшэньня. Чарговая гістэрыка ў дачыненьнях з прэсай прыкрывае іх няздольнасьць дабіцца гэтага.

Мікола Бугай


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0