Архіў Кармілкіна

Уладзімер Кармілкін, якога грамадзтва нядаўна праводзіла ў апошні шлях, быў ня толькі “фронтаўскім фатографам”, што здымае мітынгі й культурныя імпрэзы. Ягоны архіў — сапраўдны летапіс нашага жыцьця, усяго, што закранала нас.

Дачка У.Кармілкіна Міліта кажа: “Я нават не падазравала, што ў адной кватэры можна сабраць столькі матэрыялаў — горы і горы! Вельмі шмат газэтаў — ад вельмі старых да нядаўніх. Відэакасэтаў — каля дзьвюх сотняў. Тата запісваў усё, і ня толькі тое, што тычылася Беларусі. У яго захаваліся відэазапісы, прысьвечаныя і падлодцы “Курск”, і тэрактам у Амэрыцы 11 верасьня. Там ёсьць проста ўнікальныя запісы: адзін і той самы чалавек гаворыць адно, а празь месяц — зусім процілеглае”.

Фармальна архіў Уладзімера Кармілкіна належыць Беларускаму Народнаму Фронту: ён і ствараўся як архіў БНФ, а Ўладзімер быў ягоным захавальнікам. Актывіст БНФ Уладзімер Кішкурна — адзін з тых, хто дапамагае Міліце разабрацца з бацькавымі скарбамі: “Мы вывезьлі пакуль частку архіву — яна зьмясьцілася на трох легкавых машынах”.

Самая каштоўная частка спадчыны Ўладзімера Кармілкіна — ягоныя фатаздымкі. Найбольшую вартасьць гэты фотаархіў будзе мець, калі застанецца цэлым, не расьцярушыцца па прыватных калекцыях. Хто здатны зьберагчы яго як адзінае цэлае? Міліта кажа, што пасьля сьмерці бацькі да яе зьвярталіся супрацоўнікі Дзяржаўнага архіву кіна- і фотадакумэнтаў, што месьціцца ў Койданаве, — прасілі перадаць архіў ім. Аднак сама дачка Кармілкіна аддала перавагу Архіву найноўшае гісторыі. “Я вырашыла перадаць усё ў адны рукі, — кажа Міліта. — Праўда, там ёсьць некаторыя тэчкі, на якіх напісана, каму канкрэтна яны адрасаваныя — напрыклад, “Адамовічу”. Я папрасіла супрацоўнікаў Архіву перадаць такія тэчкі гэтым людзям”.

Збор У.Кармілкіна ўвойдзе ў Архіў найноўшай гісторыі асобным фондам. Цяпер супрацоўнікі Архіву парадкуюць незьлічоны скарб, перададзены ім. Дырэктарка Фонду Ларыса Андросік кажа, што на адзін толькі разбор і апісаньне архіву Ўладзімера Кармілкіна пойдзе некалькі тыдняў, а мо і месяцаў.

Аркадзь Шанскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0