Профіль гімназіі

Менская школа №23 (пр.Скарыны, 45, насупраць крамы “Лянок”) атрымала статус беларускае гімназіі. Сёлета там набіраюць 4-ю і 5-ю гімназічныя клясы (налета — толькі чацьвертую). Заявы на паступленьне можна падаваць аж да 19 жніўня — у гэты дзень адбудзецца першы ўступны іспыт.

Нават калі бацькі з заявай і дзіцем прыйдуць зранку 19 жніўня, настаўнікі дадуць ім магчымасьць удзельнічаць у конкурсе. Іспытаў будзе тры — матэматыка, беларуская і расейская мовы. Дадатковую інфармацыю пра ўмовы набору можна атрымаць праз тэл. 284-47-62.

Дагэтуль невядома дакладна, які профіль нададуць гімназіі — гуманітарны, фізыка-матэматычны, прыродазнаўчы. Кіраўніцтва гімназіі стаяла за матэматычны ўхіл. Але гарадзкі аддзел адукацыі лічыць гэта немэтазгодным, бо ў гімназіі зь 1 верасьня ператворацца яшчэ дзьве школы, дзе паглыблена вывучаюць матэматыку. Праўда, гімназіі тыя будуць расейскамоўныя. Ці ня будзе нам гадоў праз дваццаць, як і сёньня, бракаваць нацыянальнай тэхнічнай інтэлігенцыі?

Жаданьне кіраўніцтва гімназіі падтрымлівае і нацыянальная інтэлігенцыя. “Сёньня дзеці цягнуцца да кампутараў, да тэхнікі. А з 11 цалкам ці часткова беларускамоўных школаў Менску няма ніводнай фізыка-матэматычнага профілю”, — кажа сябра Бацькоўскага камітэту пры ТБМ Валеры Палсьцюк.

Кандыдат фізыка-матэматычных навук, дактарант БДТУ Ігар Міклашэвіч таксама лічыць, што беларуская гімназія фізыка-матэматычнага профілю — неабходная: “Фізыка працуе на будучыню. Лінгвістычна-гуманітарная сфэра — на перагляд ранейшых набыткаў. Тым больш што ёсьць шмат фізыкаў высокага профілю, гатовых прыйсьці ў такую ўстанову, каб выкладаць свой прадмет на добрай беларускай мове”.

Адам Воршыч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0